Вы тут

Курсы валют залежаць ад знешніх фактараў


Аналітыкі ўпэўнены: калі расійскі рубель не адновіцца, долар і ў нас значна падаражэе.

Дынаміка курсаў валют у Беларусі на гэтым тыдні абумоўлена падзеямі ў Расіі. З-за пашырэння санкцый з боку ЗША расійскі рынак сутыкнуўся з уцёкамі капіталу, да якога, відавочна, дадалася і спекуляцыйная атака, лічыць фінансавы кансультант Жанна Кулакова. За два гандлёвыя дні расійскі рубель страціў да бівалютнага кошыка Цэнтрабанка Расіі 8,3 %, і падзенне пакуль працягваецца.


На рынку відавочна паніка, і пакуль яна не ўляжацца, цяжка з упэўненасцю прагназаваць, наколькі глыбокім акажацца падзенне. Аднак вельмі вялікая магчымасць, што неўзабаве пачнецца карэкцыя і расійскі рубель умацуецца. Тым больш што рэзка патаннелі акцыі і расійскі рубель — добрая нагода за невысокі кошт закупіцца каштоўнымі паперамі суседкі і яе валютай.

Магчымыя негатыўныя наступствы для валютнага рынку нашай краіны пакуль што згладжваюцца праз курс расійскага рубля — ён значна ўпаў. Па выніках таргоў, 10 красавіка курс расійскага рубля склаў 3,2507, і гэта самы нізкі ўзровень са жніўня 2017 года. Такое падзенне можа негатыўна адбіцца на экспарце — гандлёвая залежнасць Беларусі ад Расіі нікуды не знікла. З-за ўмацавання беларускага рубля да расійскага тавары беларускай вытворчасці даражэюць для Расіі. Гэта можа прывесці да скарачэння экспартнай выручкі і паслаблення беларускага рубля.

Магчыма, курс расійскага рубля ў Беларусі ў агляднай будучыні вернецца да адзнакі 3,4. Калі пры гэтым курс расійскага рубля ў Расіі застанецца на бягучых адзнаках, то курс долара ў Беларусі наблізіцца да адзнакі 2,1. Калі б не сённяшняе падзенне курса расійскага рубля, то долар ужо сёння каштаваў бы прыкладна столькі ж.

Калі расійскі рубель усё ж адкарэктуецца і курс долара ў Расіі ўпадзе з бягучых 63 да 60 рублёў, то курс «бакса» ў Беларусі можа вырасці прыкладна да 2,05 (пры ўмове вяртання курса расійскага рубля да адзнакі 3,4). Гэтыя разлікі актуальныя для бягучых суадносін еўра і долара (1,235).

«У любым выпадку не думаю, што беларусам варта разлічваць на хуткае вяртанне курса долара да адзнакі 1,95, — расійская эканоміка пацярпела з-за санкцый, і расійскі рубель яшчэ доўга застанецца больш слабым, чым быў усяго некалькі дзён таму», — упэўнена Жанна Кулакова.

Акрамя таго, важна разумець, што ў цяперашняй палітычнай сітуацыі геапалітычныя рызыкі для расійскага рубля будуць захоўвацца заўсёды. Некаторыя з іх вядомыя — напрыклад, цяпер у ЗША будзе разглядацца законапраект аб забароне на інвестыцыі ў расійскія аблігацыі. Калі яго прымуць — распродаж расійскіх актываў працягнецца (дарэчы, на руках нерэзідэнтаў знаходзіцца прыкладна трэць усіх выпушчаных аблігацый федэральнай пазыкі). Але дадзеная сітуацыя — хутчэй выключэнне з правілаў, часцей геапалітычныя фактары ўсплываюць нечакана, адбыцца гэта можа ў любы момант. Пра гэта трэба памятаць усім, для каго важныя курсы валют і ў нашай краіне, і ў Расіі.

Р.S. Па стане на 11 красавіка, долар за дзень яшчэ падаражэў на 4,4 капейкі, а еўра — на 7 капеек.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Бачаць вочы, што купляюць? Як спажыўцу абараніць свае правы, набываючы тавары на сайтах

Продаж тавараў праз інтэрнэт у Беларусі актыўна развіваецца. 

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.