Вы тут

У чаканні новага «Лістападу» і экранізацыі айчыннай літаратуры


У айчынным кінематографе адбыўся шэраг змен: прызначаны новы дырэктар кінастудыі «Беларусьфільм» (ім стаў былы дырэктар тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі), разам з гэтым змянілі і мастацкага кіраўніка кінаканцэрна (замест Вячаслава Нікіфарава цяпер будзе Ігар Поршнеў) і перапрацавалі падыход да арганізацыі кінафестывалю «Лістапад» (Міністэрства культуры аб’явіла конкурс на правядзенне мерапрыемства, якое раней арганізоўвала «Art Corporation»).


Што чакае новы беларускі кінематограф, пакуль невядома. Уладзімір Карачэўскі адзначыў, што прагнозы даваць пакуль немагчыма, але са свайго боку ён паспрабуе «зразумець, што перашкаджае эфектыўнай працы кінастудыі, у чым праблема: у сістэме кіравання або ў кадрах». Акрамя гэтага, новы кіраўнік кінастудыі плануе заняцца дбайным вывучэннем фінансавай сітуацыі і прыме меры па павелічэнні колькасці платных паслуг. Хочацца спадзявацца, што не меншую ўвагу звернуць і на саму прадукцыю, а дакладней — на яе якасць ды актуальнасць тэм кінастужак.

На кінафестывалі «Лістапад» карціны «Беларусьфільма» прадстаўленыя ў асноўным у дакументальнай і анімацыйнай праграмах. Што да ігравых фільмаў, па мастацкай значнасці тут перамагаюць незалежныя стужкі (у праграме ігравога кіно ад «Беларусьфільма» на мінулагоднім фестывалі ўдзел узяў толькі кінаальманах «Мы»). Ёсць да чаго імкнуцца. Але пакуль няма звестак, што будзе з самім фестывалем. Вядома, што Міністэрства культуры вылучае на правядзенне мерапрыемства 350 тысяч рублёў (для параўнання: летась арганізацыя «Лістапада» абышлася ў 670 тысяч рублёў), ад арганізатараў патрабуе пяцігадовага досведу ў правядзенні кінамерапрыемстваў. Тым не менш разам з усімі гэтымі новаўвядзеннямі ёсць рэчы, якія застаюцца нязменнымі. Напрыклад, адкрыты конкурс кінапраектаў і часткова яго тэмы.

Міністэрства культуры абазначыла шэраг тэм, на якія кінематаграфісты будуць разважаць сёлета. Дарэчы, у асобную катэгорыю вылучаны і нацыянальны праект — «Жыццё і творчасць Янкі Купалы» (летась дакументальны фільм пра народнага паэта зняў Віктар Аслюк, тэлевізійную стужку «Янка Купала. Неназванае» стварылі па замове Саюзнай дзяржавы).

Тэмы для ігравых фільмаў могуць здзівіць. У Міністэрстве культуры ёсць прапановы зняць прыгодніцкае кіно: пра гісторыю Беларусі ці прысвечанае вызваленню нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А прыгодніцкае кіно ў нас здымаюць і любяць! Варта згадаць, напрыклад, дзіцячае «Неверагоднае перамяшчэнне» Аляксандра Анісімава ці гісторыка-прыгодніцкі серыял «Дзяржаўная мяжа», зняты ў 80-х Сцяпанавым, Нікіфаравым і Івановым. Яшчэ адна цікавая катэгорыя — біяграфічны фільм пра выдатнага дзеяча гісторыі Беларусі (у гэту ж катэгорыю можна дадаць і тэму «Героі спорту Беларусі», бо яны таксама ствараюць гісторыю). Чаму б і не? Магчыма, і ў нас з’явяцца свае «Тоня супраць усіх», «Піяніст», «Фрыда» ці «Воўк з УолСтрыт» — выдатных дзеячаў у Беларусі досыць. Да таго ж такое кіно вельмі любіць публіка, таму якасныя стужкі звычайна акупляюцца.

Плануецца зняць зборнік дэбютных работ кінарэжысёраў-пастаноўшчыкаў «Навагоднія гісторыі». Вядома, што на «Беларусьфільме» цяпер працуюць над падобным альманахам, але не на навагоднюю тэматыку. Такія праекты — выдатны плацдарм для маладых, яшчэ недасведчаных, але апантаных рэжысёраў. Засталося толькі знайсці трапныя ідэі. Але адной з самых чаканых тэм была і застаецца «Экранізацыя твораў сучаснай беларускай літаратуры». Айчынныя рэжысёры часта прызнаюцца ў жаданнях зняць экранізацыі. Напрыклад, Вячаслаў Нікіфараў ужо шмат гадоў выношвае ідэю фільма «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Ды і экранізацыі ў Беларусі ствараць умеюць — колькі знята фільмаў па кнігах Караткевіча ды Быкава, Марчука, Ажэшкі, Адамчыка і Адамовіча! Словам, літаратура, канечне, павінна жыць новым экранным жыццём.

Яшчэ раней Мінкульт аб’яўляў тэмы на вытворчасць дакументальных і анімацыйных фільмаў. Што да неігравога кіно, то тут рэжысёрам прапануюць паразважаць на тэмы сучаснікаў, гуманізму і сацыяльных праблем, беларускага фальклору і народнай творчасці, выбітных гістарычных дзеячаў, чалавечага лёсу, уплыву інтэрнэту на грамадства, а таксама раяць не забывацца і на памятныя даты: можна зняць кіно да 75-годдзя вызвалення Беларусі, да 80-годдзя аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, да 100-годдзя БССР. Рэжысёры-аніматары будуць здымаць адукацыйныя гісторыі, казкі беларускіх пісьменнікаў ды народаў свету, музычную і сучасную казку, кіно на тэму беларускай міфалогіі, а таксама звернуцца да тэмы жыцця выдатных асоб. Акрамя гэтага, ім прапануюць стварыць фільмы для сямейнага прагляду, прыгодніцкае кіно і стужку пра вайну для ўсёй сям’і.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.