Вы тут

Горад — адкрытая галерэя


Сцвярджаюць арганізатары мастацкага праекта «Арт-Мінск».

У Беларусі ўпершыню пройдзе Міжнародны фестываль сучаснага мастацтва «Арт-Мінск». Ужо праз месяц ён ператворыць увесь горад у адзіную галерэю, дзе кожны глядач зможа атрымаць асалоду. Мастацкая мапа «Арт-Мінска» шырокая як тэрытарыяльна, так і тэматычна, бо ў першы год правядзення фестывалю жаданне ўдзельнічаць выказалі і новыя, і сталыя культурныя інстытуцыі сталіцы. Арганізатары праекта расказалі пра канцэпцыю, асноўныя крытэрыі ўдзелу і пра выставачныя пляцоўкі, дзе будуць размеркаваны асобныя экспазіцыі «Арт-Мінска».


Канцэпцыя і крытэрыі

— У рамках правядзення «Восеньскага салона» мы чулі шмат заўваг і прапаноў наконт таго, што маштабныя мастацкія праекты ў краіне праходзяць адзін раз на год. У тым ліку былі прэтэнзіі, што «Восеньскі салон» — праект менавіта для маладых творцаў. І куды ж падзецца ўсім астатнім? Нашы супрацоўнікі, якія тры гады запар арганізоўвалі выстаўкупродаж, таксама заўважалі, што не хапае мастацкіх падстаў. І справа ў адсутнасці маштабных праектаў, фестываляў. Мы не сталі хадзіць далёка і за аснову ўзялі досвед многіх культурных сталіц свету — звярнуліся да ідэі, дзе мастацтва ў рамках аднаго праекта будзе ажываць на многіх выставачных пляцоўках Мінска, — адзначыў старшыня праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» Віктар Бабарыка. — Нам бы хацелася, каб удзельнікі разумелі, чым «Арт-Мінск» будзе адрознівацца ад папярэдняга праекта. Па-першае, здымаюцца ўзроставыя абмежаванні і не прадугледжаны абавязковы камерцыйны складнік: калі мастак проста хоча паказаць работу і пры гэтым пакінуць яе сабе, то для яго наш праект — выдатная магчымасць. Удзельнічаць у «Арт-Мінску», дарэчы, будуць не толькі беларускія мастакі, але і прадстаўнікі замежных краін. Адзінае абмежаванне, згодна з якім твор не возьмуць для ўдзелу ў праекце, — гэта адсутнасць таленту. Праект аказаўся цікавы не толькі Палацу мастацтваў як пляцоўцы, але і шматлікім музеям і галерэям Мінска. Мы вельмі хочам, каб «Арт-Мінск» стаў падзеяй, якая б паказала ўсю разнастайнасць беларускага артрынку, магчымасці і прафесіяналізм як мага большай колькасці аўтараў, прадэманстравала зацікаўленасць галерыстаў.

«Арт-Мінск» падтрымлівае агульную ідэю ўсіх нашых мастацкіх праектаў — спрыяць развіццю арт-рынку Беларусі. Менавіта таму вельмі цікава прасачыць колькасць пакупак на «Восеньскім салоне» ў 2018-м пасля «Арт-Мінска». То-бок, калі цяперашні праект паспрыяе павелічэнню колькасці людзей, якія купляюць беларускае мастацтва, гэта і будзе наш поспех як арганізатараў. Нягледзячы на тое, што «Арт-Мінск» не будзе выстаўкай-продажам, анлайн-падтрымку для ахвотных набыць творы мы праводзіць плануем. Таму што многія пляцоўкі не маюць ніякага інструмента для самастойнага продажу работ. Мы, як арганізатары, можам ім у гэтым дапамагчы.

Удзельнікі, журы, куратары

— Мы рады таму, што абвяшчэнне конкурсу знайшло такі водгук: на цяперашні момант прыйшло 810 заявак. Гэта практычна ў два разы больш, чым было на ўсіх «Восеньскіх салонах», — тлумачыць куратар карпаратыўнай мастацкай калекцыі «Белгазпрамбанка» мастацтвазнаўца Аляксандр Зіменка. — Ідэя адмовіцца ад узроставых рамак спрацавала. Самы малады ўдзельнік, які падаў заяўку, — дзяўчынка дзесяці гадоў. Самаму даросламу аўтару — 78. У нас ёсць заяўка ад японскага мастака, больш за пяць заявак ад расійскіх мастакоў, ад літоўцаў і латышоў. У праекце возьмуць удзел галерэі з Латвіі, Літвы, Эстоніі. Ім будуць дапамагаць паслы іх краін у Рэспубліцы Беларусь. Актыўны ўдзел у падтрымцы нашага праекта аказвае Мінгарвыканкам.

Заяўкі будуць разглядацца прафесійным журы, якое дазволіць зрабіць падрыхтоўчую працу, пасля чаго творы будуць перададзеныя галоўнаму куратару «АртМінска» Стэфано Антанэлі з Італіі, які з’яўляецца не толькі прадстаўніком сучаснага мастацтва, але і спецыялізуецца на даследаванні ўльтрасучасных арт-практык. Мы выбралі куратара з іншай краіны, таму што ў яго ёсць магчымасць абсалютна непрадузята адабраць работы беларускіх мастакоў і сфарміраваць экспазіцыю. Мы даём права прафесіяналу ацаніць магчымасці беларускіх аўтараў. Я ўпэўнены, што з гэтымі творамі мы зможам пазнаёміць не толькі мінчан, але і еўрапейскую публіку. У далейшым будзем захоўваць гэтую традыцыю — запрашаць замежных куратараў удзельнічаць у нашых праектах, у тым ліку і каб умацоўваць міжнародныя сувязі.

Склад адборачнага журы не будзе публікавацца: гэта дае магчымасць не адчуваць ціску з боку ўдзельнікаў. У складзе — людзі, якія займаюцца актуальным мастацтвам. Пасля праекта мы, магчыма, апублікуем спіс, каб паказаць, наколькі разнастайныя асобы — прадстаўнікі журы.

Праз некаторы час мы цалкам сфарміруем праграму праекта, якая будзе даступная для кожнага на сайце artbelarus.by.

Галоўная экспазіцыя «Арт-Мінска» будзе знаходзіцца ў Палацы мастацтваў. Але мы вырашылі не арганізоўваць спецыяльны транспарт для наведвання іншых пляцовак, якія будуць удзельнічаць у праекце: хочацца, каб людзі па горадзе больш хадзілі. Тым больш падчас «АртМінска» горад будзе выглядаць вельмі незвычайна. «Арт-Мінск» — падзея не выхаднога дня, а даўжынёю ў цэлы месяц: нават калі не атрымаецца ўсё абысці адразу, ёсць для гэтага тры тыдні.

Пляцоўкі і праекты

— Нягледзячы на тое, што Палац мастацтваў выступае як адна з цэнтральных пляцовак «Арт-Мінска», нам было цікава прыцягнуць да партнёрства максімальную колькасць калег, — гаворыць дырэктар Палаца мастацтваў Аляксандр Зінкевіч. — Калі ў Мінску існуе прыкладна дваццаць выставачных пляцовак, то чатырнаццаць з іх будуць з намі працаваць падчас «Арт-Мінска». На шчасце, размовы дзесяцігадовай даўніны, што ў Мінску мала мастацкіх прастор для самавыяўлення, цяпер неактуальныя.

Палац мастацтваў будзе шчыльна супрацоўнічаць з Нацыянальным цэнтрам сучаснага мастацтва. У «Арт-Мінску» удзел возьме Беларуская акадэмія мастацтваў. Актыўна будуць працаваць галерэі Беларускага саюза мастакоў. Адзін з цэнтральных праектаў будзе прадстаўлены ў новай галерэі «Арт-хаос». Уключацца ў працэс і прыватныя галерэі, якія з задавальненнем прынялі ідэю фестывалю. Галерэя «DK», напрыклад, зробіць дзень адкрытых дзвярэй. Там будзе прадстаўлена персанальная выстаўка Уладзіміра Цэслера.

 Адметнасць праекта ў тым, што ён павінен прыцягнуць усю мастацкую Беларусь. І пры гэтым мы ўбачым абсалютна нязвыклае для нас мастацтва, напрыклад, балканскае.

Мне здаецца, Мінск даўно меў патрэбу ў такім праекце, ён дапаможа мастакам у рэшце рэшт больш даведвацца адзін пра аднаго. Адзінае, чаго ў нас не будзе сёлета, — адкрытых пляцовак, таму што мы проста не паспяваем папрацаваць над гэтым: хочацца ўразіць якасцю работ, прыгажосцю прастор.

Вікторыя АСКЕРА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».