Вы тут

Вершы — як лекі


Тамара Краснова-Гусачэнка лічыць, што сур’ёзная гадавіна з дня нараджэння — экзамен на сталасць. Яна не хавае ўзросту: у свае 70 Тамара Іванаўна — аўтар больш за 20 кніг паэзіі, прозы і твораў для дзяцей. Яна лаўрэат міжнародных, усерасійскіх літаратурных прэмій, І Нацыянальнай (у намінацыі «Паэзія»), абласных імя Уладзіміра Караткевіча, Петруся Броўкі, звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2011». Яе адзначылі медалём Францыска Скарыны. Ёсць і ўзнагароды Расіі: імя Мусы Джаліля «За мужнасць у літаратуры», А. Грыбаедава, Ф. Цютчава, памятны медаль «За бездакорную службу» Саюзнай дзяржавы, акрамя таго — знак СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру». Юбіляр — старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, член праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.


Тамара Краснова-Гусачэнка са сваімі кнігамі. Фота Антона Сцяпанішчава.

— Сёлета ў Беларусі — Год малой радзімы. А дзе вашы родныя мясціны?

— З 1974 года жыву ў Віцебску. А мая малая радзіма — у вёсцы Шчапяціна ў Бранскай вобласці. Штогод стараюся абавязкова пабываць там. Гэтае месца мне дарагое. На жаль, хат там ужо няма, толькі ўзвышаюцца над абмялелай рэчкай Чаянкай высокія горы. Усё ў зарасніках бэзу, які расце тут са спрадвечных часоў...

Малая радзіма да гэтага часу вабіць, і ў снах яе бачу як самае цудоўнае месца на зямлі. Прыкладна траціна вершаў прысвечана маёй малой радзіме.

— Як можна коратка адказаць на пытанне: чаму прысвечана ваша творчасць?

— Любові — у самым шырокім сэнсе слова. Я пра любоў ва ўсім і да ўсяго ў гэтым свеце: сям’і, дзяцей, роднага дома, зямлі, саду, справы, якой займаешся, добрых людзей...

— Кажуць, паэтам трэба нарадзіцца. Але што акрамя здольнасцяў неабходна для паспяховай творчасці?

— Калі ёсць вялікая патрэба пісаць, трэба быць гатовым да самаахвярнасці. У пераважнай большасці сучасных літаратараў няма магчымасці зарабляць на жыццё, як кажуць, словам. Бо сёння гэта — не прафесія, а пакліканне, з-за якога ў паэта, як правіла, на першым месцы ў жыцці — творчасць. Часта пісьменнік аддае сябе сваёй справе настолькі, што клопаты аб сям’і для яго сыходзяць на другі, а то і на трэці план.

Складана, але я ўсё жыццё стараюся быць адданай сваёй сям’і. Прыемна, што муж называе мяне «выключэннем», бо я адказная перад сям’ёй. Два сыны, дзве нявесткі, дачка, зяць, трое ўнукаў дапамагаюць мне тым, што побач, любяць і разумеюць. Яны не парушаюць маю прастору, дзе вяршынствуе мелодыя касмічнай вечнасці, якую я абавязаная пачуць і выразна перадаць. Напісаны дзясяткі тысяч старонак, шмат патрачана часу, сіл, каб творы былі прачытаны...

— Як з’яўляюцца на свет вершы?

— Сапраўдная паэзія нараджаецца ў цішыні, сам-насам з Сусветам, у стане сакральнага «дыялогу». Натхненне пранікае ў душу невядома нават, адкуль. У думках бясконца круцяцца рыфмаваныя радкі. Калі верш ужо просіцца на паперу, пісаць лёгка. Быццам жывеш у стане бязважкасці, асалоды, шчасця. І ты быццам далёка, зусім не тут, і нічога больш не існуе...

У маёй літаратурнай скарбонцы больш за тры тысячы вершаў. Некаторыя з часам перараджаюцца — у адпаведнасці з набытым досведам, узбагачаным светапоглядам. Лічу, што вершы не могуць не змяняцца, пакуль жыве іх аўтар...

Барыс Пастарнак сказаў вельмі слушна: «Мэта творчасці — самааддача...». Менавіта да гэтага я ўсё сваё свядомае жыццё імкнуся. Мне яшчэ вельмі спадабаліся словы адной з чытачак. Жанчына напісала мне, што для яе мае вершы — як лекі. Калі задумацца, насамрэч шчырыя словы, якія прымаюцца людзьмі ўсёй душой, лечаць, дапамагаюць асэнсоўваць жыццё, наогул жыць!

— Вашы творы, адрасаваныя дзецям, вельмі запатрабаваныя. Напэўна, таму, што вы — мама і бабуля, ды яшчэ і прафесійны педагог?

— Так. Другую вышэйшую адукацыю атрымала ў Мінску. Дарэчы, па спецыяльнасці я — дэфектолаг. Шмат гадоў адпрацавала ў дзіцячым садку і школе. Адпаведна вывучала праграмы для развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзростаў. Кіруюся тым, што вершы павінны развіваць дзіця, падказваць цікавае, адкрываць новае. Напрыклад, цыкл «Падкажыце бабулі» прысвечаны націскам. У мяне ёсць вершы для дзяцей чатырох, пяці, шасці, сямі гадоў. Я разумею, для каго пішу, ведаю, што каму можна распавесці, як і якую інтэлектуальную задачу паставіць і што здольныя зразумець хлопчыкі і дзяўчынкі ў пэўны перыяд свайго жыцця. І прызнаюся, што большасць вершаў былі адрасаваныя перш за ўсё маленькім чытачам з маёй сям’і.

— Сёння ў літаратараў, напэўна, ёсць адна агульная праблема: як данесці сваю творчасць да чытача, выдаць напісаныя кнігі. Так?

— Кнізе ў наш час інтэрнэту складана, у тым ліку і таму, што выданне — вельмі дарагая справа. Ну, скажыце, хіба кожны можа сёння дазволіць сабе пайсці і купіць у кнігарні дзіцячую кнігу, не вельмі вялікую і не вельмі маляўнічую, якая каштуе 15 рублёў? А кніга, аформленая мастаком, і наогул будзе каштаваць 25—30 рублёў. Гэта кошт дзіцячага касцюма, сукенкі. А раней падобныя кнігі для дзяцей каштавалі капейкі. Наклады былі іншыя, як і крыніцы фінансавання выдання...

Ініцыятарам друкавання майго першага зборніка «На адным дыханні», як і наступных (выключэнне складаюць зборнікі «Спас», «Сустрэча» і «Восень маладая», якія надрукаваныя з падтрымкай спонсараў і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь), стаў муж Уладзімір Васільевіч Гусачэнка. Ён — верны сябар, надзейны памочнік і пастаянны спонсар усіх маіх творчых праектаў. Ён жартуе, што патрачаных на гэту справу сямейных сродкаў хапіла б для куплі самалёта...

Але мае творы запатрабаваныя. Яны надрукаваны ў Расіі, Беларусі, Украіне, нават Канадзе. І мае кнігі амаль усе адзначаны на розных конкурсах, карыстаюцца чытацкім попытам.

Але ж выдаць кнігу без дапамогі спонсара практычна немагчыма. Таму мару аб тым, каб і я, усе мае сябры і калегі, члены нашага аддзялення СПБ змаглі знайсці спонсараў для выдання сваіх твораў. А пакуль, па магчымасці, стараюся дапамагчы ўсім таленавітым аўтарам.

— Вы пабывалі на форуме «Пісьменнік і час», які праходзіў у рамках ХХV Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу ў Мінску. Якая з абмеркаваных тэм падалася вам найбольш блізкай?

— Удзельнічала ў двух пасяджэннях круглых сталоў. Было цікава паслухаць айчынных і замежных калег. У сваім выступе адзначыла, што сучасныя пісьменнікі Беларусі і Расіі мала знаёмыя з творчасцю адзін аднаго, не кажучы ўжо аб чытачах.

Варта ўспомніць добрую практыку ўзаемадзеяння нацыянальных літаратур у часы СССР. Цяпер яно ўскладнілася, але магчымасці ўсё роўна ёсць. Прыклад — альманах «Дзвіна. Віцебшчына літаратурная», у якім мы стараемся ўдзяляць увагу і аўтарам з суседніх расійскіх абласцей, Латвіі. Выдадзены два выпускі аб’ёмам 500 старонак. Там творы больш за 200 аўтараў нашых літаратараў, плюс — юных пераможцаў разнастайных літаратурных конкурсаў, якія ладзім штогод па 5—7 разоў. А па выніках конкурсаў мы яшчэ рыхтуем і публікуем на старонках абласной газеты разгорнутыя літаратурныя палосы лепшых твораў нашых літаратараў.

— Вы ўзначальваеце грамадскія арганізацыі літаратараў Віцебшчыны ўжо 20 гадоў. Што зроблена за гэтыя гады?

— За гэтыя гады ў Саюз пісьменнікаў Беларусі прынята 56 літаратараў вобласці. На сёння на ўліку ў Віцебскім абласным ГА СПБ 43 чалавекі. Мы памятаем пра тых, хто пайшоў з жыцця. І робім усё, каб увекавечыць іх памяць. Так, напрыклад, прысвоены званні бібліятэкам у г. п. Асвеі — імя пісьменніка Васіля Рудога, у Бачэйкава — імя Барыса Беляжэнкі, у г. п. Бігосава — імя Эдуарда Зубрыцкага, у Шумілінскім раёне хадайнічаем аб прысваенні бібліятэцы імя Алега Салтука.

Дзяржаўнымі ўзнагародамі Беларусі і Расіі адзначаны 7 нашых пісьменнікаў, прэміяй Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — 2 творцы. Лаўрэатамі рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор года» «Залаты Купідон» сталі 5 чалавек, ганаровымі членамі СПБ сталі 12 творцаў.

Медалём рэспубліканскага ГА СПБ «За вялікі ўклад ў літаратуру» ўзнагароджаны 11 чалавек. Лаўрэатамі міжнародных літаратурных прэмій сталі 6 літаратараў, удастоены звання «Чалавек года Віцебшчыны» — 4. Ганаровымі грамадзянамі гарадоў вобласці сталі 2 нашы пісьменнікі.

З 2005 года выдадзена 490 кніг з творчасці пісьменнікаў Віцебшчыны, праведзена больш за 9 тысяч сустрэч з чытачамі.

— Сям’я, творчасць, кіраўніцтва аддзяленнем СПБ... Як паспяваеце?

— Шчыра кажучы, не ўяўляю, што такое адпачынак. Вядома, час ад часу хочацца спыніцца, нікуды не спяшацца, больш пабыць на прыродзе, у загарадным доме. Новыя вершы даюць магутную энергію і сілы жыць і працаваць...

Дарэчы, будзе няправільна сказаць, што старшынёй абласнога пісьменніцкага аддзялення працую. Я гэтым жыву. У нас вельмі дружная пісьменніцкая арганізацыя. Калегі — мая надзейная апора. Дапамагаюць мне, падтрымліваюць: Алесь Жыгуноў, Ганна Зінкевіч, Уладзімір Сауліч, Віктар Улюцэнка, Мікалай Намеснікаў, Галіна і Сяргей Трафімавы, Галіна Загурская, Аркадзь Русецкі, Вольга Русілка, Фёдар Палачанін, Алёна Фядзяева. Усіх назваць няма магчымасці. Яны залатыя, разумеюць з паўслова. Жывём у розных кутках вобласці, але разам з тым — аднадумцы, калі справа датычыцца творчасці, прапаганды літаратуры.

— Над чым працуеце цяпер?

— Днямі напісала верш, прысвечаны Маленькаму Прынцу з твора Экзюперы. У мінскім выдавецтве «Сегмент» за сродкі маёй сям’і рыхтуецца да выхаду ў пэўным сэнсе выніковая для мяне на цяперашнім этапе кніга «Са мною вечнасць гаворыць». У аснову пакладзены бібліяграфічны паказальнік пад назвай «Душа — геніяльная форма выратавання». Гэта сумесны праект з калектывам Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, з якім наша аддзяленне СПБ арганізоўвае да 100 мерапрыемстваў у год. На 250 старонках пералічана ўсё напісанае мной (вершы, проза, літаратуразнаўчыя артыкулы) і пра мяне. Прычым, вядома ж, далёка не ўсё. Шмат проста згублена, не захавана і г. д. Варыянт, які друкуецца ў Мінску, дапоўнены новымі вершамі і публікацыямі літаратуразнаўцаў, водгукамі чытачоў аб маёй творчасці. Трэба завяршыць гэты праект да юбілею. Прыемным сюрпрызам стала прапанова аб друкаванні вершаў для альманаха Еўразійскага літаратурнага фестывалю фестываляў, які пройдзе ў Сочы.

— Як будзеце юбілей адзначаць?

— Запланаваныя творчыя вечары ў бібліятэках вобласці, ВНУ, школах, у абласной бібліятэцы, сталічным Доме літаратараў і ў самых аддаленых кутках вобласці.

— Што самае галоўнае для вас у жыцці?

— Умець берагчы тое, што ёсць, — і будзеш шчаслівы.

Гутарыў Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.