Вы тут

На рынак Расіі даводзіцца 38,2 % беларускага экспарту


Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў патрабуе больш актыўнага вырашэння задач па дыверсіфікацыі экспарту і развіцці паслуг. Адпаведнае даручэнне кіраўнік урада даў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмеркавалі ход рэалізацыі Нацыянальнай праграмы падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016—2020 гады.


Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што пэўныя станоўчыя вынікі ў экспарце на гэтым этапе дасягнуты. У 2017 годзе і пачатку 2018-га экспарт упершыню з 2012 года выйшаў на траекторыю ўстойлівага росту. У студзені — лютым 2018 года ён вырас на 29,8 % да $6,185 млрд, забяспечана дадатнае знешнегандлёвае сальда ў памеры $206 млн.

Экспарт тавараў павялічыўся як за кошт росту сярэдніх цэн, так і ў фізічным выражэнні. Атрыманыя вынікі адпавядаюць параметрам, зацверджаным пяцігадовай праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. «Гэтаму садзейнічала і спрыяльная кан'юнктура на сыравінным рынку і на рынках краін — асноўных гандлёвых партнёраў. Разам з тым не ўсе задачы, прадугледжаныя нацыянальнай праграмай, вырашаны, перш за ўсё ў частцы геаграфічнай дыверсіфікацыі і развіцця экспарту паслуг», — адзначыў прэм'ер-міністр.

Што датычыцца дыверсіфікацыі, то канцэнтрацыя экспарту на рынках пяці краін — асноўных гандлёвых партнёраў застаецца вышэйшай за сярэднюю. У студзені — лютым 2018 года на рынкі гэтых краін прыпадала амаль 71 % экспарту, хоць залежнасць ад рынку Расіі знізілася. У студзені — лютым 2018 года, нягледзячы на агульны рост экспарту ў Расію амаль на $200 млн, удзельная вага экспарту ў гэтую краіну склала 38,2 % (зменшылася на сем працэнтных пунктаў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

Гаворачы аб таварнай дыверсіфікацыі на прыкладзе экспарту ў Еўрапейскі саюз, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што Беларусь пастаўляе ў ЕС даволі вузкую гаму тавараў, значную долю (каля 50 %) займаюць прадукты нафтаперапрацоўкі. «Высокая канцэнтрацыя на рынак адной ці некалькіх краін або на вузкай гаме тавараў фарміруе для нашай краіны значныя рызыкі. Гэтыя рызыкі неабходна мінімізаваць», — падкрэсліў кіраўнік урада.

На думку прэм'ер-міністра, значны патэнцыял мае экспарт паслуг. Нацыянальнай праграмай падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016—2020 гады ўстаноўлена, што сёлета экспарт паслуг у агульным аб'ёме павінен скласці не менш як 23 %. У 2017 годзе гэты паказчык быў на ўзроўні 21,4 %, у студзені — лютым 2018-га — толькі 19,4 %. Асноўная доля ў экспарце паслуг у 2017 годзе прыпадала на транспартныя (44,4 % ад агульнага аб'ёму). Доля камунікацыйных, камп'ютарных, інфармацыйных паслуг у экспарце склала амаль 19 %. Таму на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна абмяркоўвалася, як будуць павялічвацца аб'ёмы экспарту іншых відаў паслуг — турыстычных, адукацыйных, медыцынскіх і г. д.

Урад таксама вывучыць прапановы па стымуляванні экспарту малога і сярэдняга бізнесу. Па даручэнні Андрэя Кабякова іх падрыхтоўкай зоймуцца Міністэрства замежных спраў і Міністэрства эканомікі. «Мы маем вялікі патэнцыял па нарошчванні экспарту суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэты патэнцыял трэба актыўна развіваць, ён з'яўляецца адным з прыярытэтаў нацыянальнай праграмы», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Доля малога і сярэдняга бізнесу ў несыравінным экспарце тавараў у 2017 годзе склала 28,4 %, і ўрад ставіць задачу нарасціць яе да 2020 года мінімум на пяць працэнтаў. З улікам гэтага кіраўнік урада даручыў МЗС і Мінэканомікі больш актыўна прыцягваць малы і сярэдні бізнес да вырашэння задач па росце экспарту, а таксама ўнесці ва ўрад прапановы па далейшым стымуляванні экспарту малога і сярэдняга бізнесу і зняцці магчымых бар'ераў.

Паводле БЕЛТА

Загаловак у газеце: Залежнасць знізілася. Але недастаткова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».