Вы тут

Хто павінен даглядаць могілкі


Радаўніца — асаблівае для праваслаўных вернікаў свята, калі памінаюць нябожчыкаў. Сама назва заклікае не сумаваць, а радавацца іх пераходу ў вечнае жыццё. Нездарма ў народзе кажуць: «На Радаўніцу да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а к вечару скачуць». У гэты дзень беларусы абавязкова завітаюць на могілкі, прыбяруць іх, пакінуць на магіле асвечанае яйка. Напярэдадні свята актуальным становіцца пытанне: хто павінен даглядаць могілкі — камунальныя службы, сельвыканкамы або сваякі памерлых?


Марыя АФАНАСЕНКА, дэпутат Брэсцкага абласнога Савета:

— Цяпер я жыву ў Брэсцкай вобласці, а з 1994 па 2000 год жыла ў Гомельскай. У Гомельскай вобласці ўспамінаюць блізкіх, якія памерлі, на Радаўніцу. У Брэсцкай прынята наведваць могілкі на Вялікдзень. Перад гэтым святам родныя прыбіраюць магілы, упрыгожваюць іх, тут вельмі трапяткое стаўленне да нябожчыкаў. У апошні час месцы пахавання сталі зонай адказнасці камунальных службаў. Устаноўка кантэйнераў, вываз смецця, знос аварыйных дрэў — гэта, на мой погляд, абавязак ЖКГ. Чысціня, добраўпарадкаванне могілак — задача родных. У рэгіёне, дзе я працую дырэктарам школы, мы сутыкнуліся з праблемай, што частка могілак застаецца недагледжанай. Над магіламі памерлых настаўнікаў, работнікаў школы наш калектыў узяў шэфства. Мы перад Вялікаднем, на Дзяды іх прыбіраем. Да мяне, як дэпутата, аднойчы звярталіся жыхары двух сельсаветаў, калі паваленыя дрэвы пашкодзілі могілкі. Мы папрасілі дапамогі ў ЖКГ, і яны прыбралі і гэтыя паваленыя, і іншыя аварыйныя дрэвы.

Мікалай КАНАПАКА, дырэктар УП «Чэрвеньская ЖКГ»:

— У нашым горадзе ёсць супрацоўнік, адказны за могілкі (могілак за намі замацавана трое), — наглядчык. Прыборкай займаецца брыгада па добраўпарадкаванні з 18 чалавек. Усталяваны кантэйнеры для камфорту тых, хто прыязджае на магілы да Вялікадня і Радаўніцы. Па меры іх запаўнення мы вывозім смецце. Таксама абкошваем тэрыторыю могілак, даглядаем агароджу — рамантуем і падфарбоўваем.

Ала СТОЦІК, дэпутат Глыбоцкага раённага Савета:

— У першую чаргу, я лічу, парадак павінна наводзіць насельніцтва пэўнай мясцовасці... Сельвыканкамы, калі ёсць фінансаванне, займаюцца агароджваннем могілак, але і гэта з дапамогай жыхароў. Мабыць, у горадзе добраўпарадкаваннем больш займаюцца службы ЖКГ, а ў вёсках — гэта задача насельніцтва. Але трэба ўлічваць факт, што вёскі старэюць, таму з-за свайго ўзросту чалавек не заўсёды можа прыбраць магілу блізкага. Родныя прыязджаюць, але ў асноўным на выхадныя. Зараз у нас за могілкамі замацаваны розныя арганізацыі, якія дапамагаюць у вырашэнні пытання добраўпарадкавання.

Уладзімір СЯДЛОЎСКІ, старшыня Мікалаеўскага сельвыканкама Шумілінскага раёна:

— Даглядаць могілкі — гэта наш сумесны з ЖКГ абавязак. Але, на мой погляд, прыбіраць месцы пахавання павінны і родныя. Да нашага сельсавета адносяцца 16 грамадзянскіх пахаванняў. Мы з калектывам прыбіраем іх, дапамагаем ЖКГ — прывозім пясок, забіраем смецце. Раней для прыгажосці на могілках садзілі дрэвы, а зараз яны могуць стаць прычынай праблем, таму іх зразаем. У асноўным узрастае актыўнасць насельніцтва напярэдадні Радаўніцы. Але не ўсе могуць прыехаць і навесці парадак. Старым людзям, якія засталіся ў вёсках, цяжка прыбраць магілу. Але ўзровень адказнасці родных розны ў кожным месцы. Дзесьці больш сумленна падыходзяць да гэтага пытання, дзесьці наадварот. Таму дапамагаем мы, мясцовая ўлада.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Справа памяці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.