Вы тут

Космас нацыянальнага генія на «Плошчы Якуба Коласа»


Навукоўцы называюць Якуба Коласа беларускім Дантэ Аліг’еры, а «Новую зямлю» — нашай «Боскай камедыяй». Зразумела, параўноўваць творы не варта, бо яны зусім розныя. Але калі асэнсоўваць маштаб асобы Коласа для Беларусі, прыходзіць разуменне, што яна неверагоднай велічыні ды касмічнай значнасці. Яшчэ ў лістападзе ў Белдзяржфілармоніі павінна была адбыцца прэм’ера спектакля «Плошча Якуба Коласа», але падзею перанеслі на вясну. Магчыма, гэта мела сэнс: прадставяць пастаноўку падчас 34-й «Мінскай вясны», у час, калі абуджаецца і прырода, і пачуцці.


Спектакль назвалі «музычнай метафарай ХХІ стагоддзя» — унікальны твор з драматычнымі маналогамі, пластыкай, харэаграфіяй ды музычнымі эксперыментамі. Музыка, рэжысура і харэаграфія кампазітара Ларысы Сімаковіч:

— Постаць Якуба Коласа для мяне — сігнальная сістэма. Я адкрываю «Новую Зямлю» на любой старонцы, пачынаю чытаць і не магу адарвацца. Ён нацыянальны геній, гэта неаспрэчная ісціна, на жаль, мы мала пра гэта гаворым (у культурным плане), таму захацелася зрабіць штосьці новае.

Сцэнарый Ларыса Сімаковіч пісала на аснове тэкстаў Якуба Коласа, выкарыстоўвала інфармацыю з архіваў ды крыніц, якія кожны можа знайсці ў інтэрнэце. І ніводнага ўласнага слова. Музыка таксама «на вышыні»: выкарысталі творы Баха, Пёрсэла, Вайтакра і Лаўрыдсана. Гэтае рашэнне можа падацца нечаканым, папярэджвае Ларыса Сімаковіч, але, на яе думку, геніі сыходзяцца на пэўнай вышыні. Так у адным сузор’і «Плошчы Якуба Коласа» апынуліся наш песняр і нечакана гэтыя таленавітыя кампазітары. Дарэчы, іх творы выканаюць флейтыст Сяргей Махаў, піяніст Іван Фінскі, але асаблівае натхненне прынясе Мінскі струнны квартэт, які створыць іншую атмасферу ды надасць музыцы «жаночае» гучанне. У гэтым упэўнена Кацярына Мішчанчук, кіраўнік Мінскага струннага квартэта:

— Для нашага калектыву гэта не проста маштабная падзея, але і вельмі карысная практыка. Бо натхняе на новыя рашэнні, тлумачэнні ды нават разуменне музыкі ў некаторых аспектах, таму калектыў заўсёды гатовы ісці насустрач новым рашэнням.

Калі ў традыцыйным спектаклі ёсць акцёры, то ў «Плошчы Якуба Коласа» ролі выконваюць музыканты. Удзельнікі камернага хору будуць Вобразамі мілымі роднага краю, актрыса Святлана Зелянкоўская — Душой, Святлана Анікей — Мовай. Не першарадную, але вельмі важную ролю Метафары вечнага існавання выконвае салістка Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі Дзіяна Трыфанава. З рэжысёрам яна пазнаёмілася выпадкова — выконвала тады партыю Тэклі ў «Люцыяне Таполі», і стаўленне салісткі да працы кранула Сімаковіч. Цяпер кампазітар думае пра монаоперу адмыслова для Трыфанавай, але артыстка ўдзячная за ўдзел у «Плошчы Якуба Коласа»:

— Гэта выдатная магчымасць, бо салісты амаль заўсёды выконваюць штосьці, што ўжо выконвалі іншыя. А тут я буду першая, і гэта свайго кшталту таямніца, ёсць адчуванне дакранання да цуду, момант нараджэння. І тут адкрываецца таямніца Якуба Коласа, нават асабіста для мяне: я жыву ў Беларусі ўсяго 10 гадоў і, у адрозненне ад тых, хто тут нарадзіўся, вывучаю асобу паэта толькі цяпер. Я заўважыла, колькі любові да радзімы, колькі музыкі ў яго вершах.

Дзяржаўны камерны хор таксама лічыць гэтую прэм’еру важнай падзеяй. Нездарма ж з задум некалькіх праектаў быў выбраны менавіта гэты, адзначае Наталля Міхайлава, кіраўнік камернага хора Беларусі:

— Зразумела, гэта звязана з датай, і сімвалічна, што назва спектакля — «Плошча Якуба Коласа», дзе знаходзіцца філармонія, і тут мы святкуем яго юбілей. Усімі сіламі спрабавалі падняць планку вельмі высока — дацягнуцца да вышынь вершаў паэта, пазбягалі клішэ. Так атрымалася нешта нерэальнае — не опера і не мюзікл, гэта сінтэз мастацтваў. Глядач сёння хоча бачыць на сцэне шмат пластыкі, рухаў, і мы ідзём насустрач гэтым жаданням.

 «Плошча...» — вельмі сучасны твор. Па-першае, для тых, хто ўсё яшчэ лічыць, што хор — гэта сумна ды кансерватыўна, па-другое, для тых, хто забыўся, што ж такое філармонія. Да таго ж ледзьве не асноўная прычына наведаць прэм’еру — тэма. Ларыса Сімаковіч падкрэслівае, што Якуб Колас — цікавая постаць, нацыянальны геній, але гэты спектакль пра большае, значна шырэйшае — плошчу ў сэнсе прасторы яго голасу:

— І плошча — гэта адна з метафар, паэт не абмяжоўваецца жыццём і смерцю, пра гэта сведчыць гісторыя. Геній памірае, а яго жыццё толькі пачынаецца. Але сюжэт і ідэя спектакля выходзяць нават за гэтыя межы — яны ўздымаюцца да жыцця паэта, дзе яно ніколі не бывае камфортным, дзе яно супярэчыць часу, дзяржаве, рэжыму. Па жыцці геніяў праходзяць ледзьве не ўсе біблейскія сюжэты, яны павінны пераадольваць і супрацьстаяць, сутыкаюцца са здрадай, і гэтыя тэмы ў нашым спектаклі.

Меерхольд казаў, што любы спектакль глядзець трэба з пятага разу — так ён будзе адчувацца правільна. Пакуль жа паказ «Плошчы Якуба Коласа» — першы і адзіны, таму такой магчымасці гледачы не маюць. Тым не менш падчас прэм’еры (якая адбудзецца 13 красавіка) артысты абяцаюць працаваць «на разрыў», каб сабраць аўдыторыю яшчэ бясконцую колькасць разоў.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».