Вы тут

Можа з'явіцца новы беларуска-расійскі спадарожнік?


Сёння чарговая гадавіна першага палёту чалавека ў космас. І ў той час, пакуль многія, гледзячы ў неба, успамінаюць такога быццам роднага Юрыя Гагарына, у айчынных навуковых інстытутах і на прадпрыемствах думаюць пра запуск новага беларуска-расійскага спадарожніка.


Да 2019 года апарат знаходзіцца на этапе эскізнага праектавання. І толькі бліжэй да яго завяршэння будзе вядома, калі мы зможам запусціць новы спадарожнік у космас. Пакуль што ў нас ёсць свая «БКА» на арбіце. І за гады працы — нагадаем, што запусцілі спадарожнік у 2012-м, — знята больш за 120 млн кв. км, у тым ліку шматразова сфатаграфаваная тэрыторыя нашай краіны. Планавалася, што ён пралятае пяць гадоў, але зараз тэрмін эксплуатацыі плануюць працягнуць яшчэ на тры.

Новы апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі будзе мець звышвысокае раздзяленне. То-бок на здымках спадарожніка 2012 года можна разгледзець дэталі, не меншыя за два метры, а тут плануюць усталяваць оптыку, якая дазволіць вызначаць аб'екты, нават не большыя за паўметра. Распрацоўвае такую «начынку» «Пеленг». Яго апаратура за гэтыя гады была ўсталявана на пяць спадарожнікаў, у тым ліку на два расійскія «Канопус-В», запушчаныя сёлета 1 лютага. Да канца года плануецца, што на арбіту выйдуць яшчэ два «Канопусы», запушчаныя з касмадрома «Усходні» з нашай оптыкай.

Варта нагадаць, што летась завяршылася беларуска-расійская праграма «Маніторынг-СГ». Падчас яе распрацавалі шэраг практычных рашэнняў для касмічнай галіны. Напрыклад, стварылі ўнікальны праграмна-апаратны комплекс для аналізу працэсу разгару ракетных рухавікоў на самым важным і цяжкім пачатковым этапе. Акрамя таго, працавалі над гіперспектральнай і радарнай апаратурай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, комплексам для кантролю характарыстык вугляродных і графітных матэрыялаў вузлоў ракетных рухавікоў і іншымі праектамі. Увогуле беларускі бок за чатыры гады па праграме выканаў 49 заданняў.

Дарэчы, у верасні сустрэць сапраўднага касманаўта на сталічных вуліцах больш чым магчыма. Іх будзе ў Мінску каля 150! Прынамсі, столькі запрошана на 31-ы міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў. Праграма для ўдзельнікаў — а ўсяго гэта каля 350 чалавек — прадугледжвае пасяджэнні тэхнічных секцый і выстаўку касмічных тэхналогій, таксама яны выступяць перад прадстаўнікамі беларускіх арганізацый і ВНУ.

Надзея АНІСОВІЧ

Загаловак у газеце: І зноў паехалі!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

У Чавусах створана сістэма па падтрымцы людзей і чалавечых сувязяў

Клопат аб людзях паважнага ўзросту набывае ў нашым грамадстве асаблівае значэнне.

Грамадства

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Сістэма аплаты працы бюджэтнікаў стане прасцейшай

Гэта прадугледжана Указам Прэзідэнта ад 18 студзеня 2019 года № 27 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый».