Вы тут

Казачнік Дубоўка паводле летуценніка Давідоўскага


1.

Юрка Гаўрук і Уладзімір Дубоўка. 1926 г.

Да 1930 года Уладзімір Дубоўка паюначы безразважліва верыў у рыцарскую, шляхетную дружбу паміж паэтамі. Таму і прыдумаў разам з Адамам Бабарэкам элітарную суполку «Узвышша». Дубоўка разумеў: беларускую паэзію і прозу трэба ратаваць ад крыклівай большасці псеўдапралетарскіх рыфмаплётаў. А таксама трэба ратавацца і самому, каб незаўважна не стаць яшчэ адным «чырванакрылым вешчуном». Неабходна ўзвысіцца над тагачасным культурніцкім «сызморам», узяўшы з сабой вартых. Адсюль і назва новага літаратурнага аб’яднання «Узвышша». Дубоўка спадзяваўся, што выбраныя ім паэты, празаікі і крытыкі — пачатак новай генерацыі творцаў, якія пакажуць прыклад сапраўднай, па-еўрапейску вытанчанай літаратуры і такога ж непадманнага, высакароднага, як у мушкецёраў Дзюма, сяброўства.

У сваіх ідэалістычных перакананнях Дубоўка быў па-рэлігійнаму нязломны. Пасля трагічных ліпеньскіх падзей 1930 года (турэмнае зняволенне паэта), амаль юдаўскага адрачэння ад яго большасці аднадумцаў, дваццаці васьмі гадоў высылкі і лагераў герой нашага артыкула з такой жа (калі не большай) упартасцю паверыў: беларускія пісьменнікі — апошнія людзі на планеце, якім варта давяраць. Так, іх можна чытаць, цытаваць (цэлым к а л е й д а с к о п а м цытат поўніцца аповесць «Жоўтая акацыя»), неабходна іх вывучаць, нават натхняцца асобнымі творамі, часам прысвячаць вершы, але... не сябраваць.

Сваім былым таварышам«узвышаўцам» ён так і не дараваў.

У яго творчасці 1960—1970-х гадоў становіцца асноўнай тэма раптоўнай несправядлівасці, змагання з нечаканымі нягодамі, калі табе ніхто, апроч цябе самога, не дапаможа, матыў супрацьстаяння ідэальнага чыстага чалавека брыдкаму хаму (прыгадаем яго бліскучыя пераклады Шэкспіра, Байрана, Ду Фу, аповесць «Ганна Алелька»). Многія тагачасныя героі Дубоўкі падкрэслена рамантызаваныя, не маюць аніякай заганы, прыгожыя вонкава і ўнутрана.

І гэта зразумела, чаму.

Паэт бачыў, што свет на самай справе не змяніўся. Тыя пачвары, ад якіх ён ратаваўся «Узвышшам», нікуды не зніклі, а таму, калі рэальнае жыццё не дае прыкладаў шляхетных паводзін і высакародных учынкаў, падобнае трэба выдумаць у літаратуры.

Сваё ж праўдзіва-некампліментарнае стаўленне да сучаснікаў Дубоўка выказаў у артыкуле, прысвечаным Янку Купалу («ЛіМ», 7 ліпеня, 1972 г.): «Чаго і каго не любіў [Янка Купала. — В. Д.-М.] — розных халтуршчыкаў, плеткароў, інтрыганаў. Ім ён “прысвяціў” свае радкі:

Куды не глянеш — людзі, людзі,

Куды не глянеш — шэльмы, шэльмы.

Куды не глянеш — б’юцца ў грудзі,

Што значыць: правільныя вельмі...»

2.

Да сярэдзіны 1990-х гадоў даследчык беларускай літаратуры Дзмітрый Давідоўскі верыў: падрыхтаваны ім 4-томнік Уладзіміра Дубоўкі хутка выйдзе ў свет.

Паэт, у адрозненне ад многіх калег, былых паплечнікаў і вучняў, не дачакаўся такой раскошы пры жыцці. Так, ён меў у 1965 годзе невялічкія два тамы выбранага, але на большае разлічваць не мусіў.

Спадзяванні Давідоўскага не спраўдзіліся. Грошы ў выдавецтва скончыліся, і задуманае засталося ўсяго толькі прыгожай марай.

Прайшло дваццаць гадоў. За гэты час увага да асобы Дубоўкі была стабільна нязменнай: ніводная вуліца ці хаця б завулак не былі названы яго імем, а скверы і плошчы не ўпрыгожаны помнікамі паэту.

І, вядома ж, так і не выйшаў чатырохтомнік выбранага.

А і праўда, навошта?

Тое, што Дубоўка лічыўся лепшым беларускім паэтам 1920-х, адкрывальнікам новых формаў, аўтарам многіх наватвораў, тое, што Янка Купала ставіў яго вышэй за сябе — хіба нагода ўславіць памяць чалавека, які быў гатовы дзеля Беларусі «сваё сэрца» накалоць «на дзіды»? Пераважная большасць лічыла, што не.

Але Давідоўскі не пакідаў сваёй мары.

Дубоўка для яго быў не проста выдатным пісьменнікам. Выдатных у нас хапае.

Паэт уяўляўся сапраўдным волатам. Даследчык захапляўся яго фізічнай сілай, нязломным характарам, магутнай воляй.

У 2017 годзе пры творчай дапамозе Віктара Жыбуля мара даследчыка выдаць творы Дубоўкі часткова здзейснілася. Але іронія заключалася ў тым, што ізноў Дубоўка (гэтым разам пасмяротна) мусіў разлічваць толькі на два тамы.

Выхад выдання стаў падзеяй.

Была аб’яўлена падпіска, і той, хто не падпісаўся, мусіў выкрадаць гэтыя рарытэтныя кнігі з бібліятэк альбо пазычаць у сяброў, каб пасля не аддаваць, бо купіць двухтомнік немагчыма, а не мець у сваёй бібліятэцы падобных кніжных скарбаў, — гэта, упэўнены, злачынства, страшнейшае за крадзеж.

Б е з у м о ў н а , з’явіліся і крытыкі. Яны адзначалі, што даследчык занадта спяшаўся, калі складаў гэтыя тамы. У выніку можна знайсці прыкрыя адрукоўкі, расчаравацца зусім куртаценькімі каментарамі і адсутнасцю паказальніка імёнаў (хаця ў змесце пазначана, што ён ёсць).

Так, магчыма, шмат чаго тут няма, бракуе неабходнай навуковай грунтоўнасці, але, тым не менш, ёсць галоўнае. Упершыню надрукаваны некаторыя творы, а шматлікім класічным вершам, перакладам, артыкулам дадзена новае жыццё.

Па сутнасці, тут угадваецца яшчэ не столькі партрэт паэта, колькі вельмі пераканаўчы, інтрыгоўны эскіз яго творчасці, дзе шмат што яшчэ не дамалявана і чакае толькі больш спрыяльных умоў, каб загучаць усімі фарбамі, калі нарэшце будзе выдадзены поўны збор твораў паэта.

Спадар Дзмітрый, калі складаў гэты двухтомнік, спяшаўся. Але не забывайма, што ТАКІМ ЖА ТВОРЧАНЕЦЯРПЛІВЫМ быў і сам Дубоўка, калі праз дваццаць восем гадоў змог вярнуцца да ажыццяўлення сваёй мары — пісаць новыя дзівосныя вершы, паэмы, казкі.

Васіль ДРАНЬКО-МАЙСЮК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?