Вы тут

Наведаць месца спачыну, а не сметнік


Могілкі — месца, дзе з кожным годам становіцца ўсё больш «навасёлаў» і якое, як і буйныя гарады, з часам вычэрпвае ліміт на колькасць прыбылых. Пры гэтым праблемы абслугоўвання і ўпарадкавання гэтых тэрыторый застаюцца. Знаходзіць новыя землі для пахавання становіцца ўсё складаней, таму, мяркуюць спецыялісты, адказныя за месца апошняга спачыну чалавека, трэба рыхтавацца да думкі пра неабходнасць абавязковай крэмацыі. А яшчэ — часцей наведваць сваіх памерлых і прыбіраць участак, каб раптам не ўбачыць замест недагледжанай магілы падгалоўнік, а то і свабоднае месца для пахавання іншых.


Навошта тут вартаўнік?

Могілкі сталіцы (іх налічваецца 23) знаходзяцца на балансе спецыялізаванага камбіната камунальна-бытавога абслугоўвання. У іншых гарадах утрыманне могілак — задача, як правіла, мясцовых камунальных гаспадарак.

За парадак на сельскіх могілках адказваюць мясцовыя сельвыканкамы, і загадчыка тут няма ўвогуле. Паспрабуйце ахапіць пахаванні ўсіх 15—20 вёсак сельсавета. А яшчэ калі ў кожнага населенага пункта свае могілкі... Аднаму проста нерэальна з усім справіцца.

На могілках у Мінску, як правіла, заўжды ёсць кантралёр кантрольна-прапускнога пункта. Ён сочыць за бясплатным уваходам і платным уездам на машынах. Ноччу супрацоўнік абыходзіць тэрыторыю і зачыняе ўсе брамы на замок. Тым не менш на сямі дробных сталічных могілках, накшталт Дворышча, Пятроўшчыны, Сухарава, не заўжды можа быць супрацоўнік нават днём, не тое што ноччу.

Кантралёр абавязаны таксама прадухіляць крадзяжы. Калі ўзнікае падазрэнне, што машына выязджае з могілак перагружаная, яго задача — апавясціць міліцыю.

— Мы не маем права даглядаць аўто, аднак калі падазраём, што на машыне нешта вывозяць, спыняем і выклікаем міліцыю. З могілак і помнікі вывозяць, і пліты, і каляровы метал, — расказаў Мікалай РАКЕВІЧ, дырэктар КУП «Спецыялізаваны камбінат камунальна-бытавога абслугоўвання» (КБА). — Нядаўна злавілі аднаго такога. Вывозіў метал з Усходніх і Кальварыйскіх могілак. Розныя вазачкі, упрыгажэнні з помнікаў. Зладзеі шукаюць каштоўныя рэчы з дапамогай магніту. Ён не «прыстае» да каляровага металу.

На могілках існуе час для наведванняў. З 1 красавіка да 1 кастрычніка — з 9 раніцы да 9 вечара. З 1 кастрычніка па 31 сакавіка тут пераходзяць на зімовы час візітаў — з 9 раніцы да 7 вечара. Пры гэтым па законе на могілкі не маюць права не пусціць, у які б час ты ні прыйшоў. Вядома, мала хто памкнецца на магілу пасярод ночы, але здараецца і такое. Тады людзей пускаюць. Вось толькі на машыне заехаць ноччу не дазволяць.

— Такі рэжым працы ўстанавілі, каб папярэдзіць крадзяжы. Хоць афіцыйна супрацоўнікі могілак не нясуць адказнасці за захаванасць надмагільных збудаванняў, — дадаў дырэктар.

Акрамя крадзяжоў, хоць і вельмі рэдка, але здараюцца на могілках і самавольныя пахаванні. Пры гэтым, як правіла, парушаюцца санітарныя нормы і нават межы суседніх участкаў. Пасля прыходзіцца з міліцыяй шукаць сваякоў чалавека, якому апошні прытулак арганізавалі такім чынам.

Мільён кветак. Пластыкавых

Спецыялізаваныя арганізацыі ці тыя, каго мясцовыя ўлады прызначылі адказнымі за ўтрыманне могілак, павінны сачыць за парадкам на пагосце.

— Яны сочаць за чысцінёй месцаў пахавання, спраўнасцю работы будынкаў, водаправода і каналізацыі, калі яны ёсць на могілках, — кажа Марына ТОЎСЦІК, начальнік упраўлення камунальнай гаспадаркі і энергетыкі Міністэрства ЖКГ. — Праезды, клумбы, газоны і іншыя месцы агульнага карыстання ачышчаюць ад смецця, снегу і лістоты, летам паліваюць, а ўзімку — пасыпаюць пяском. Акрамя таго, могілкі азеляняюць, фармуюць дрэвы і кусты, косяць траву.

У абавязках арганізацый таксама вываз смецця з кантэйнерных пляцовак, пілаванне сухіх дрэў, рамонт знешняй агароджы могілак. Усё гэта робіцца за кошт дзяржавы. Аднак калі сваяк памерлага папросіць знішчыць дрэва, якое, напрыклад, каранямі ўздымае магілу, гэтая паслуга ўжо будзе платнай.

Смецце пасля рамонту ці прыборкі на пагостах вывозяць адпаведныя службы. Старыя вянкі і кашы΄ з магіл збіраюць асобна. Па інфармацыі цэнтра экалагічных рашэнняў, штогод на могілках з'яўляецца мільён пластыкавых кветак, на якія беларусы трацяць паўмільёна долараў. Пасля гэта пераўтвараецца ў 10 тон пластыка, які раскладаецца на звалках больш за 100 гадоў, паралельна забруджваючы ваду, зямлю і паветра. Кіраўніцтва КБА таксама раіць класці на магілу толькі жывыя кветкі і хадзіць на магілы хоць бы два разы на год: вясною на Радаўніцу і восенню на Дзяды.

З будаўнічым смеццем пасля рамонту месцаў пахавання крыху прасцей. Яго здаюць на ўтылізацыю, за што трэба плаціць грошы.

— Таму мы і бяром з людзей ці арганізацый плату за ўтылізацыю будаўнічых адходаў пасля работ на магіле, — растлумачыў дырэктар спецкамбіната. — Мы, напрыклад, адпрацаваны бетон вывозім і плацім за яго перапрацоўку ў шчэбень.

На аднаго, двух ці чатырох

Родныя і сваякі памерлых павінны самі клапаціцца пра стан пагостаў і тэрыторый паміж участкамі пахаванняў.

— Сачыць за захаванасцю калумбарных ніш, пліт і надмагільных збудаванняў, своечасова рамантаваць і фарбаваць іх, а таксама мяняць разбураныя элементы павінны людзі, якія ўстанаўлівалі гэтыя помнікі, — падкрэсліла Марына Тоўсцік. — Яны таксама павінны клапаціцца пра чысціню на ўчастку. Даглядаць газон, кветнік ці жывую агароджу на магіле. За плату можна таксама заключыць дагавор на выкананне ўсіх гэтых работ спецыялізаванымі арганізацыямі.

Дарэчы, знешні выгляд помнікаў і агароджы, а таксама памеры самога пагоста па сучасных правілах павінны адпавядаць стандартам. Участак для аднаго пахавання — гэта плошча 1,4 x 2,3 метра, для двух — 2 x 2,3, для трох — 3 x 2,3, для чатырох — 4 x 2,3. Вышыня помніка не больш як 1,8 метра і агароджа не вышэй за 40 сантыметраў.

— Старыя помнікі дазвалялася рабіць іншых памераў, і мы не прымушаем сваякоў зносіць іх і рабіць па новых правілах. Іншая справа, калі хочуць паставіць новую надмагільную пліту ці агароджу. Іх прыйдзецца выканаць у адпаведнасці з новымі стандартамі, — падкрэсліў дырэктар КБА. — Пра ўсе планаваныя будаўнічыя работы на пагосце чалавек абавязаны паведаміць загадчыку могілак. Той, у сваю чаргу, павінен выдаць памятку, каб падчас рамонту на магіле не было штосьці парушана. Напрыклад, пра афарбоўку агароджы ці рамонт помніка паведамляць неабходна, а саджаць кветкі і прыбіраць лісце можна без папярэджанняў.

Як у Еўропе

Каля аэрадрома Ліпкі пад Мінскам у Магілёўскім напрамку сёлета пачнецца будаўніцтва новых могілак на 100 гектараў. Пад гэтыя мэты перададзены землі былога палігона. Плануецца, яго магчымасцяў хопіць гадоў на 20. Па памерах яны амаль такія ж, як і Паўночныя, дзе пахавана каля 100 тысяч чалавек.

Па праекце на новых могілках будуць арганізаваны газонныя ўчасткі, калумбарныя сценкі, двух-, чатырох- і шасцімесныя ўчасткі для пахаванняў, водаправод. Зробяць пад'яздныя дарогі да комплексу і сцежкі ўнутры саміх могілак. Пабудуюць адміністрацыйна-бытавы корпус, правядуць святло, усталююць агароджу. Як мяркуюць спецыялісты, пагосты не будуць адрознівацца ад аналагічных аб'ектаў у Еўропе.

Могілкі стануць будаваць паэтапна. Спачатку зробяць будынак адміністрацыі, агароджу і некалькі ўчасткаў. Пасля дабудуюць усё неабходнае. Узводзіць царкву на тэрыторыі не плануецца.

Звяртайце ўвагу на абвесткі

Каб быць упэўненым, што зможаш адшукаць магілу сваяка, трэба не толькі прыходзіць на яе з кветкамі, але і рэагаваць на абвесткі, якія пакідаюць мясцовыя служачыя. Кожныя два гады яны праводзяць інвентарызацыю месцаў пахавання і вешаюць на ўчастках абвесткі з просьбай навесці парадак: адрамантаваць памятнік ці пліту, пафарбаваць агароджу.

Па выніках сёлетняй праверкі толькі ў Мінску больш як 27 тысяч пахаванняў неабходна прыбраць. Перш за ўсё гэта датычыцца напаўразбураных, а то і ўвогуле ляжачых помнікаў, іржавых агароджаў, безыменных пахаванняў.

— Калі праз два гады парадак так і не навялі, мы маем права за дзяржаўны кошт ліквідаваць помнік і агароджу і замест іх паставіць спецыяльны знак, так званы падгалоўнік, — падзяліўся Мікалай Ракевіч. — Бывае, што ў памерлага ўжо і не засталося ніякіх сваякоў і няма каму глядзець за магілай. А здараецца, што прыходзілі потым, кветкі прыносілі. Некаторыя спачатку злаваліся, што замест магілы з участкам знаходзілі знак. Пасля дзякавалі, што мы прыбралі.

Каб пазбавіцца ад старых закінутых магіл і ўпарадкаваць участкі, тры гады таму супрацоўнікі спецкамбіната прапаноўвалі ўнесці змены ў закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе».

— Мы меркавалі так. Калі праз два гады сваякі не знаходзяцца, то можна праводзіць эксгумацыю астанкаў, крэміраваць іх і хаваць на дальніх канцах могілак у агульную магілу. А месцы, якія такім чынам вызваліліся, — аддаваць людзям, якія пры гэтым павінны пакрыць нашы затраты. Такі або падобны парадак існуе ў многіх краінах. Там могілкамі карыстаюцца стагоддзямі. А ў нас — усяго пару дзесяцігоддзяў. Гэта цалкам мэтазгодна, бо хутка нам не будзе дзе хаваць, — упэўнены дырэктар КБА. — Царква тады выступіла супраць, але сёлета мы ізноў будзем уносіць свае прапановы ў наступны варыянт карэкціроўкі закона. Сучаснае заканадаўства стала больш строга ставіцца да месцаў пахавання. Раней многія старыя могілкі проста руйнаваліся. Цяпер так рабіць нельга. І вось уявіце, што праз некалькі дзесяцігоддзяў Мінск можа апынуцца ў кальцы могілак. Пры гэтым новых зямель для стварэння пагостаў вакол сталіцы няшмат...


Зямлі на ўсіх не хопіць

Два месцы на могілках выдзяляюцца бясплатна. Калі патрэбна плошча на большую колькасць людзей побач, прыйдзецца плаціць. У кожнай мясцовасці — свая цана. Дарэчы, пасля 20 гадоў ва ўжо існуючыя магілы можна пакласці яшчэ адну труну (пры наяўнасці доказу) з блізкім сваяком. А праз наступныя 20 — яшчэ аднаго. Астатнія пахаванні на ўчастку ўжо робяцца праз урны з прахам, якія можна паставіць у калумбарныя нішы ці сценкі ад аднаго да шасці месцаў.

«Сэканоміць месца» ўдаецца за кошт крэмацыі, праз якую штомесяц праходзіць палова памерлых мінчан. Непадалёк ад Мінска працягваюць дзейнічаць толькі Заходнія могілкі, аднак праз два-тры гады іх рэсурс будзе вычарпаны.

— Людзі не хочуць хаваць сваякоў далёка. Ім зручней побач, у сталіцы. Тады мы будуем калумбарныя сценкі і прапануем ставіць у іх урны з прахам сваякоў. У Германіі крэміруюць 90 % памерлых, у Прыбалтыцы — ледзьве не 100 %, бо не хапае зямлі, — заўважае дырэктар спецыялізаванага камбіната камунальна-бытавога абслугоўвання Мікалай РАКЕВІЧ.

На яго думку, лепш хаваць у урнах таксама і таму, што пры пахаванні яшчэ аднаго чалавека ва ўжо існуючую магілу ўзнікаюць складанасці з іх абазначэннем.

— Ці то помнік мяняць, ці проста выбіць на існуючым другое імя... І побач два помнікі не паставіш. Значна лепш захаваць прах у калумбарнай нішы, дзе і партрэт, і імя, і паставіць яе можна ў любым месцы ўчастка. У Польшчы, напрыклад, 30 крэматорыяў, у кожным ваяводстве свой. У Чэхіі з амаль такой жа колькасцю насельніцтва, як і ў Беларусі, — 36 крэматорыяў. А ў нас — адзін. Нашы людзі таксама калі-небудзь усвядомяць неабходнасць крэмацыі. Яшчэ два гады таму мы крэміравалі каля 25 % памерлых, цяпер ужо палову. Гадоў праз 20—30, думаю, дакладна будзем крэміраваць 90 % памерлых.

Ірына СІДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў у Беларусі

Кіраўнікі дзяржорганаў працавалі на сваёй малой радзіме.

Грамадства

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Якая будучыня ў сядзібных участкаў сталіцы?

Разбіралася карэспандэнт «Звязды».

Грамадства

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

86-гадовы доктар тэхнічных навук: Усімі поспехамі я абавязаны жонцы

Прафесар у галіне машынабудавання на пенсію яшчэ не збіраецца.