Вы тут

З якімі цяжкасцямі сутыкаюцца пры добраўпарадкаванні могілак на вёсцы?


У аграгарадку Лясная грамадзянскія могілкі знаходзяцца амаль у цэнтры населенага пункта. І калі б не крыжы і помнікі, можна было б прыняць гэта месца за парк. Кажуць, што тут пахаваны яшчэ салдаты рускай арміі, якія загінулі падчас бітвы са шведамі ў 1708 годзе. Пра той легендарны бой нагадвае гранітная стэла 1908 года. Некалькі гадоў таму вандалы знялі з яе металічныя крыжы. Замест іх Лапаціцкі сельвыканкам устанавіў новыя — мармуровыя. І паставіў з гэтага ж матэрыялу невялічкія слупы замест цагляных, якія амаль рассыпаліся.


Хто тут пахаваны — невядома.

Клопатная гаспадарка

Наогул на тэрыторыі сельсавета 16 могілак. Нагляд за імі адымае добры кавалак часу, а галоўнае, патрабуе грошай. Старшыня сельскага Савета Сцяпан Байцоў перажывае, што ў свой час не паспеў перадаць іх на баланс камунальнікаў. Дакладней, не знайшлося грошай, каб навесці парадак з дакументацыяй. Няма іх і зараз. Для таго каб усё ўзаконіць, спатрэбіцца не менш за 500 рублёў на кожныя могілкі. Дзе ўзяць такія сродкі? (Для параўнання: летась на знос састарэлых будынкаў сельсавет атрымаў усяго 200 рублёў.)

За апошнія гады мясцовыя ўлады правялі цэлую даследчую работу, каб падлічыць усе пахаванні. Гэтага патрабуе закон аб рэгістры насельніцтва, які ўступіў у дзеянне ў ліпені 2013 года.

— У горадзе такі ўлік дазволіў навесці парадак, але сельскія могілкі — гэта зусім іншае, і нас з горадам параўноўваць нельга, — кажа Сцяпан Байцоў. — Па сутнасці, для нагляду за сельскімі могілкамі патрэбны асобны чалавек. Самыя аддаленыя ад Лапацічаў пахаванні знаходзяцца на адлегласці 16 кіламетраў. Як прасачыць, што там у дадзены момант ніхто нікога не хавае? У нас два населеныя пункты былі ліквідаваны ў сувязі з наступствамі аварыі на ЧАЭС — Чырвоная Слабада і Кашалёў. Але на могілках гэтых вёсак дагэтуль робяць пахаванні, прычым часта ўпотай, без папярэджання ўлад. І гэта пры тым, што ўсюды вісяць аб'явы, што трэба спачатку папярэдзіць сельсавет. Нехта звяртаецца, але не ўсе. У горадзе такія варыянты нават не разглядаюцца. А мы павінны кожны на сваім месцы шукаць нейкае выйсце. Пракантраляваць гэта проста немагчыма.

Па сутнасці, сельскія могілкі — гэта гектар зямлі з лесам, дзе шмат старых пахаванняў, часта наогул без крыжоў і іншых апазнавальных знакаў. Але і яны павінны быць неяк пазначаны. Сцяпан Байцоў дэманструе схему пахаванняў, дзе кожнае пазначана квадрацікам з лічбай. Уражанне такое, што кожны як хацеў, так і хаваў. У выніку атрымалася нешта незразумелае, хаатычнае. Да «карты» прыкладаецца спіс, дзе насупраць парадкавага нумара стаіць прозвішча, але часцей проста сціплы крыж. Бо, паўтаруся, невядома, хто там пахаваны.

— Гэта даныя на май 2016 года, — удакладняе кіраўнік мясцовай улады. — Перапіс рабілі ўсім сельсаветам, нам дапамагалі школы і ўстановы культуры. Усе гэтыя звесткі былі занесены ў спецыяльны рэспубліканскі рэестр. А нядаўна прыйшлі ўказанні, каб мы ўсё перарабілі з папраўкай на 2013 год. Зноў трэба заказваць спецыяльныя кнігі і брацца за справу. А галоўнае, не растлумачылі, — навошта? Для сельскіх могілак павінна быць асобная нарматыўная база, дзе былі б улічаны ўсе нюансы, якія не сустракаюцца ў гарадскіх умовах. Тады і людзі ведалі б, што калі яны не прыйдуць у сельсавет і не папярэдзяць, дзе збіраюцца хаваць сваіх родных, то будуць несці адказнасць. І было б лепш, калі б гэты працэс кантралявалі не сельсаветы, а камунальныя службы — ЖКГ. Зараз вось трэба могілкі прывесці ў парадак да Радаўніцы — аварыйныя дрэвы знесці, смецце прыбраць, агароджу падрамантаваць. Камунальнікам было б прасцей гэта рабіць, падобнымі справамі яны займаюцца пастаянна. У іх ёсць і спецыяльная тэхніка, і інвентар, і людзі. А што можам мы, калі на ўвесь сельсавет толькі я ды кіраўнік спраў?

Абязлічаная памяць

Едзем на бліжнія могілкі ў вёску Пацяраеўку. Дарога ідзе па ўскрайку лесу. Колькі гадоў гэтаму жалобнаму месцу, можна толькі здагадвацца. Іржавыя металічныя крыжы без апазнавальных знакаў, струхлелыя ад часу драўляныя слупы, ад якіх адваліліся гарызантальныя перакладзіны, гранітныя помнікі з тварамі памерлых — усё тут даўным-даўно перамяшалася. Вакол могілак цягнецца драўляная агароджа. Без фарбы яна хутка страціць выгляд, але пакуль грошай на гэта ў сельвыканкама няма.

Для збору смецця зроблена асобная пляцоўка. Але Сцяпан Байцоў не вельмі спадзяецца, што яна ўсімі будзе выкарыстана па прызначэнні. Хутчэй за ўсё, смецце зноў прыйдзецца шукаць па лесе.

Народ часта хавае пажоўклую траву і старыя вянкі дзесьці па суседстве — на закінутых пахаваннях. У будны дзень ахвотных навесці парадак на могілках няшмат. Здалёк заўважаем жанчыну і маладога чалавека, якія шчыруюць з граблямі і мятлой.

— Могілкі старадаўнія, асабліва калі прайсці крыху далей, — махае рукой углыб лесу Надзея Ісакаўна. — Тут пахаваны мае бацькі, дзве сястры і нават дзед. Ён памёр, калі мяне яшчэ на свеце не было. Вось разам з унукам Сяргеем прыйшлі прыбрацца. Пакуль ёсць магчымасць, самой хочацца гэта рабіць. Гэта ж мой абавязак.

Цікаўлюся, а чаму ні на адным з крыжоў няма таблічак з прозвішчамі. Жанчына паціскае плячыма: маўляў, а навошта, я ж і так ведаю, хто дзе. Унук кажа, што ўжо падумвае, каб зрабіць пахаванні пазнавальнымі. Але, кажа, спачатку грошы трэба сабраць на помнікі. Сціплая таблічка — гэта не тое... І мяркуючы па іншых неапазнаных крыжах, так думаюць многія...

«Пахавальная» матэматыка.

Павінен быць парадак

Па інфармацыі аддзела добраўпарадкавання і работы з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі Магілёўскага абласнога ўпраўлення ЖКГ, на тэрыторыі вобласці больш за 2700 могілак, з іх толькі 176 на балансе камунальнікаў. Усе астатнія замацаваныя за сельскімі выканаўчымі камітэтамі. Адказныя за стан месцаў пахавання павінны клапаціцца пра тое, каб вакол могілак была агароджа вышынёй не менш за 1 метр, меліся пляцоўкі для складавання смецця і быў наладжаны вываз адходаў. Акрамя гэтага, раз на два гады павінна праводзіцца інвентарызацыя могілак — з мэтай выяўлення самавольных пахаванняў і ўчасткаў з разбуранымі помнікамі. Таму вельмі важна, каб людзі ўсё ж такі ідэнтыфікавалі помнікі і пазначалі на іх імёны, а таксама даты жыцця і смерці родных. Гэта спатрэбіцца, калі помнік знаходзіцца ў аварыйным стане і неабходна знайсці чалавека, які даглядае месца пахавання. А яшчэ, напрыклад, для таго, каб своечасова ўстанавіць злачынства. Яшчэ свежыя ў памяці дзеянні магілёўскіх псеўдарыэлтараў, якія забівалі людзей дзеля іх кватэр і хавалі сляды сваіх злачынстваў на сельскіх могілках...

Нэлі ЗІГУЛЯ

Загаловак у газеце: Хто тут гаспадар?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...