Вы тут

Серыя выданняў «100 выдатных дзеячаў» папоўнілася новымі кнігамі


Серыя папулярных выданняў «100 выдатных дзеячаў» папоўнілася новымі кніжкамі. Сярод іх маем кароткія агляды жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, Рыгора Барадуліна, Адама Міцкевіча, Уладзіміра Самойлы, Кастуся Тарасава, Анатоля Грыцкевіча і іншых. Кнігі напісаныя рознымі аўтарамі, з розных светапоглядных і прафесійных пазіцый, таму баланс паміж асветніцтвам і выказваннем арыгінальнай аўтарскай думкі захаваны не ва ўсіх кніжках.


Цікавыя і паказальныя ў гэтым сэнсе брашуры, створаныя паэтам, бардам Андрэем Мельнікавым. Іх аб’ядноўвае імкненне да свежага, не хрэстаматыйнага погляду на спадчыну нашых класікаў. У нарысе пра Рыгора Барадуліна аўтар адзначаў, што толькі дзякуючы выдатным настаўнікам школьная праграма па беларускай літаратуры не адбіла ў будучага паэта ахвоты да роднага слова, хаця і нарывалася на гэта. І з многімі людзьмі гэта сапраўды зрабіла. Відаць, імкнучыся адысці як мага далей ад зазвычаеных услаўляльна-безаблічных біяграфічных нарысаў, аўтар пайшоў удзячным шляхам асабістай гісторыі далучэння да творчасці таго ці іншага беларускага класіка.

Так, напрыклад, раннія кнігі Рыгора Барадуліна прыходзілі да А. Мельнікава праз макулатурны склад аршанскага «Каапнарыхтпрама». Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча палічыў вартым увагі толькі пасля таго, як прачытаў у «Гамбургскім рахунку» Альгерда Бахарэвіча іранічныя высновы пра тое, што адзін з пачынальнікаў беларускай літаратуры — творчы папярэднік славутага рэжысёра Кустурыцы... Ну, а напісаць пра аўтара «Зоркі Венеры» супрацоўніку Музея Максіма Багдановіча Андрэю Мельнікаву ўжо, відаць, было наканавана...

Дарэчы, Максім Багдановіч прадстаўлены найперш менавіта аўтарам «Зоркі Венеры», і ўжо толькі потым — «Пагоні». Асноўныя акцэнты робяцца акурат на тонкай лірыцы, складанай паэтыцы і надзіва празорлівым (для таго часу і ўзросту самога паэта) разуменні, што патрэбна беларускай літаратуры, каб перастаць нарэшце імкнуцца быць падобнай да еўрапейскай, а проста быць ёй. Андрэй Мельнікаў настойліва паўтарае: для многіх беларусаў класікі нецікавыя не таму, што ў іх нічога няма вартага сучаснага паэтычнага слыху, а таму, што мы так і не змаглі іх па-сапраўднаму прачытаць, разгледзець... Вельмі доўга канцэнтравалі ўвагу на адраджэнскай тэматыцы, што было непазбежна на пэўным этапе, а пасля, калі можна было нарэшце праз грувасткія сацыяльныя тэматычныя глыбы прадзерціся да лірыкі, мы (літаратуразнаўцы, настаўнікі, пісьменнікі) папросту не знайшлі выйсця з гэтага аблуднага лабірынта спрошчаных інтэпрэтацый.

Зусім іншы падыход да аналізу жыцця і творчасці Рыгора Барадуліна. Вядома, аўтар ставіцца да аднаго з народных паэтаў з павагай, аднак паміж радкамі ўвесь час чытаецца спроба знайсці паразуменне паміж значнасцю постаці Барадуліна і асабістым непрызнаннем значнасці яго паэзіі аўтарам нарыса. Андрэй Мельнікаў вылучае тыя вершы і паэмы, якія не сталі лепшымі ў паэзіі Барадуліна, аднак з нейкіх прычын сталі запамінальнымі для яго самога. І, наадварот, аспрэчвае важнасць найбольш вядомых твораў. Урэшце вызначае квінтэсэнцыю барадулінскага таленту: паводле А. Мельнікава, ён не ў выяўленні глыбока асабістага, а, наадварот, у назіранніпадгляданні за рэчаіснасцю. Аўтар вылучае ў беларускай паэзіі двух антыподаў: Алесь Разанаў і Рыгор Барадулін. «Разанаў — цікавы для замежных творцаў і, адначасова, малазразумелы беларусам. Барадулін — беларусамі зразуметы і любімы, абаснавана ўганараваны званнем “народны паэт” — і, у той жа час, амаль замкнёны для высакаякаснага перакладу, бо перакладаць у яго даводзіцца не сэнсы, а непаўторныя іншымі мовамі слоўныя карункі ды перагукванні».

Зразумела, лёс слыннай паэткі — сюжэт немалога рамана. Напрыклад, у паэзіі Н. Арсенневай многае сапраўды можна растлумачыць толькі зменамі кірункаў жыццёвых дарог, якія вялі яе з рэдакцыі ў рэдакцыю, з горада ў горад, з краіны ў краіну... Андрэй Мельнікаў выкарыстоўвае розныя крыніцы для ўдакладнення біяграфічных звестак і выводзіць паэтычныя тэмы з тых краявідаў, што ў розныя часы былі відаць з вокнаў хаты паэтэсы. Цікава, што, пішучы пра тых, чые імёны мы звыкла ўспрымаем як асобныя раздзелы ў вялікай таміне пад назвай «Гісторыя беларускай літаратуры», аўтар прысвячае асобныя раздзелы стасункам паміж імі. Чытаем пра знаёмства з Максімам Гарэцкім, Максімам Танкам, Антонам Адамовічам... Зноў жа, як і ў выпадку з Багдановічам, аўтар спрабуе паказаць нам іншае, некласічнае аблічча творцы, якая прызнавалася, што стамілася «ад баляў і фліртаў»; якая марыла прысвяціць жыццё працы ў тэатры і была перакананая, што прачытаны верш, калі ён не агучаны на сцэне, не пакладзены на музыку, памірае ў памяці чытача, памірае для вечнасці; якая не мусіла гатаваць крупнік для музы (прыгадваючы творы Алены Бравы) і сапраўды магла спалучаць хатні клопат і паэтычную творчасць...

Ды беларуская гісторыя першай паловы ХХ стагоддзя складалася так, што, нават застаючыся ў адным мястэчку, можна было апынуцца ў іншай дзяржаве. Пра гэта напоўніцу можна паразважаць, чытаючы нарыс пра Яна Станкевіча. Нястомная праца па стварэнні мовазнаўчых і гістарычных прац, у якіх, паводле меркаванняў сучасных даследчыкаў, асветніцтва было болей, чым навукі, ацэньваецца А. Мельнікавым акурат з пункту гледжання карысці для непадрыхтаванай аўдыторыі: часам бывае так, што міф чытачу на нейкім этапе фарміравання нацыянальнай самасвядомасці патрэбны болей, чым праўдзівы факт.

Па-ранейшаму застаецца адкрытым пытанне этычных межаў. Імкнучыся наблізіць забранзавелых класікаў да нас сённяшніх, жывых і грэшных, аўтар усё ж часам заглыбляецца ў такія інтымныя тэмы, якія варта пакінуць хіба што сваякам. І нават калі пэўныя дэталі біяграфіі непазбежна становяцца тэмай абмеркавання ў літаратурным асяродку, гэта не значыць, што іх варта агучваць у выданнях, што маюць пазнаку навукова-папулярных. Агульным недахопам застаецца і празмерна вялікая колькасць цытат, якія часам пераўтвараюцца ў разгорнуты перадрук закончанага тэксту.

Ёсць яшчэ пытанне і адносна мэтавай аўдыторыі. Той масавы беларускі чытач, зацікаўлены ў вывучэнні айчыннай гісторыі і літаратуры, на якога разлічаныя кніжкі серыі «100 выдатных дзеячаў», здаецца, пакуль яшчэ... не такі масавы. Між тым іронія, разуменне якой патрабуе добрага ведання пэўнага культурнага кантэксту, алюзіі на пэўныя літаратурна-мастацкія з’явы і г.д. — дакладана толькі для дасведчаных. Шараговы чытач, які будзе ўпершыню адкрываць для сябе каго-небудзь са «100 выдатных дзеячаў», не гатовы гэта ўспрыняць. З аднаго боку, гэта крыху парушае асветніцкую зададзенасць, анансаваную асноўным зместам кніжак серыі, аднак, з другога — стварае пэўны выхаваўчы патэнцыял.

Наталля НАРУТОВІЧ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.