Вы тут

З рэдакцыйнай пошты


«Даруська, донька, ты адабрала роўненькую? Сярэднюю? Глядзі, я праверу», — так пытаўся ў сваёй меншай дачкі бацька, які дабіваў скрынку з фанеры. Гаворка ішла пра бульбу для пасылкі. Яна рыхтавалася для старэйшай Анюты, якая разам з аднакласніцамі пасля заканчэння дзесяцігодкі першай з дзяцей у сям'і паехала з дому — завербавалася «аж на Данбас».


Зды­мак но­сіць ілюст­ра­цый­ны ха­рак­тар.

Маці Дарынкі, гаворачы пра гэтую паездку, бедкалася суседкам: «Паехала мая донька ў белы свет, як у капейку. Нібы тая птушка з гнязда, паляцела з бацькоўскага дому ў вырай».

На двары быў 1960 год. Бацькі раз на месяц адпраўлялі сваёй старэйшай дачцэ бульбяныя пасылкі. Радзей перасылалі і іншыя: з сушанымі грыбамі, чарніцамі, садавіной, арэхамі-лузанцамі, уюнамі. Іх дарослыя разам з меншымі дзецьмі нарыхтоўвалі для ўсёй сям'і ўволю, бо пасёлак, у якім жылі, з усіх бакоў быў акружаны балотамі і лясамі, якія проста кішэлі прыроднымі дарамі. Хто не ленаваўся, у таго былі поўныя скрыні гэтага, прыродай дадзенага, дабра.

Але бульбяныя пасылкі былі галоўнымі, абавязковымі і на асобым бацькоўскім уліку.

Дарынка ў падполлі старанна адбірала бульбу для сястры. Спачатку адклала ўбок самыя вялікія клубні, думаючы, што з іх Анюта там далёка, куды заехала, надзярэ дранікаў (Маці ж заўсёды наказвала ёй на дзеруны набіраць буйную бульбу — яе лепш трымаць у руцэ і драць на тарцы.) Але прыйшлося тыя вялікія клубні назад высыпаць — для пасылкі патрэбны былі невялічкія, каб больш змясцілася. Сапучы, Дарынка зноў апусцілася ў падполле. Яна не разумела, як гэта можна ехаць «у капейку»? Яна ж такая маленькая! А ў вырай? Гэта ж птушкі ляцяць у той вырай, а як яе сястра паляцела, не маючы крылаў? І што гэта за мода такая з'язджаць ад бацькоў кудысьці, дзе няма нават бульбы? Чаго тады туды ехаць? А што есці? А колькі той бульбы ў маленькай скрынцы? На колькі яе хопіць? Ды тут на адзін зуб, як кажа яе старэйшы брат, калі да яго рук трапляе штосьці смачнае і патрэбна дзяліцца з іншымі. Праўда, тут жа і дзеліцца.

— Паперлася на край свету. Чаго, якой хваробы? — бубнячы сабе пад нос, як гэта рабіла старэнькая Дарынчына бабуля Ганна, дзяўчынка падняла наверх кошык з роўненькай, «сярэдняй» бульбай.

— Ну во, такая як трэба! Малайчына! Што ты там бубніш? Падымі рукі, — бацька нагнуўся і пад рукі выхапіў наверх з падполля дачку, паставіў яе каля стала, закрыў-апусціў на месца дзве дошкі (адну з вечкам), якія служылі накрыўкай хатняга пограба. Разам з маці яна пачала ўкладваць у пасылку клубні. Каб бульбіны не стукаліся адна аб адну, не шургацелі ў той скрынцы, кожную абгортвалі кавалкамі старых газет. Падаючы маці клубні, малая думала сваё.

Дарынцы было каля шасці гадочкаў, і куды ёй тады, маляўцы, было ведаць і разумець: і пра «вырай», і пра «ў капейку», і пра моду, а дакладней кажучы час, калі моладзь ехала з маленькіх сёл, пасёлкаў, гарадоў на новабудоўлі, на цаліну. Па сваю долю, па шчасце. Сама яна не збіралася нікуды ад бацькоў ехаць, ёй было і тут добра.

Сястра ж Дарынкі, Анюта, на Данбасе апынулася ў невялікім гарадку, які з усіх бакоў быў акружаны агромністымі гарамі-тэрыконамі выпрацаванай вугальнай пароды. Гэта быў шахцёрскі край і панавалі тут яго вялікасць — Вугаль і яго здабытчык — Шахцёр. Панавалі ў тым сэнсе, што былі яны тут ва ўсім на першым месцы. Усё, што было ў тым гарадку, як і ў дзясятка іншых, падобных гэтаму, круцілася-вярцелася вакол шахтаў — яны давалі велічэзнай дзяржаве адборны вугаль.

Але тая зямелька, такая багатая на «чорнае золата», была зусім непрыдатнай для вырошчвання іншага падземнага скарбу — бульбы. У іх гарадку, які якраз размяшчаўся-раскінуўся на велічэзных запасах-пластах «антрацыту» — самага лепшага па якасці каменнага вугалю, бульба была на вагу золата. Шахты, тэрыконы, вугальная пылота. Яна была паўсюдна і называлася тут «штыбам». Якая ж бульба ці іншая гародніна будзе расці на спрасаваным штыбе? Так што ў крамах і на кірмашы ўсё было прывазное, а значыць, дарагое. На маленькі заробак вучаніцы майстра-аддзелачніка сталярнага цэха не вельмі разгонішся. А яшчэ ж кут нейкі аплачваць патрэбна было.

Пасылкі з дому былі вялікай падмогай. Асабліва бульбяныя.

Больш за ўсё карэннай «бульбашцы» хацелася бульбы. Да яе яна звыкла дома, бо ні адзін дзень у іх хаце не абходзіўся без «барабулі». Дома бульбачка была ў першых стравах, у другіх і нават у дэсертных, якія маці гатавала ў печы і ў грубцы: у чыгунках, горшчыках, на блясе. Чаго толькі яна не ўмудралася нарабіць з яе!?

Асабліва смачнай была бульбяная каўбаса з бляхі. Начынне яе гатавалася так, як для бабкі, але бабка закладвалася ў чыгунок або горшчык, а тут, надзёртая і запраўленая смажанкай, бульба залівалася-запіхвалася ў свіныя кішкі і потым ужо запякалася ў печы. Смак быў — не перадаць! Незвычайны! Ён запомніўся на ўсё жыццё.

Як даўно гэта было...

Паміраючы, бацькі наказалі малодшаму з сыноў вярнуць «шукачоў лепшай долі» (чацвярых з пяці сваіх дзяцей, якія за прыкладам старэйшай дачкі пакінулі дамоўку і паехалі за свет вочы, у тым ліку і Дарына) дадому — у Беларусь. Малодшы, які нікуды не паехаў з бацькоўскага дому (хіба толькі для вучобы ў ВНУ адлучыўся на пяць гадкоў, ды на службу ў армію — на год), а жыў і працаваў у сваім раёне, затым — вобласці, ля бацькоў (і нават з-за іх адмовіўся ў свой час ад высокай пасады ў Мінску), вуха ў вуха выканаў бацькоўскую волю — вярнуў братоў і сясцёр да роднай зямелькі. Толькі ўжо не адных, а з дзецьмі, унукамі. А тыя рады-радзёшанькі былі гэтаму і самі, бо да таго часу ўжо не было Саюза, усё цяжэй стала дабірацца дадому, на Бацькаўшчыну, на магілы бацькоў...

Дарына Васілеўна (а для старэйшых братоў і сястры — усё тая ж маленькая Дарынка), сівенькая, як і яе старэйшая сястра, і такая ж, як яна, пенсіянерка, дапамагаючы перабіраць бульбу, якую яны разам вырасцілі на сотках пры бацькоўскай хаце, штосьці ўспомніўшы, паглядзела на старэйшую:

— Анюта, а ты памятаеш пасылкі з бульбай з дому?

— А як жа!

— А на колькі табе хапала адной?

— Дык на месяц расцягвала, эканоміла. На суп, боршч па парачцы, а дранікі ці каму (тоўчанку) толькі ў нядзелю рабіла. А як замуж выйшла, дзеці пайшлі, прыкупляць пачалі. Але купленая не такая смачная была, як з дому.

— Што ты хочаш — свая ж, родненькая, вырашчаная на ўласных латках, расцяробах, палітых потам нашых бацькоў. Яе ж ні з якой іншай не пераблытаеш, — упэўнена заявіла малодшая.

— Твая праўда, сястрычка. Аўжэ ж, свая родненькая — самая смачная, самая дарагая на свеце! — сцвярджальна заківала галавою старэйшая.

Сёстры замоўклі і яшчэ не хутка пачалі гаворку пра іншае. Кожная, адбіраючы-перабіраючы бульбу, успамінала штосьці сваё, з ёю павязанае...

Раіса ДЗЕЙКУН, г. Гомель

Фо­та Ана­то­ля КЛЕ­ШЧУ­КА

Загаловак у газеце: Пасылка

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.