Вы тут

У аповесці «Ген зямлі» разварочваецца неверагодны сюжэт


У аповесці Аліны Длатоўскай «Ген зямлі», якая пабачыла свет у выдавецтве «Кнігазбор», разварочваецца неверагодны сюжэт. У сусвеце Абрэспы, «дзе некалькі краін аб'ядналіся ў звышдзяржаву, пануе ідэалогія адзінай культуры» і арганізацыя «Сістэма Аховы Спадчыны» («С.О.Н.») «займаецца знішчэннем помнікаў самабытных культур, каб змяніць гісторыю». Апошняя фармулёўка нібы адсылае чытача да «1984» Дж. Оруэла, калі адзін за адным штампуюцца Огілві на любы густ, каб падтрымліваць патрэбныя настроі ў грамадстве. У творы Длатоўскай адбываецца практычна тое ж самае, толькі ціск скіраваны супраць беларускага і ўздзейнічае настолькі моцна, што «тыя, хто сутыкаецца са згубленай мовай сваёй краіны, пераходзяць на яе і становяцца носьбітамі звышздольнасцяў». Ёсць толькі адно «але»: матывы заняпаду беларускай мовы і культуры часта сустракаюцца ў мастацкай літаратуры. Таму пісьменніку неабходна знайсці арыгінальны падыход да гэтай тэмы, каб зрабіць яе цікавай для чытача.


Канфлікт «Гена зямлі» падзяляецца на тры складнікі: асноўны і самы вялікі «пласт» — супрацьстаянне «Лабірынта» (падпольнага аб'яднання людзей са звышздольнасцямі) і Сістэмы Аховы Спадчыны, у якім галоўная задача лабірынтаўцаў — выратаваць беларускую культуру. Другі — міжасобасныя канфлікты рознага кшталту, напрыклад удзельнікаў варожай Сістэме групы, праз каханне або непаразуменне, праз пытанні «ўлады»; ці галоўнага героя Данілы Арлова і Эдуарда Львовіча. Трэці — «унутраны», паколькі Даніла эвалюцыянуе на працягу аповесці і са звычайнага «пацука» вырастае да кіраўніка арганізацыі, якая змагаецца за сапраўдную спадчыну. Вобразы не толькі галоўнага героя, але і астатніх персанажаў створаны не схематычна, іх характары маюць свае хібы і станоўчыя рысы, гэта звычайныя маладыя людзі, да таго ж у кожнага з іх ёсць свая звышздольнасць з абмежаваннем: «Яр чуе (думкі. — Аўт.) толькі беларускамоўных, Лікіны прывіды прыходзяць, калі самі гэтага захочуць, Сцёпа бачыць наскрозь толькі аб'екты, збудаваныя чалавекам, Ніна мае абмежаваны аб'ём памяці — старыя ўспаміны раней ці пазней сціраюцца, саступаючы месца для новых». Сам Даніла можа «бачыць» мінулае рэчаў. Заўважна, што героям такія якасці даюцца не проста каб ускладніць твор, паколькі ўдзельнікі «Лабірынта» карыстаюцца імі далёка не адзін раз. Разам з тым бываюць і збоі, але ў тыя моманты, калі нехта з герояў пачынае сумнявацца ў сваёй прыналежнасці да Беларусі.

Акрамя асноўных герояў — Данілы Арлова, Алеся Савіцкага, Лікі Станкевіч, Ніны Пашкевіч і іншых, у ліку персанажаў з'яўляюцца беларускія гістарычныя і культурныя дзеячы. Так, чытач можа стаць сведкам своеасаблівага спірытычнага сеанса і пачуць размовы з Каліноўскім, Караткевічам ці ў іншым выпадку «падслухаць» гутарку, напрыклад Зана з Ваньковічам. Але і некаторыя з іх падштурхоўваюць сюжэт: так, спроба разгадаць загадку існавання другога тома «Каласоў пад сярпом тваім» дапамагае лабірынтаўцам у іх даследаваннях. Таксама чытач можа разам з героямі зазірнуць у таямніцу смерці Купалы з дапамогай парэнчаў, да якіх дакранаўся класік.

Перагортваць старонкі ў чаканні дзеянняў чытачу не прыйдзецца, аднак часам здаецца, што ўсё пераблытваецца, паколькі змешваюцца і розныя здарэнні, і недагаворанасці паміж персанажамі, і трэба дастаткова хутка арыентавацца ў тым, што адбываецца ў тэксце, каб не страціць сутнасць аповеду. За кошт выбранай жанравай формы аўтару ўдаецца дасягнуць эфекту нечаканасці, паколькі яна паступова павышае напружанасць амаль да апошняга радка без рызыкі занадта зацягнуць падзеі. Фінал у творы закрыты, і ў ім перамагае той, хто з першага погляду падаваўся нявартым, але змог адолець свае слабасці.

Мова аповесці на самым пачатку выглядала прывабна, абяцаючы цікавае ўжыванне вобразных сродкаў: «[Камяні] Каціліся, грукалі адзін аб адзін, заміралі. Нібы паміралі. ... У шэрыя нябёсы ўзнімаліся слупы пылу. Па возеры беглі буйныя хвалі. Білі бераг». Аднак пазней аказалася, што так быў аформлены толькі ўступны абзац. Адным з асноўных сродкаў далей сталі характэрныя параўнанні: «утаропіўся на Алеся вачамі колеру беларускай багны», «цела зрабілася мяккім і непаслухмяным, як забытае на сонцы масла», «змрочная сырая шэрань ляжала на вуліцы гідкім заліўным са школьнай сталоўкі», «двухпавярховыя домікі колеру пыльнай салодкай ваты». Апісанні персанажаў пададзены згодна з рэалістычнай традыцыяй: «блакітнавокая дзяўчына са светлай касой праз плячо», «пульхнаваты лысы мужчына год пяцідзесяці», «маленечкая, крохкая, светлавалосая» і іншае, але гэта ніякім чынам не замінае і кампенсуецца перыядычнай «незвычайнасцю» таго, што адбываецца.

У «Гене зямлі» аўтарка ўзнімае пытанні, звязаныя з існаваннем беларускай культуры, але робіць гэта без залішняга пафасу, які ў тэме «знікнення беларушчыны» з'яўляецца часта і выглядае вельмі танна. Праблема вырашаецца, і нарэшце вырашаецца аптымістычна, хоць і не без ахвяр. Пра гэта сведчаць і шматлікія перакліканні ў творы: хтосьці з герояў гаворыць фразамі з Караткевіча, нехта згадвае радкі з песень N.R.M., а нехта прарочыць, цытуючы вершы Кавалёнак-Глухоўскай, паказваючы такім чынам, што было мінулае, ёсць сучаснасць і недзе ўдалечыні — будучыня, паколькі «Ген зямлі» — не столькі таямнічая камбінацыя, колькі «любоў і гонар». І пакуль яны ёсць у людзей, «пошук чыну абараніць сябе ад вымірання» не спатрэбіцца.

Арына ГАРДЗЕЙ

Загаловак у газеце: «Спосаб абараніць сябе»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.