Вы тут

Літаратурна-краязнаўчы партрэт Жабінкі і ваколіц


Бензярук, Р. М. Лірычны поўдзень: з вытокаў «Плыні» — аб’яднання творчых людзей пры газеце «Сельская праўда». — Брэст: Альтернатива, 2017. — 140 с.


Расціслаў Бензярук — вядомы аўтар многіх літаратурна-мастацкіх выданняў, аўтар цэлага шэрагу кніг, якія адрасаваны як юнаму, так і даросламу чытачу. Новы творчы праект пісьменніка, які свае жыццёвыя клопаты звязаў з Жабінкай — адметным, цікавым з розных пунктаў гледжання куточкам Берасцейшчыны, — расказвае пра літаратурнае жыццё ў краі. З аўтарскай прадмовы да кнігі «Лірычны поўдзень...»: «Сёлета (размова ідзе пра 2017 год. — К. Л.) падышоў і мясцовы юбілей: споўнілася паўвека з той пары, як пры жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда” ўзнікла літаратурнае аб’яднанне, якое гуртавала вакол сябе маладых паэтаў і празаікаў. Не робячы бухгалтарскіх падлікаў, скажам, што на літстаронках “Плынь”, у паэтычных кутках, на іншых палосах раёнкі былі надрукаваны творы больш як дзвюх соцень аўтараў. Дзевяць “плынеўцаў” сталі прафесійнымі пісьменнікамі.

І гэты працэс прадаўжаецца...»

Аўтар абраў і раней уласцівую яму форму расповеду. У кароткіх, лаканічных эсэістычнага характару расповедах (з элементамі нарыса, карэспандэнцыі, а часам і рэпартажным фарматам) Расціслаў Бензярук паслядоўна раскрывае гісторыю літаратурнага жыцця на Жабінкаўшчыне. Нагодай, тэмай звычайна служыць пачатак удзелу таго ці іншага героя ў рабоце літаратурнага аб’яднання, зносін таго ці іншага персанажа ў рабоце раённай газеты, выпусках літаратурных старонак у «Сельскай праўдзе». Здараецца, што падставай для некаторых тэкстаў сталі сустрэчы з Жабінкай пісьменнікаў з Бярэсця і Мінска, і не толькі з удзельнікамі літаратурнага аб’яднання «Плынь», але і з чытачамі горада і раёна.

Хто толькі з паэтаў, празаікаў ні прыязджаў у Жабінку?! Уладзімір Калеснік, Алесь Махнач, Іван Арабейка, Аляксандр Валковіч, Анатоль Крэйдзіч, Леанід Левановіч, Мікола Чарняўскі, Міхась Скобла, Эдуард Акулін, Леанід ДранькоМайсюк, Юрый Сапажкоў, Леанід Галубовіч, Алесь Наварыч, Навум Гальпяровіч, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Ліпскі, Мікола Купрэеў, Міхась Рудкоўскі, Уладзімір Дамашэвіч, Юрась Свірка, Мікола Федзюковіч, Янка Сіпакоў... І літаральна з усімі сустракаўся аўтар кнігі. З кожным пасля яднала ліставанне. Па матывах тых сустрэч, пад уражаннем прачытаных кніг пісьменнікаў, якія наведаліся ў Жабінку, Расціслаў Бензярук напісаў вершы альбо творы іншых жанраў. Вось гэтыя мастацкія творы і дапаўняюць эсэ пра гасцей маляўнічага Берасцейскага краю. Як, напрыклад, распавёўшы пра паэтэсу Ніну Мацяш, дапаўняе празаічны расповед вершаваным «Трыпціхам» — творамі «Каб вершы напоўніла жыццё», «Суровая ралля» і «Пайшла ў завею». «Мне добра жыць сярод людзей / Увечары і ўранні. / Спяваю шчыра ў родным краі / Пра шчасце і бяду, / Пакуты знаю. / Боязні не знаю. / Іду...» Ніна Мацяш была і цяпер застаецца літаратурным сумленнем берасцейскай грамадскасці. Гэта відаць і па шчырых, цёплых радках Расціслава Бензерука ў кнізе «Лірычны поўдзень».

Не меншая цеплыня адчуваецца і ў тэкстах, што аўтар прысвяціў як мясцовым чытачам, так і тым, якія жывуць паза межамі Жабінкі, Жабінкаўскага раёна, незнаёмым аўтарам. У сваёй паслядоўнай персаніфікацыі жыцця мясцовага літаратурнага аб’яднання Р. Бензярук намаляваў літаратурна-краязнаўчы партрэт роднай старонкі. Кніга «Лірычны поўдзень...», вядома, знойдзе свайго чытача не толькі ў Жабінцы. Зробленае таленавітым аўтарам — добры ўзор для ўзнаўлення многіх памятак літаратурных падзей у розных рэгіёнах нашай краіны. Асабліва прыемна, што выйшла кніга ў пярэдадзень Года малой радзімы.

 Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.