23 Ліпень, панядзелак

Вы тут

Рэальнасць і магчымасці кааперацыі


Нядаўна ў Рэспубліцы Беларусь абнавіўся склад мясцовых Саветаў дэпутатаў. Нававыбраным прадстаўнікам народа сумесна з выканаўчай уладай трэба будзе вырашыць шэраг пытанняў у галіне рэгіянальнай палітыкі, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.


Сельскагаспадарчы кааператыў «Гіжэнскі аграрый»  на сырнай ярмарцы ў г. Слаўгарад.

Не той узровень

Сёння, напрыклад, актуальнай праблемай з'яўляецца стварэнне эфектыўнай сістэмы абслугоўвання насельніцтва і малых формаў гаспадарання (асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, фермерскіх гаспадарак і іншых суб'ектаў малога аграбізнесу) у сельскай мясцовасці. Гэтае пытанне было разгледжана ў лютым 2018 года на выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання і праўлення Беларускага саюза спажывецкіх таварыстваў (далей — Белкаапсаюз) у Паставах.

Галоўнай сеткай, якая абслугоўвае вёску і задавальняе попыт насельніцтва на тавары, работы і паслугі, у асноўным з'яўляюцца арганізацыі спажывецкай кааперацыі (Белкаапсаюза). Галоўны кірунак работы спажывецкай кааперацыі — гэта рознічны гандаль, доля якога за апошнія тры гады перавышае 70 % ад усёй яго дзейнасці. Вытворчасць прамысловай прадукцыі займае каля 10 %, нарыхтоўчая дзейнасць — 9 %, грамадскае харчаванне — 6 %, экспарт — 3 % і іншыя паслугі — 1 %.

Разам з тым узровень абслугоўвання насельніцтва і малых формаў гаспадарання на вёсцы застаецца недастатковым. Доля сельгаспрадукцыі, якая закупляецца ў гаспадарцы насельніцтва арганізацыямі Белкаапсаюза, нязначная і складае па бульбе менш за 1 %, гародніне — 4—5 %, пладах і ягадах — 15—17 % ад аб'ёмаў, якія вырабляюцца ў гэтым сектары аграрнай эканомікі.

Асноўнымі прычынамі недастатковай работы нарыхтоўчай галіны спажывецкай кааперацыі на вёсцы з'яўляюцца: нізкія цэны на сельгаспрадукцыю, якія прапануе спажывецкая кааперацыя для дробных сельгасвытворцаў; недастатковая якасць прадукцыі, што вырабляецца на ўласных падворках; высокія выдаткі і складанасць работы спажывецкай кааперацыі з дробным пастаўшчыком.

Акрамя таго, спажывецкая кааперацыя з-за шэрагу арганізацыйных, санітарных і іншых фактараў і ўмоў працы не можа ў поўнай меры задавальняць патрэбы дробных гаспадарак на вёсцы ў неабходных рэсурсах (мінеральных угнаеннях, сродках абароны раслін і жывёл, высакаякасных кармах, насенным матэрыяле, племянных жывёл, птушцы і іншым).

Саюзнікі і канкурэнты

Сусветны і айчынны вопыт паказваюць, што альтэрнатыўнай формай і «саюзнікам» спажывецкіх таварыстваў у вырашэнні названых праблем з'яўляюцца іх «браты-канкурэнты» — сельскагаспадарчыя спажывецкія кааператывы. Мэта кааператываў заключаецца ў задавальненні малых формаў гаспадарання ў неабходных рэсурсах, эфектыўным збыце прадукцыі ўдзельнікаў і па выгадных цэнах. Такія кааператывы з'яўляюцца некамерцыйнымі арганізацыямі. Яны не маюць на мэце атрымаць прыбытак для сябе — яны развіваюць прамыя сувязі з пастаўшчыкамі рэсурсаў і пакупнікамі сельгаспрадукцыі сваіх удзельнікаў, абмінаючы рознага роду перакупшчыкаў і гандляроў. Гэта дазваляе ўдзельнікам разам мінімізаваць выдаткі і павялічваць даходы кожнага.

У краінах Еўразійскага эканамічнага саюза (за выключэннем нашай краіны) дзейнасць сельскагаспадарчых кааператываў рэгулюецца спецыяльна прынятымі заканадаўчымі актамі. Гэта дазваляе дробным сямейным і індывідуальным гаспадаркам ствараць на добраахвотнай аснове розныя тыпы і віды кааператываў для ажыццяўлення забеспячэнскай, збытавой і іншай дзейнасці.

У Беларусі сёння працуюць 28 сельскагаспадарчых спажывецкіх кааператываў, у тым ліку агародніцкіх — 13, садаводчых — 2, жывёлагадоўчых — 3, пчалярскіх — 3, і 6 кааператываў згодна з іх статутнай дзейнасцю з'яўляюцца шматпрофільнымі.

Дзейнасць гэтых арганізацый рэгулюецца асобнымі нормамі Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (арт. 44, 116), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб спажывецкай кааперацыі (спажывецкіх таварыствах, іх саюзах)», Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 1 «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб'ектаў гаспадарання» і іншых нарматыўных прававых актаў.

Важным этапам у развіцці першасных формаў вертыкальнай кааперацыі ў сельскай гаспадарцы і сельскай мясцовасці стала ў свой час рэалізацыя мерапрыемстваў «Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян на 2006—2010 гады» (зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 мая 2006 года № 681).

Падчас рэалізацыі праграмы пры ўдзеле мясцовага фонду «Цэнтр падтрымкі сельскага развіцця і прадпрымальніцтва Столінскага раёна» (далей — мясцовы фонд) і метадычным суправаджэнні ДП «Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі» ў сакавіку 2010 года шэсць грамадзян, занятыя вытворчасцю агародніны ў вёсцы Велямічы (Столінскі раён), стварылі спажывецкі сельскагаспадарчы забеспячэнска-збытавы кааператыў «Вескоп». Да канца 2010 года колькасны склад членаў «Вескопа» павялічыўся да 12 чалавек. У 2012 годзе ўдзельнікам кааператыва стала яшчэ і ўнітарнае прадпрыемства мясцовага фонду «Сельская Століншчына». Зараз у склад кааператыва ўваходзіць 31 удзельнік.

Заснавальнікі  сельскагаспадарчага кааператыва  «Наш мёд».

У апошнія два гады ў кааператыве дамінавалі збытавыя аперацыі, а забеспячэнскія займалі нязначную долю ў структуры яго абаротаў. Акрамя таго, для паляпшэння збыту агародніннай прадукцыі членаў кааператыва і насельніцтва ў вёсцы Велямічы быў створаны і працуе рынак для аптова-рознічнага продажу сельгаспрадукцыі насельніцтва. Ставіцца задача павелічэння ў найбліжэйшы час членскага складу кааператыва да 50 удзельнікаў, вызначэння крыніц рэсурсаў для будаўніцтва сховішча для агародніны на 2500 тон і развіцця гандлёвых сувязяў з буйнымі сеткамі («Алмі», «Еўрагандаль» і іншымі).

У Слаўгарадскім раёне з 2013 года функцыянуе спажывецкі сельскагаспадарчы кааператыў «Гіжэнскі аграрый». Цяпер членамі кааператыва з'яўляюцца 18 чалавек, з іх 15 сыравараў. «Гіжэнскі аграрый» пры падтрымцы малых грантаў ПРААН у рамках заяўленай кааператывам ініцыятывы «Падтрымка хатняга сыраварства як альтэрнатыўнай формы занятасці мясцовага насельніцтва на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях паблізу ад іх» завяршае стварэнне двух кааператыўных участкаў для адраджэння традыцый дамашняга сыраварства. Адзін з іх размесціцца ў вёсцы Лясной, а другі — у аграсядзібе «Сырная» (вёска Гіжэнка). У вёсцы Лясной сыраварам бязвыплатна перадалі будынак крамы мясцовага райспажыўтаварыства, які не выкарыстоўваецца. На адной з пляцовак сыр будзе вырабляцца на вачах у турыстаў, а ў спецыяльнай зоне кааператыў будзе праводзіць майстар-класы па вырабе сыроў.

Сярод пчалярскіх кааператываў найбольш паспяховым з'яўляецца «Наш мёд» — ён аб'ядноўвае інтарэсы 27 пчаляроў Гродзенскай вобласці, якія ўтрымліваюць каля 2500 пчоласем'яў.

Кааператыў забяспечвае патрэбы ўдзельнікаў у цукры, тары і іншых таварах. Адкрыты два гандлёвых аб'екты па продажы прадукцыі пчалярства яго ўдзельнікаў у Гродне і Ваўкавыску. Штогод кааператыў праз сваю рознічную сетку рэалізуе ад 3 да 7 тон мёду, арганізуе семінары і навучальныя паездкі за мяжу па вывучэнні перадавога вопыту ў пчалярстве.

А падаткі меншыя

Такім чынам, асноўныя асаблівасці арганізацыі і функцыянавання сельскагаспадарчых спажывецкіх кааператываў заключаюцца ў наступным: кааператывы з'яўляюцца добраахвотнымі аб'яднаннямі самастойных сельгасвытворцаў, але не кааператывамі па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі; членамі кааператываў могуць быць фізічныя і юрыдычныя асобы, у тым ліку органы дзяржаўнага кіравання (мясцовыя выканкамы і інш.) і арганізацыі; асноўнай мэтай дзейнасці кааператываў з'яўляецца павелічэнне асабістых даходаў іх удзельнікаў шляхам ажыццяўлення кааператывам забеспячэнскіх, збытавых і іншых гаспадарчых аперацый; для дасягнення сваіх статутных мэт кааператывы могуць ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць шляхам продажу тавараў, выканання работ і аказання паслуг асобам, якія не знаходзяцца ў членстве; кааператывы могуць ствараць свае ўнітарныя прадпрыемствы, удзельнічаць у гаспадарчых таварыствах і з'яўляцца членамі іншых кааператываў (і іншае).

Развіццю сельскагаспадарчых спажывецкіх кааператываў і павелічэнню даходаў іх удзельнікаў спрыяе таксама падатковае заканадаўства. Так, узносы членаў некамерцыйных арганізацый не з'яўляюцца аб'ектамі падаткаабкладання. Тавары (работы, паслугі), якія перадаюцца членам кааператыва і набыты (выкананы, аказаны) за кошт членскіх узносаў, не з'яўляюцца аб'ектам падаткаабкладання па падатку на дабаўленую вартасць. Акрамя таго, згодна з заканадаўствам аб абавязковым сацыяльным страхаванні спажывецкія кааператывы (акрамя спажывецкіх таварыстваў Белкаапсаюза) выплачваюць абавязковыя страхавыя ўзносы ў памеры толькі 12 % ад фонду аплаты працы (іншыя працадаўцы — 35 %, сельскагаспадарчыя арганізацыі — 29 %).

Такім чынам, зараз ёсць магчымасці для развіцця на сяле розных відаў сельскагаспадарчых спажывецкіх кааператываў, якія могуць стаць трывалай апорай для павышэння эфектыўнасці абслугоўвання сельскага насельніцтва. Развіццё такіх кааператываў прадугледжана падпраграмай 10 «Развіццё і падтрымка малых формаў гаспадарання» Дзяржаўнай праграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016—2020 гады, зацверджанай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2016 года.

Разам з тым асноўнай перашкодай у стварэнні і дзейнасці такіх арганізацый з'яўляецца псіхалагічны бар'ер, а хутчэй недахоп ведаў у насельніцтва ў галіне сельскагаспадарчай кааперацыі.

Для пераадолення гэтай праблемы рашэннем Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання Інстытуту сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі прапанавана распрацаваць і да канца 2018 года апублікаваць Метадычныя рэкамендацыі па стварэнні і дзейнасці сельскагаспадарчых спажывецкіх кааператываў з улікам дзейнага заканадаўства і практыкі работы такіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь.

Зараз перад заканадаўцамі краіны стаіць пытанне пра неабходнасць падрыхтоўкі і прыняцця спецыяльнага айчыннага заканадаўства ў галіне прававога забеспячэння дзейнасці сельскагаспадарчых кааператываў. Акрамя спажывецкіх, у Беларусі існуюць каля 40 сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў, з якіх 31 кааператыў функцыянуе на базе (ці ў статусе) былых калгасаў (арцеляў), створаных у перыяд калектывізацыі. Для гэтага Мінсельгасхарчу сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук прапанавана вывучыць практыку прымянення заканадаўства аб сельскагаспадарчых кааператывах у краінах блізкага і далёкага замежжа і ўнесці адпаведныя прапановы пра неабходнасць прызнання спецыяльнага прававога статусу сельскагаспадарчых кааператываў.

Аляксандр Казакевіч, загадчык сектара ўпраўлення рэгіянальнай палітыкі і мясцовага самакіравання Сакратарыята Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Спорт

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай

Як гродзенская прыгажуня стала чэмпіёнкай свету.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Сустрэча з каралевай, пад нумарам адзін і правіла ды выключэнне.

Грамадства

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Уязны турызм: назіраецца станоўчая дынаміка

Турызм — гэта перш за ўсё матывацыя, жаданне наведаць краіну, убачыць яе адметнасці, адпачыць у пэўным месцы.