Вы тут

Беларуская опера і балет: погляд знутры


Яму 85 і ён актыўны і адкрыты для зносінаў. Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр Беларусі ў гонар свайго юбілею адчыняе дзверы... галерэй і выставачных залаў, дзе прадстаўляе сваю гсіторыю і сучаснасць у іншым, незвычайным для сябе ключы. Можа, і слушна: тыя, хто ўжо з’яўляецца прыхільнікамі тэатра, не проста ведаюць пра яго, але і не прапускаюць прэм’ер ды значных падзей. Але, магчыма, нехта, хто не такі актыўны тэатрал ды наогул лічыць оперу і балет недасяжнымі, зможа зразумець: гэты тэатр — для ўсіх!


Па-першае, пра гэта сведчыць выстаўка, прысвечаная 85-гадоваму юбілею беларускага Вялікага, што працуе ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». «Тэатр. Insight» дае магчымасць гледачам убачыць тэатр з іншага пункту гледжання. Тэатр — гэта не будынак, гэта артысты, творчыя людзі, якія яго ствараюць, гэта цудоўныя творы, якія гучаць са сцэны ці вярэдзяць вытанчанасцю балетных пастановак. Пра іх энергетыку сведчаць і рэчы, прадстаўленыя на выстаўцы. І нават зварот да тых пастановак, якія яшчэ таямніца. Напрыклад, прадстаўленыя эскізы да будучай пастаноўкі балета Вячаслава Кузняцова «Настасся». Такім чынам тэатр прапануе да яго далучыцца — хаця б паспрабаваць — праз абсалютна бясплатную выстаўку. Вось ён, дэмакратызм элітарнага мастацтва.

Па-другое, юбілей наогул стаў нагодай для разнастайных праектаў для гледачоў самых розных узростаў. Для сустрэч у рэгіён нашай краіны, куды выбіраюцца атрысты з канцэртамі і спектаклямі. І нават для чытачоў. Таму што працягам юбілею Вялікага стане выстаўка «З тых даўніх дзён да сённяшняга часу» ў галерэі «Лабірынт» Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 70 афіш раскажуць гісторыю беларускага Вялікага з моманту яго ўтварэння 25 мая 1933 года да сучаснасці.

Па-трэцяе, любіць тэатр — гэта значыць разумець, з чаго і як складалася яго мінулае. Гісторыя розных перыядаў павінна даць уяўленне пра тое, як высока ставіла дзяржава справу высокага мастацтва: яго плённае развіццё было сведчаннем пераваг новага жыцця. Таму стварэнне тэатра было дзяржаўнай задачай, якая вырашалася мэтанакіравана: спачатку быў вышэйшы оперны клас у Беларускім музычным тэхнікуме (з 1928 года), потым з’явілася Беларуская студыя оперы і балета (у 1930-м), дзе рыхтавалі кадры для будучага тэатра, якія адкрыўся ў 1933 годзе. Тады яшчэ не было ўласнага будынка. Але тэатр на Траецкай гары адкрываўся ў 1939 годзе ўжо прэм’ерай беларускай оперы Яўгена Цікоцкага «Міхась Падгорны». Афіша таго спектакля захавалася, і яе можна пабачыць. Але ўжо тады быў клопат дзяржавы пра існаванне беларускага балета: пра гэта сведчыць афіша балета «Салавей» Міхаіла Крошнера, які ўвайшоў у гісторыю як першы нацыянальны. І якія былі планы далей...

У Вялікую Айчынную вайну многія артысты тэатра пайшлі на фронт, астатнія былі эвакуіраваны ў расійскія гарады Горкі і Каўроў. Працягвалі выступаць у мясцовых тэатрах і выступалі з канцэртамі перад салдатамі, што ваявалі на перадавой.

Пасля вайны тэатр аднавіў сілы. Час, калі тэатр здабыў сабе славу на абшарах Савецкага Саюза. Стаў адным з трох тэатраў той краіны, якія маглі называцца словам «Вялікі». Чаму — сведчаць афішы таго перыяду. І пацвердзяць іншыя, часоў незалежнай краіны, што гонар здабыты нездарма: з гарадоў і краін, у якіх Вялікі тэатр Беларусі пабываў на гастролях. Цяпер «Беларускі балет» і «Беларуская опера» — гэта брэнды, за якімі стаіць праца не аднаго пакалення творчых работнікаў.

Цяпер тэатр адкрывае і ўзгадвае сваю гісторыю, як адкрывае дзверы падчас сучасных імпрэз, што сталі знакавымі ў апошнія гады, а гэта Маладзёжнагы форум опернага мастацтва краін СНД, Балтыі і Грузіі, Міжнародны конкурс спевакоў, выканаўцаў італьянскай оперы Competizione dell’opera, Мінскі міжнародны Калядны оперны форум, Мінскі міжнародны Калядны конкурс вакалістаў, «Балетнае лета ў Вялікім» і «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў»... А яшчэ тут ёсць практыка — у асобныя дні паказваць усім ахвотным гледачам тую частку тэатральнага жыцця, якая звычайна па-за сцэнай. Тое, што за заслонай бывае не менш цікавым, да таго ж дорыць магчымасць жывых сустрэч з любімымі артыстамі ці стваральнікамі яркіх спектакляў. І паказвае: опера і балет — гэта вельмі дэмакратычна і зразумела... Нават дзецям пакажуць яркія афішы дзіцячых пастановак. А і гэта ж важна: выхоўваць сабе гледача, выхоўваць чалавека з высокімі эстэтычнымі запытамі. Бо нічога не ўзнікае на пустым месцы.

Глеба для мастацтваў оперы і балета рыхтавалася на нашай зямлі стагоддзямі (ёсць у экспазіцыі афішы XIX стагоддзя!), можа таму ў тэатра такая ўдзячная публіка. І праблема хіба што ў тым, каб паспець набыць квіткі на папулярныя спектаклі...

Марыя АСІПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.