Вы тут

Знаўцы VS гледачы: рознасць адзнак спектакляў на фестывалі ў Магілёве


Сёлета фестываль «M.@rt.контакт-2018» адбыўся ў Магілёве 13-ы раз. Удзел у ім узялі творчыя калектывы 20 тэатраў з 8 краін свету — Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Літвы, Латвіі, Славакіі. За 6 фестывальных дзён было паказана 22 пастаноўкі. Магчымасць сустрэцца прыхільнікам тэатра з артыстамі розных краін прадставілі заснавальнікі фестывалю: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт і Магілёўскі абласны драматычны тэатр.


Вынікі фестывальнага тыдня падвялі ў Міжнародны дзень тэатра, што падкрэсліла асаблівую ўрачыстасць падзеі. На пачатку форуму была заяўлена, што 2 лепшыя калектывы атрымаюць дыпломы «Падзея форуму» паводле версіі прафесійных крытыкаў і моладзевай рэдакцыі фестывалю. Галоўнай падзеяй, па меркаванні прафесіяналаў, стала зонг-опера «Медэя. Эпізоды» Тэатра Дзі Капуа з Санкт-Пецярбурга з удзелам музыкаў культавай групы «Апошнія Танкі У Парыжы». Пастаноўка, дарэчы, — уладальніца Гран-пры Прэміі імя Сяргея Курэхіна і намінант на Незалежную музычную прэмію Арцемія Троіцкага «Стэпавы воўк» у намінацыі «Нешта».

Але тэатральная моладзь вырашыла заняць пазіцыю нейтралітэту, абвясціўшы падзеяй усе спектаклі, уключаючы паказаную ў рамках спецыяльнай праграмы пастаноўку магілёўскага драмтэатра «Ліпень». Але адметнай падзеяй стала работа над апавяданнем Васіля Быкава «Жоўты пясочак»: на працягу тыдня ў рамках майстэрні маладой рэжысуры яго рыхтавала з артыстамі Магілёўскага драмтэатра выхаванка вядомага піцерскага рэжысёра Генадзя Трасцянецкага Каміля Хусінава.

«Падзея форуму — мастацтва!» — такую выснову зрабілі прадстаўнікі рэдакцыі тэатральнага весніка фестывалю. Але арганізатары імкнуліся ўлічыць і рознасць падыходаў прафесіяналаў і гледачоў: каля 500 прыхільнікаў форуму выказалі свае меркаванні пра спектаклі ў інтэрнэце. Паводле арганізатараў, першае месца атрымаў Гомельскі гарадскі моладзевы тэатр з пастаноўкай «Метад» (22,9% галасоў), другое месца аддадзена Цвярскому тэатру юнага гледача і іх спектаклю «Пустэча» (11, 1%). А вось трэцяе месца дасталася Тэатра Дзі Капуа і ягонай «Медэі.Эпізоды» (10,3%).

Гэтым разам было шмат пастановак з біблейскім падтэкстам, якія хоць і не сталі падзеяй форуму, але, ёсць надзея, прымусілі кагосьці задумацца над сэнсам жыцця і нешта, магчыма, змяніць у ім. Напрыклад, навучыцца несці адказнасць за свае ўчынкі, каб не быць падобнымі на герояў камедыі-прытчы «Ураджай» Маскоўскага Губернскага тэатра па п’есе нашага славутага земляка і драматурга Паўла Пражко. Звярнуцца да пошукаў сваёй існасці, на што натхнілі сваім праектам «Цудоўнае і жахлівае» артысты арт-групы «Med a prach / Мёд і пыл» са Славакіі. Або ўспомніць пра міласэрнасць, сапраўдную любоў і веру разам з харкаўскім тэатрам Адэскага разліву «Ланжэрон» і іх пастаноўкай «Ліст да Бога».

 Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Кантактны метад

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?