Вы тут

Убачыла свет другая кніга нарысаў Аляксандра Гужалоўскага


Доктар гістарычных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Аляксандр Гужалоўскі добра вядомы сваімі фундаментальнымі даследаваннямі. У гэтым шэрагу асаблівае месца належыць «Нарысам гісторыі і цэнзуры ў БССР у дзвюх кнігах» пад агульнай назвай «Чырвоны аловак». Кніга «Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР. Частка 1. 1919—1941 гг.» пабачыла свет у 2012 г. Толькі што выйшла «Кніга другая: 1943—1991 гг.».


Галоўная навуковая каштоўнасць «Кнігі другой» — сістэмная рэканструкцыя гісторыі функцыянавання і знікнення сістэмы партыйна-дзяржаўнага інфармацыйнага кантролю ў БССР у 1943—1991 гг. Гэта зроблена ўпершыню ў гістарычнай навуцы.

З цікавасцю чытаюцца старонкі кнігі, дзе разглядаюцца месца і роля Галоўліта БССР у сістэме інфармацыйнага кантролю грамадства. Прафесар пачынае разбор аб’ектаў цэнзурнай палітыкі з літаратуры. Парнас пад цэнзурным наглядам перажыў розныя часы. Горш за ўсё было ў першае пасляваеннае дзесяцігоддзе. Тады палітычныя кантралёры паводзілі сябе найбольш жорстка. Тут адбіліся і агонія сталінскага рэжыму, і ганебныя ідэалагічныя кампаніі. Менавіта тады з верша М. Багдановіча «Цемень» выкінулі радкі: «Не глядзіць на мяне ясны выраз Хрыста» па палітычных меркаваннях.

Па прычыне абсурдных прэтэнзій былі забаронены творы, якія зараз чытаюцца з асалодай. За што, напрыклад, забаранілі раманы Кузьмы Чорнага «Бацькаўшчына» і «Пошукі будучыні»? Галоўліт выявіў, што тут ён «ідэалізаваў немцаў, развіваў думку аб іх гуманнасці».

Нельга было пазнаёміцца з «шэрагам твораў маладых літаратараў паваеннага пакалення — будучых класікаў беларускай літаратуры». За 1943—1948 гг. «не былі дазволены ў набор і друк па палітыка-ідэалагічных прычынах наступныя творы: шэсць вершаў П. Панчанкі, у т. л. верш “Перад сустрэчай” у газеце “Літаратура і мастацтва”, аповесць Я. Брыля “Той самы” ў часопісе “Полымя”, яго творы — “Нядаўняя быль” у часопісе “Беларусь”, “Мышалоўкі” ў часопісе “Полымя”, “Прыгоды цюціка” і “Маленства” ў часопісе “Бярозка”, вершы М. Танка “Дружба” і “Восень”, верш П. Пранузы “Хвалюючае пытанне”, верш А. Моркаўкі “Ліпень”».

Цэнзурны ўціск адчулі на сабе і вядомыя ў той час літаратары. Так, у 1945 г. цэнзура прымусіла К. Крапіву перапрацоўваць яго арыгінальную камедыю «Мілы чалавек», імкнучыся звесці яе да ўзроўню тагачаснай параднай літаратуры. Сатырык, вымушаны ўносіць праўкі, не ўстрымаўся і адказаў з дапамогай паэтычнай зброі:

Напісаўшы добры твор,

Мы здаем яго ў набор.

Калі ж ёсць у нас сумненні

— Адсылаем проста к Фені.

Наша Феня — Галоўліт,

Знает, что в ему болит.

У апошнім радку К. Крапіва змясціў намёк на гаворку беларуска-яўрэйскіх мястэчак, ад якой не магла пазбавіцца галоўны беларускі цэнзар. Гэту пасаду з 1943 да 1951 года займала Фаіна Дадзіёмава.

Што такое цэнзура, адчуў на сабе і Якуб Колас. «Статус жывога класіка беларускай літаратуры не быў перашкодай для паліткантралёраў, што рыхтавалі да друку 7-томны збор твораў Я. Коласа (1952). Гісторыя калектыўнага рэдагавання і вымушанага самарэдагавання апавяданняў “Пад Новы год”, “Дачакаўся”, “У двары пана Тарбецкага”, “Адукацыя”, “Туды, на Захад!”, аповесцяў “На прасторах жыцця”, “Адшчапенец”, паэмы “Адплата” — гэта адна з найбольш драматычных старонак беларускай літаратуры. Толькі ў аповесць “Адшчапенец” цэнзары ўнеслі звыш пяцідзесяці правак».

А. Гужалоўскі звяртае ўвагу і на тое, што «ў той жа час за калючым дротам стваралася пазацэнзурная лагерная літаратура, накіраваная супраць таталітарнага занявольвання. Кранае апісаны прафесарам учынак былога вязня ГУЛАГа Б. Мікуліча, які «напрыканцы 1940-х гг. пісаў “Аповесць для сябе”, бо тое, што ён пісаў для людзей, рэдактары, прызнаючы іх бясспрэчную мастацкую вартасць, не адважваліся друкаваць».

У 1953 годзе савецкае грамадства ўступіла ў новы этап, які назвалі «адлігай». Але савецкая ідэалагічная сістэма захоўвалася. Разам з тым мелі месца і станоўчыя моманты.

У кнізе чытаем: «У цэлым у гады адлігі савецкая цэнзурная машына крыху запаволіла свае абароты, што дазволіла з’явіцца ў друку творам, якія некалькі гадоў таму каштавалі б аўтарам не толькі права быць пачутым, але і асабістай свабоды. У 1956 г. на старонках “Літаратуры і мастацтва” з’явіўся верш П. Панчанкі “Прыстасаванцы”, нягледзячы на тое, што ён вельмі не спадабаўся прадстаўнікам “агіднага ордэну”, супраць якіх быў накіраваны выкрывальніцкі пафас аўтара. У 1959 г. амаль без праблем праз Галоўліт БССР прайшоў раман А. Адамовіча “Вайна пад стрэхамі”, дзе падаваўся адрозны ад афіцыйнага аўтарскі погляд на падзеі мінулай вайны. Г. Бураўкін у вершы “Паклёпнікі”, надрукаваным у 1963 г., здзекліва намаляваў даносчыкаў сталінскіх часоў. Яго знакаміты верш “Пустыя п’едэсталы” заўважылі нават за мяжой».

У часы застою яскрава прасочвалася частковая рэсталінізацыя. Грамадства ўсё больш кацілася ўніз. Зразумела, што цэнзурныя органы пільна сачылі, каб літаратурныя творы ўпісваліся ў ідэалогію «развітога сацыялізму». Прафесар удала паказвае гэтыя рэаліі на прыкладзе беларускіх пісьменнікаў, якія, кажучы словамі класіка, складалі «розум, гонар і сумленне эпохі». Канечне ж, першы ў гэтым шэрагу Васіль Быкаў.

«В. Быкаў добра ведаў, што такое ідэалогія “развітога сацыялізму” з уласнага вопыту. У гэты час атрымала працяг цэнзурная гісторыя яго аповесці “Мёртвым не баліць”. У. Сеўрук, які ўжо курыраваў у ЦК КПСС цэнзуру, пільна сачыў за тым, каб пра апальны твор нідзе не было нават згадак. Па яго загадзе з ужо гатовага тыражу кнігі выбраных твораў В. Быкава “Дожить до рассвета” (Масква, 1979) адбіраліся старонкі з пасляслоў’я В. Аскоцкага, дзе згадвалася аповесць. Аўтара кнігі “Василь Быков: Очерк творчества” (Масква, 1979) Л. Лазарава ён таксама прымусіў зняць усе спасылкі на гэту аповесць. Падчас падрыхтоўкі ў 1984—1985 гг. у “Молодой гвардии” быкаўскага чатырохтомніка “Атака с ходу”, “Мёртвым не баліць” таксама ўключана не была. Нарэшце, рукамі супрацоўнікаў маскоўскага і мінскага Галоўлітаў У. Сеўрук спрабаваў выкінуць твор з беларускага чатырохтомнага збору твораў пісьменніка».

Другім аб’ектам цэнзурнай палітыкі з’яўляліся сродкі масавай інфармацыі. Вельмі каштоўным выглядае такі ўрывак з кнігі Гужалоўскага: «Часам аўтары газетных матэрыялаў спрабавалі даць факты, якія характарызавалі рэальнае сацыяльна-эканамічнае, палітычнае, культурнае становішча рэспублікі, але не ўкладваліся ў савецкія прапагандысцкія штампы. Усе падобныя факты бязлітасна выкрэсліваліся цэнзарамі. Сёння зводкі цэнзарскіх выкрасленняў, зробленых у СМІ, можна разглядаць як цікавую спецыфічную першакрыніцу па найноўшай гісторыі Беларусі».

У 1946 г. баранавіцкі аблліт выкрасліў са слонімскай раённай газеты «Вольная праца» наступны сказ: «Рабочыя па 8 дзён не атрымліваюць хлеба, а калі атрымліваюць, то гэта не хлеб, а мякіна». Тады ж полацкі аблліт прыбраў з абласной газеты наступнае: «За 5 месяцаў не выплачаны заробак, працаўнікі культасветустаноў не атрымліваюць прадуктовых картак, не атрымліваюць ніякіх прамтавараў». 15 лістапада 1946 г. з «Гродзенскай праўды» знікла: «Сяляне затрымалі на хут. Дзергужы невядомага, які спрабаваў перайсці мяжу. Затрыманы па прозвішчу Пражайчык апынуўся буйным дыверсантам».

Што датычыцца становішча СМІ у гарбачоўскія часы ў кантэксце цэнзуры, то тут рубежным аказаўся 1987 год. «Пасля таго, як у 1987 г. М. С. Гарбачоў ухваліў палітыку “галоснасці”, сродкам масавай інфармацыі стала дазволена пачаць шырокую кампанію крытыкі існуючага грамадства і яго гісторыі пад лозунгам “вяртання да ленінскіх нормаў”. Палагаднела цэнзура. З пачаткам перабудовы кіраўнікі шэрагу рэдакцый атрымалі права даваць матэрыялы ў эфір пад уласную адказнасць. З’явіліся выпадкі адкрытага ігнаравання журналістамі цэнзурных забаронаў.

Аўтар рэцэнзаванай кнігі прыйшоў да наступнай высновы: «Галоўнымі ахвярамі дзейнасці цэнзурнай сістэмы ў Савецкай Беларусі сталі людзі. Палітычная цэнзура нанесла шкоду грамадскай свядомасці, сфарміраваўшы ў жыхароў БССР цэнзурную ментальнасць (самацэнзуру), якая выключала з поля зроку цэлыя пласты нацыянальнай і сусветнай гісторыі і культуры. Спачатку прымусова, а потым ужо агрэсіўна-добраахвотна стваральнікі беларускай савецкай культуры і яе спажыўцы збудавалі ўтапічную прастору, закрытую ад навакольнага свету і ад саміх сябе.

Міхаіл СТРАЛЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.