Вы тут

Юрый Шулейка і Мікалай Васількоў правялі сумесны прыём грамадзян


З просьбамі пачысціць возера, не закрываць бальніцу, пабудаваць лазню, выплаціць заробак за адпрацаваны час і многімі іншымі звярталіся жыхары Гомельшчыны да памочніка Прэзідэнта Беларусі — інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Шулейкі і дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалая Васількова. Яны правялі сумесны прыём у Веткаўскім райвыканкаме.


Некаторыя з наведвальнікаў нават пужаліся, калі бачылі дзясятак мясцовых чыноўнікаў: «Мы ж запісваліся да аднаго чалавека, а тут адразу столькі!..» Між тым прысутнасць адказных асоб цалкам апраўданая. Многія з іх давалі неабходныя даведкі, атрымлівалі даручэнні і нават выконвалі іх у лічаныя хвіліны. Напрыклад, палічылі бойлеры ў адным з дзіцячых садкоў і прыйшлі да высновы, што сапраўды іх трэба больш — як і прасіла жанчына па тэлефоне. Дарэчы, з яго дапамогай першую гадзіну ажыццяўлялася сувязь з грамадзянамі.

Падчас прамой лініі высветлілася, напрыклад, што ў адной з мясцовых арганізацый, якая знаходзіцца на мяжы банкруцтва, звольненым па ўзаемнай згодзе супрацоўнікам не выплачвалі заробак яшчэ са снежня. Юрый Шулейка ў гэтым выпадку быў катэгарычны і даў даручэнне вярнуць людзям заробленыя грошы да канца гэтага тыдня.

Просьба пабудаваць лазню замест той, якая згарэла год таму, была агучана адразу некалькімі жыхарамі Веткі.

— Я думаю, у кожным раёне павінна быць дастойная паўнавартасная лазня, — адзначыў Юрый Шулейка. — Гэта сацыяльна важны аб'ект.

Некалькі пытанняў датычылася добраўпарадкавання, у тым ліку жыхары аграгарадка Старое Сяло прасілі выратаваць возера, якое зарастае хмызняком. Насамрэч гэта старое рэчышча Сажа, якое сілкуецца падземнымі крыніцамі. На думку грамадзян, утрымаць ваду дапамагла б невялікая дамба, але справа ўпіраецца ў грошы. Юрый Шулейка даручыў высветліць, наколькі мэтазгодны праект па выратаванні вадаёма. У ліпені-жніўні будзе створана камісія, якая вывучыць сітуацыю і прыме рашэнне.

Парадак на зямлі актуальны заўсёды. І таму рэакцыя на паведамленні пра неабходнасць добраўпарадкавання невялічкіх вуліц адназначная: калі нельга па фінансавых прычынах пакласці асфальт, грэйдар можа дапамагчы заўсёды. Да таго ж у красавіку пройдзе два суботнікі, дзе людзі і самі паспрыяюць навядзенню чысціні і прыгажосці.

— Калі мясцовыя ўлады нешта людзям раней паабяцалі зрабіць, трэба выконваць, — кажа Юрый Шулейка. — Увогуле практыка правядзення сумесных прыёмаў разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў вельмі добрая. Былі пытанні па ахове здароўя, дзе я мог быць некампетэнтным, а вось Мікалай Андрэевіч Васількоў адразу ж праясніў сітуацыю.

Размова пра бальніцу ва Уваравічах, што ў суседнім Буда-Кашалёўскім раёне. Там узнікла пытанне аптымізацыі. Людзі, якія тэлефанавалі на прамую лінію, вельмі хваляваліся, што бальніцу закрыюць увогуле. Мікалай Васількоў, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, раней узначальваў галіну аховы здароўя на Гомельшчыне. Таму ён адказаў на гэта пытанне пашырана:

— Сёння аптымізацыя ў галіне аховы здароўя патрэбна. Яна павінна ісці па двух кірунках: аптымізацыя сеткі медустаноў і аптымізацыя штатнага раскладу. У Буда-Кашалёўскім раёне ёсць некалькі медыцынскіх устаноў. Але мы рэалісты: як на 2-3 тысячы насельніцтва ва Уваравічах ці ў Тураве (Жыткавіцкі раён) можна ўтрымліваць бальніцу на 100 ложкаў? Гэта эканамічна немэтазгодна. Ніхто не ставіць задачу цалкам ліквідаваць медустанову. Але трэба памяняць яе статус: цяпер будзе Уваравіцкая ўчастковая бальніца. Пры гэтым захаваецца ўвесь медыцынскі персанал і дыягнастычнае абсталяванне. Колькасць ложкаў не скарачаецца — частка з іх пераводзіцца ў ложкі сястрынскага догляду. Сёння ФАПы мы можам аптымізаваць, стварыўшы амбулаторыі ўрача агульнай практыкі ў радыусе 70 км вакол. А ФАПы, якія нерацыянальна функцыянуюць, прыйдзецца ліквідаваць. На Гомельшчыне цяпер 17 бальніц сястрынскага догляду. У іх ажыццяўляецца сацыяльны догляд за адзінокімі і хворымі. Можна іх перадаць сацыяльным службам. Стала актуальным і пытанне перынатальных цэнтраў. Стаіць задача паменшыць рызыкі смерці маці і дзіцяці, таму мы павінны аказваць дапамогу ў родах на больш высокім узроўні. Напрыклад, тэрыторыі вакол Гомеля ў радыусе 10 км можна перавесці на абслугоўванне ў абласным цэнтры. Але я супраць скарачэння дзіцячых ложкаў у раённых бальніцах — там павінна іх захоўвацца хоць бы дзесяць. Увогуле, аптымізацыя павінна быць разумнай і на карысць насельніцтву.

Між тым Юрый Шулейка і Мікалай Васількоў імкнуліся дапамагчы нават у выпадках, калі гэта было немагчыма. Напрыклад, веткаўчанцы Вользе Елізаранцы. Жанчына прасіла пераразлічыць суму за прыватызацыю драўлянага дома, які раней быў службовым жыллём. Судовыя пасяджэнні прайшлі і былі не на карысць грамадзянкі. І ўсё ж было вырашана знайсці магчымасці і дапамагчы жанчыне, якая цяпер знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе чацвёртага дзіцяці і зусім нядаўна аўдавела.

Прыкладна палова са скаргаў была абгрунтаваная, рэзюмаваў Юрый Шулейка. А практыка сумесных з дэпутатамі прыёмаў грамадзян дазваляе пашырыць магчымасці для аператыўнага рашэння праблем людзей.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.