Вы тут

Чаму вернікі незадаволены рамонтам храма


У вёсцы Зарачанка Гродзенскага раёна вырашылі адрамантаваць касцёл. Жыхары наваколля сабралі сродкі, абмеркавалі з будаўнікамі кошт работ, але неўзабаве высветлілася, што грошай не хапае. Каб працягваць рамонт, зноў спатрэбілася дапамога прыхаджан. Мясцовыя жыхары сталі падазраваць будаўнікоў у завышэнні кошту і нават звярнуліся ў Камітэт дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.


Помнік архітэктуры

Лёс зарачанскага касцёла падобны на лёсы многіх іншых культавых аб'ектаў рэгіёна. Яго таксама не абышла бокам эпоха атэізму, падчас якой храм быў на некалькі дзесяцігоддзяў закрыты. Мясцовыя жыхары прыгадалі, што тут быў склад, дзе захоўвалі лубін.

На пачатку 90-х касцёл вярнулі каталіцкай епархіі і вернікі пачалі яго аднаўляць. Будынак знаходзіўся ў занядбаным стане — выбітыя вокны і дзверы, пашкоджаныя сцены і дах, знішчаныя касцельныя харугвы. Што змаглі, зрабілі ўласнымі сіламі, на іншыя работы запрашалі майстроў. Іх працу аплачвалі тым, што сабралі...

Таксама трэба было набываць і касцельнае начыненне, бо не ўсё захавалася, нягледзячы на тое, што многія жыхары трымалі ў сябе царкоўныя святыні. З адкрыццём храма яны былі вернуты на месца.

Касцёл Нараджэння Панны Марыі ў Зарачанцы можна назваць мясцовай славутасцю. Нельга сказаць, што ён старажытны, але мае пэўную архітэктурную адметнасць. Храм пабудаваны ў 1937 годзе, і летась тут урачыста адзначылі 80-гадовы юбілей. Дарэчы, падчас святкавання мясцовыя ўлады выдзелілі восем тысяч рублёў на добраўпарадкаванне касцёла і навакольнай тэрыторыі.

Разам з тым сам будынак з'яўляецца помнікам архітэктуры, ён узведзены ў стылі неаготыкі, над уваходам узвышаецца двух'ярусная вежа са шпілем. Поўная копія зарачанскага касцёла ёсць пад польскім Беластокам. Відаць, храмы будаваліся адначасова па адным праекце і з аднаго матэрыялу — бутавага каменю.

Дарэчы, у Зарачанку ездзяць вернікі з многіх навакольных вёсак. Старажылы прыгадваюць той час, калі вёска мела іншую назву — Баля Касцельная. Мабыць, з-за прыгожага і велічнага храма.

Рамонт прыспеў

Трэба сказаць, што рамонтныя работы тут не вяліся з таго часу, як касцёл адкрылі, гэта значыць з 90-х гадоў. За такі вялікі перыяд будынак састарэў, пацёк дах, на сценах з'явіліся трэшчыны, пачала адвальвацца тынкоўка, фасад выглядаў непрэзентабельна... Вось тут касцельны камітэт на чале з настаяцелем і задумаўся аб капітальным рамонце. Трэба сказаць, што прыхаджане ідэю падтрымалі і пачалі мэтанакіравана збіраць сродкі.

Дапамагалі старасты вёсак, якія літаральна заходзілі ў кожны дом. Большасць жыхароў — пенсіянеры, але некаторыя з іх ахвяравалі па тысячы рублёў. Да мецэнацтва далучыліся жыхары Гродна, якія нарадзіліся ў гэтых мясцінах, значную дапамогу аказала мясцовая гаспадарка «Зарэчны-Агра». Ініцыятыўнай групе ўдалося сабраць каля 50 тысяч рублёў. Менавіта такі кошт вызначылі для рамонту будынка эксперты.

Пачалі шукаць будаўнічую арганізацыю, якая ажыццявіла б гэты няпросты праект. Разглядалі некалькі варыянтаў. Аліна Дубейка, член касцельнага камітэта, паведаміла, што напачатку спыніліся на падраднай арганізацыі з Мінска. Фірма прапанавала выканаць рамонт за 16 тыс. долараў, але работнікаў неабходна было забяспечыць жыллём і харчаваннем, іншыя прэтэндэнты на падрад патрабавалі дадатковыя інструменты, падсобных рабочых.

Урэшце спыніліся на гродзенскай будаўнічай фірме, з якой сышліся ў кошце. Да таго ж будаўнікі ўжо мелі вопыт рамонту храмаў, трымалі ў штаце альпіністаў. Пасля падпісання дагавора адразу прыступілі да работы.

Але завяршыць рамонт не атрымалася. На заяўленую суму будаўнікі адрамантавалі і ўцяплілі дах, замянілі гнілыя драўляныя бэлькі ў вежы і вокнах, патынкавалі і пафарбавалі сцены знутры касцёла.

Летам з будаўнікамі за гэта і расплаціліся. Але на аднаўленне фасада сродкаў ужо не хапіла, таму што, як сцвярджаюць будаўнікі, падчас рамонту спатрэбіліся і не прадугледжаныя планам работы.

З коштам не згодны

Па словах Аліны Дубейкі, сярод вернікаў пачаўся дадатковы збор сродкаў на рамонт фасада. З пэўнымі праблемамі, бо прыход невялікі — каля паўтысячы чалавек, — удалося сабраць неабходную суму. Але ў будаўнічай фірме падлічылі... і выставілі новы кошт. Зноў пачаўся збор сродкаў. На гэты раз жыхары больш зацікавіліся коштам работ. Узнікла пытанне: як атрымалася, што напачатку была заяўлена адна сума, а ў працэсе рамонту яна вырасла? Больш свядомыя вяскоўцы выказалі меркаванне аб завышаных каэфіцыентах і звярнуліся ў Дзяржкантроль з просьбай пералічыць каштарыс.

Што датычыцца якасці рамонту, тут заўваг і прэтэнзій у прыхаджан не ўзнікае. Яны лічаць, што работы выкананы вельмі добра. Гэта пацвердзіла і начальнік упраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы КДК вобласці Таццяна Слабыш. Яе падначалены выязджаў на месца і не знайшоў хібаў у выкананай рабоце — дах зроблены якасна. А вось праверка па частцы завышэння аб'ёмаў і кошту работ яшчэ вядзецца. Калі такія факты будуць выяўлены, сродкі прыйдзецца вярнуць, паведамілі ў Камітэце дзяржкантролю. Між тым чуткі з гэтай нагоды ходзяць розныя... Па факце ж былога настаяцеля не так даўно перавялі ў іншы прыход. Цяперашні ксёндз не схільны праліваць святло на гэтую гісторыю. Яго пазіцыя — міратворчая. Маўляў, трэба ўсё забыць і ўсім дараваць.

Член касцельнага камітэта Аліна Дубейка лічыць, што непаразуменне ў гэтым пытанні ўзнікла яшчэ і таму, што адказныя за рамонт прадстаўнікі касцёла не давалі справаздачу прыхаджанам аб усіх этапах работ. На яе думку, сітуацыя з размеркаваннем сродкаў і каштарысам павінна быць больш празрыстай, а фінансамі могуць распараджацца толькі сумленныя людзі.

Ці пастаўлена кропка ў гэтай справе? Адказ даведаемся пасля таго, як завершыцца праверка. Але ўжо зараз можна сказаць, што наўрад ці такая сітуацыя паўторыцца. Па словах Аліны Мікалаеўны, новы настаяцель — чалавек вельмі ашчадны і ўсё трымае пад асабістым кантролем.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Па завышаным кошце?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.