Вы тут

З энергетыкай асоб


Дзейнасць мастацкіх камбінатаў прадстаўляе адмысловая выстаўка

Выставачны праект «Арт-камбінаты» працуе ў Палацы мастацтваў да 15 красавіка. Нягледзячы на тое, што ў якасці экспазіцыі вытворчасць камбінатаў яшчэ не паказвалі, беларусы штодня бачаць вынікі іх працы вакол сябе. Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Нацыянальны музей Вялікай Айчыннай вайны, Палац Незалежнасці ў Мінску, Нацыянальны тэатр оперы і балета, Мірскі і Нясвіжскі замкі — да іх і не толькі маюць дачыненне мастацкія камбінаты Беларускага саюза мастакоў.

— Цяпер складаны час з пункту гледжання эканамічных стасункаў, — заўважыў старшыня Беларускага саюза мастакоў Рыгор Сітніца. — У нас шмат канкурэнтаў, якія юрыдычна маюць права рабіць тую ж працу, што і мы, але не заўсёды знаходзяцца на патрэбным прафесійным ўзроўні. Яшчэ тры гады таму такога клопату не было: камбінатам давалі буйныя заказы, і яны якасна іх выконвалі. Нават у штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый вісіць стылізаваны габелен, вытканы на камбінаце! Праз выстаўку саюз хоча паказаць беларускаму грамадству і патэнцыяльным замоўнікам, што ў краіне ёсць высокапрафесійныя творцы з велізарнымі магчымасцямі.

Рыгор Сітніца параўнаў праект «Арт-камбінаты» са штогадовай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкай-кірмашом: мастацкія камбінаты, як і выдавецтвы, маюць патрэбу ў пляцоўцы, дзе можна паказаць вынікі сваёй дзейнасці, заключыць новыя дамовы і пагадненні ў спрыяльных умовах. Да таго ж і сама падрыхтоўка праекта такога ўзроўню ёсць адмысловая справаздача. Падчас адкрыцця выстаўкі арганізатары зрабілі акцэнт на пашырэнні сяброўскага кола: неабходна замацоўваць адносіны, што ўжо існуюць, шукаць новыя стасункі, выходзіць на еўрапейскі ды азіяцкі рынкі.

Беларускім камбінатам ёсць што прапанаваць айчынным і замежным замоўнікам. Так, камбінат дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя А. М. Кішчанкі — адзіны на тэрыторыі СНД, што займаецца ручным мастацкім ткацтвам. Там выпускаюць розныя па стылях і тэхнічных патрабаваннях габелены: ад невялікіх палотнаў да манументальных твораў памерам звыш як 100 кв. м. Мастацкі роспіс, стварэнне вітражоў, мазаікі, керамікі, люстраў, падрыхтоўка музейных экспазіцый ажыццяўляецца на базе мастацкага камбіната, а скульптурны камбінат падарыў краіне помнікі Францыску Скарыну і Янку Купалу, мемарыялы «Беларусь партызанская», «Трасцянец», «Сынам Айчыны» ды іншыя буйныя работы.

— Удзел у экспазіцыі бяруць тры вялікія прадпрыемствы. Яны арганізавалі спецыяльныя майстар-класы, каб пазнаёміць наведнікаў Палаца мастацтваў са сваёй справай у працэсе вытворчасці, — распавёў пра канцэпцыю выстаўкі куратар мерапрыемства першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык. — Арт-камбінаты прадстаўлены і адмысловымі відэаролікамі, знятымі Алегам Лукашэвічам і Аляксандрам Аляксеенкам, і падрабязнымі друкаванымі каталогамі. На мерапрыемстве ладзяцца круглыя сталы з кіраўнікамі прадпрыемстваў, дызайнерамі і архітэктарамі: прадстаўнікі нашых камбінатаў гатовыя да дыялогу.

На выстаўцы экспануюцца як сучасныя творы, так і аб’екты, зробленыя за апошнія 10 гадоў. Вырабы беларускіх арт-камбінатаў не страчваюць актуальнасці: яны маюць асобую энергетыку, бо створаныя ўручную, з мастацкай ідэяй.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».