Вы тут

Не бойцеся жартаваць... перад УГД


Знаёмцеся: у адной з самых любімых рубрык «Сямейнай газеты» — новы аўтар. Гэтым разам шматдзетны. Павел Холад жыве разам з жонкай, сынам, дочкамі ды кошкай Шэры ў Мінску. Працуе ў беларускім офісе Міжнароднай арганізацыі па міграцыі. Калі выпадае вольны час, ахвотна займаецца баявымі адзінаборствамі і гуляе ў футбол.

Галоўнае багацце Паўла — дзеці. Іх у яго ажно пяцёра. Старэйшаму Арсеню — 15 гадоў, Марце — 13, двайняткам Веры ды Полі — па 7. Самай малодшай — Ксеніі — споўніўся годзік. Свае дасціпныя назіранні за малымі і іх арыгінальныя выказванні тата на працягу некалькіх гадоў запісваў у выглядзе фэйсбук-дзённіка (праўда, зусім нядаўна, ён выдаліў сваю старонку з сацсетак, маўляў, адымаюць шмат часу). Тым не менш гумарыстычныя і адначасова філасофскія нататкі Паўла Холада пад назвай «Запіскі шматдзетнага бацькі» ў трох тамах, пры жаданні, можна набыць у «Акадэмкнізе». Мы ж будзем друкаваць самыя цікавыя з іх (у тым ліку і новыя, бо Павел працягвае весці папяровы дзённік) на старонках газеты. Спадзяёмся, яны не толькі падымуць настрой нашым чытачам, але і натхняць іншых татаў ды мам занатоўваць перлы сваіх дзетак.


Памятаю, калі ішлі на першае УГД, жартам сказаў жонцы: «Хлопчык ужо быў, дзяўчынка таксама, цяпер не так цікава — будзе альбо тое, альбо другое». Але, відаць, дзесьці наверсе мой жарт ацанілі і ў сваю чаргу таксама вырашылі пажартаваць.

Таму, калі доктар спытала: «А вы ў курсе, што ў вас двойня?» — у мяне проста адняло мову. У той момант, скажу шчыра, было зусім не да смеху. Ці жарт, колькасць дзяцей павялічваецца ўдвая! Але цяпер рады, вядома.

Так што мая вам парада: не бойцеся жартаваць перад УГД, потым самі радыя будзеце.


Уся праўда пра жаночыя дыеты ад маіх двайнятак. Пасля вячэры Вера: «Поля, будзеш цукерку?» Поля абурана (макаючы блінчык у варэнне): «Ты што, не бачыш? Я худзею!» Вера пакрыўджана (засоўваючы ў рот арэх): «Наогул я таксама!»

Гэта была рубрыка «худзеем разам».


Едзем у машыне, старэйшыя дзеці планамерна спрабуюць давесці мяне да кіпення. Дзесяць хвілін мужна трываю, пасля чаго не вытрымліваю і шчыра папярэджваю:

— Вы зараз у адным кроку ад таго, каб пасадзіць мяне на каня. Потым наракайце на сябе.

Малодшыя здзіўлена:

— Тата, ты хочаш сесці на каня?!

— Не хачу, але хутка сяду.

— Ура! Мы едзем катацца на коніках!


Дэнамінацыя ўдарыла па кішэні: дзеці чамусьці вырашылі, што ўсе манеты, якія з'яўляюцца ў доме, аўтаматычна належаць ім, і мне не ўдалося пераканаць іх у адваротным. А манеткі гэтыя не такія танныя, а дзяцей як бы чацвёра (на той момант. — Рэд.).

Калі я паспрабаваў намякнуць, што больш манет не дам, яны пачалі мяне пераследаваць і сароміць: маўляў, тата, табе што, шкада манетак для любімых дачок? Ну як тут адмовіш? А хлусіць, што ў мяне іх няма, я не магу. Адзінае выйсце: прасіць у краме не даваць рэшту манетамі — інакш з торбамі пойдзем па свеце.


Збіраюся на трэніроўку (адпачынак у мяне, калі што). Старэйшая дачка:

— Акуратней, тата, не зламай там нос.

На ўсялякі выпадак удакладняю:

— Сабе ці іншым?

Падумала і кажа:

— Ну хоць бы сабе.

Правільна, пра іншых няхай іх дочкі дбаюць.

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.