Вы тут

«Звязда» правяла тэст-драйв Zоtуе Z500ЕV і Е200


Літаральна праз некалькі месяцаў не занадта разнастайны беларускі рынак аўтамабіляў атрымае двух каларытных гульцоў, якім цалкам па сілах узбурыць цішыню і спакой айчыннай аўтапрасторы. Гаворка ідзе пра электрычныя навінкі кампаніі Zоtуе, якія ў нашай краіне будуць збіраць у Абчаку на заводзе «ЮНІСОН» — дарэчы, інтэрв'ю са старшынёй наглядальнага савета прадпрыемства Аляксеем Ваганавым друкавалася ў нашым дадатку «Союз-Евразия». Што чакае магчымых пакупнікоў гэтых незвычайных мадэляў, якія перавагі і недахопы паказаў працэс эксплуатацыі, а таксама самае галоўнае — як жа яны едуць — усё гэта высветліла «Звязда».


Першы погляд

Кітайскія кампаніі зрабілі фенаменальны крок наперад. Калі раней мадэлямі з Паднябеснай пагарджалі за вельмі жорсткі пах пластыку і смяяліся з якасці зборкі, то сёння гэтыя машыны з'яўляюцца прыкладам паспяховай бізнес-мадэлі, якую можна пераймаць і развіваць. Нехта запярэчыць, што дызайн некаторых навінак з Кітая нагадвае «ці то Аudі, ці то Rаngе Rоvеr», аднак у пэўным сэнсе гэта — пошук уласнага стылю, магчымы толькі ў працэсе самога эксперымента. Так што аўтарскі почырк — хутчэй справа часу.

Вось і Zоtуе — яшчэ нядаўна ў знешнасці яе мадэляў лёгка было распазнаць некалькі іншых марак, але паступова дызайнеры прыйшлі да сваёй канцэпцыі.

На залітым сонцам палігоне завода «ЮНІСОН» Zоtуе Z500ЕV і асабліва малыш Е200 вылучаюцца з велізарнай колькасці красовераў T600, якія ў найбліжэйшай будучыні адправяцца да ўладальнікаў. Седан Z500ЕV вонкава выглядае абсалютна звычайна, што не дзіўна, паколькі ён пабудаваны на традыцыйнай базе з рухавіком унутранага згарання. Аўтамабіль належыць да класа D, яго можна лічыць сямейным электрамабілем.

Значна цікавейшы Е200, які па памерах нагадвае Smаrt, аднак знешне — гэта яркае і незвычайнае аўто, якое складана параўнаць хоць з чым-небудзь. Эх, як было б цікава паездзіць на ім у горадзе! Але пакуль гэтага зрабіць нельга: працэс сертыфікацыі не завершаны. Гэты мікракар вылучаецца прыгожымі святлодыёднымі фарамі і двухколернай афарбоўкай, а кузаў зроблены з кампазітных матэрыялаў. У перспектыве малыш зможа па-сапраўднаму ўпрыгожыць нашы дарогі.

Вядома, з вонкавых асаблівасцяў абодва аўтамабілі вылучаюць адмысловыя разеткі для падзарадкі: адна хаваецца ў люку класічнага бензабака, другая — пад значком брэнда на пярэдніх рашотках. Запас ходу ў седана — каля 250 кіламетраў, у мікракара — пад 220 кіламетраў. Сур'ёзная заяўка, тым больш што зараджаць іх можна ад звычайнай разеткі. Напрыклад, у Е200 гэты працэс зойме пад восем гадзін, ад хуткай зарадкі — 30 хвілін на 80 працэнтаў батарэі.

Вонкава аўтамабілі выглядаюць даволі самавіта, але што ж чакае ўнутры?

Праз церні і да зорак

За­мест звы­чай­ных дзвяр­ных ру­чак у ад­мыс­ло­вым па­зе ў Е200  пра­ду­гле­джа­на кноп­ка.

Першым быў цалкам вывучаны беласнежны седан Z500ЕV. Калі садзішся за руль, то здзіўляе сапраўды шмат — у адрозненне ад знешнасці. Адразу звяртаеш увагу на велізарны сэнсарны экран, які нагадвае Tеslа або апошнія мадэлі Vоlvо. Вядома, сама сістэма на базе Аndrоіd працуе неідэальна, затрымка ад дотыку да выканання каманды складае прыкладна секунду. Тым не менш той жа тэлефон па Bluеtооth падключаецца хутка і без праблем.

Шайба пераключэння перадач быццам знятая з Rаngе Rоvеr, але ўпісалася ў інтэр'ер арганічна — было б дзіўна ўбачыць пры такім экране мультымедыя звычайны рычаг пераключэння.

Прыборная панэль таксама электронная, але чытаецца цяжкавата, бо крыху перагружана інфармацыяй. Дарэчы, тэст-драйв праводзіўся ў вельмі сонечнае надвор'е, таму і прыборка, і мультымедыйны экран моцна блікавалі, што рэальна перашкаджала ў руху.

У Е200 прыборная панэль простая і лёгка чытаецца, у адрозненне ад седана.

Салон пакідае добрае ўражанне, у тым ліку і з-за абсталявання. Тэставая мадэль была нафаршавана па поўнай праграме: тут і панарамны дах, і электрычная рэгуліроўка крэслаў, і камфортныя сядзенні з экаскуры. Месца шмат — і гэта ацэняць сем'і, якія, па ідэі, з'яўляюцца мэтавай аўдыторыяй гэтага аўто. Сядзець за кіроўцам з ростам 189 сантыметраў можна спакойна, нават для ног запас застанецца. Праблема ў іншым: на заднім радзе нізкаваты дах, таму высокія людзі будуць упірацца галавой у столь.

За значком фальшрашоткі радыятара седана хаваецца разетка для хуткай зарадкі.

Крыху збянтэжыў руль — залішне тонкі ў абхваце, ён занадта лёгкі, хочацца зрабіць яго больш цяжкім. Багажнік цалкам звычайны для гэтага класа, пад перакрыццем хаваецца паўнавартаснае запасное кола.

Малыш Е200 яшчэ цікавейшы. Тут кіроўцу сустракае вялікі дзесяцідзюймовы экран мультымедыйнай сістэмы, а таксама «палегчаная» прыборная панэль, на якую выводзіцца самая неабходная інфармацыя.

Вядома, тут хапае розных люксавых «прымочак» — тыя ж электрарэгуліроўкі сядзенняў, камера задняга віду і электрычны ручнік.

Шайба пераключэння перадач такая ж, як у электрычным седане, але яна размешчана занадта нізка. Нават чалавеку сярэдняга росту прыйдзецца моцна нахіляцца наперад, каб выбраць патрэбную перадачу. Акрамя таго, руль гэтай мадэлі рэгулюецца толькі па вышыні. Гэта не занадта прыемна, паколькі становішча руля прымушае прысунуць сядзенне як мага бліжэй.

Варта сказаць некалькі слоў для аматараў паразважаць пра падобныя аўто з пункту гледжання «капсул смерці»: маўляў, бяспека ў іх ніякая. Тут усталяваныя дзве адпаведныя падушкі, а таксама дзвярныя ўзмацняльнікі спераду і ззаду, спакою кіроўцы і пасажыра спрыяюць сталёвы корпус і супрацьударныя бэлькі.

Унутры не цесна. Месца хапае не толькі кіроўцу і пасажыру, але нават і для пары торбаў — інжынеры змаглі знайсці прастору для невялікага багажніка, у які ўлезе больш, чым некалькі пакетаў з супермаркета.

Педаль у падлогу!

У се­да­на да­во­лі не­звы­чай­ны ключ.  У са­мой ма­шы­не яго мож­на па­клас­ці ў спе­цы­яль­ную ні­шу аль­бо прос­та не да­ста­ваць з кі­шэ­ні.

Седан Z500ЕV мае пярэдні прывад, таму ніякіх нечаканасцяў падчас руху не прадбачыцца. У нашай рубрыцы ўжо сустракаліся электрамабілі, таму да цішыні паступова прывыкаеш, аднак калі ўпершыню трапляеш у падобную мадэль, здзіўляешся адсутнасці якіх-небудзь гукаў падчас язды. Дарэчы, у гэтым аўто электрычны матор трохі, але ўсе ж такі чуваць.

На жаль, асаблівай дынамікай гэты седан не радуе — па пашпарце (ды і па адчуваннях таксама) да 100 кіламетраў за гадзіну ён разганяецца за дзесяць секундаў. Максімальная хуткасць — 140 кіламетраў за гадзіну. Зноў жа, агульнае ўражанне крыху пагаршаецца з-за не надта інфарматыўнага руля, але ў цэлым машына едзе ўпэўнена і на дарозе трымаецца ўстойліва.

У пачатку тэст-драйву супрацоўнік завода адзначыў, што седан у руху цікавейшы, чым мікракар, аднак Е200 пакідае значна больш задавальнення ад перамяшчэння. Вядома, наўрад ці ён едзе хутчэй — афіцыйных даных па разгоне да 100 кіламетраў за гадзіну папросту няма, — але з-за памераў здаецца, быццам машына ўзлятае, а не едзе. Электраматор магутнасцю 60 кВт можа разагнаць яе да максімальных 120 кіламетраў за гадзіну, прывад — задні.

Палігон не дазваляе на ўсю моц вывучыць гэтую мадэль, але развярнуцца двума заходамі на вузкай дарозе ў дзве паласы атрымаецца без аніякіх праблем. На самай справе пры належнай цане гэты аўтамабіль лёгка можа стаць гарадскім хітом, бо часам на вуліцах сталіцы адшукаць парковачнае месца вельмі няпроста. Падвеска ў абодвух аўто сабраная, але ў седане, зразумела, мякчэйшая.

Айчынныя рэаліі

Раней паведамлялася, што Zоtуе Z500ЕV можа абысціся патэнцыйнаму пакупніку амаль у 22 тысячы долараў, а малыша Е200 можна будзе набыць за 17 тысяч. Дорага? Мабыць, што так. Вядома, пакуль кошты папярэднія, аб канкрэтных перспектывах можна будзе казаць тады, калі абвесцяць афіцыйны прэйскурант.

Тыя самыя кнопкі ў Z500ЕV, якімі віп-пасажыр можа ссунуць сядзенне і адрэгуляваць спінку.

Відавочна, што свет рухаецца ў бок электрыфікацыі — і гэта дазваляе не толькі эканоміць на паліве і запчастках, але і ўносіць свой уклад у аздараўленне навакольнага асяроддзя. Але навошта купляць электракар, калі ты жывеш у шматкватэрным доме ў вялікім горадзе? «Запраўляць» яго нязручна, прыйдзецца рабіць гэта альбо ў офісе, альбо выкручвацца з зарадкай у кватэры — выключэнне складаюць толькі тыя кіроўцы, якія пражываюць у прыватным доме. Спецыяльных станцый для падзарадкі ў тым жа Мінску, мякка кажучы, няшмат, пра рэгіёны лепш прамаўчаць.

Магчыма, гэта разавая праблема, аднак у Е200 перыядычна пры кіраванні нагой можна зачапіцца за матэрыял абшыўкі над педалямі.

Электрычныя аўтамабілі сапраўды могуць стаць папулярнымі, але для гэтага патрэбна інфраструктура, пра што вялі размову на афіцыйнай прэзентацыі мадэляў Zоtуе. Падтрымка дзяржавы неабходная, каб падобныя праекты не сталі разавымі акцыямі. Добра, калі будуць ільготы, але без зарадных станцый эксплуатацыя электракара — не задавальненне, а выпрабаванне.

Вялікі седан Z500ЕV і мікракар Е200 цалкам могуць заняць сваю нішу ў аўтажыцці Беларусі. Як справядліва заўважылі калегі, першы можа стаць не толькі сямейным аўто, але і камфортным сродкам перамяшчэння для чыноўнікаў, бо на другім радзе — роўная падлога, шмат месца для ног, ды яшчэ і пярэдняе пасажырскае сядзенне можа рухаць задні правы пасажыр! А малыш Е200 выдатна падыдзе для маладых людзей, якія жывуць актыўным гарадскім жыццём.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: У чаканні... ільгот і інфраструктуры?

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што адбываецца ў Юравічах?

Што адбываецца ў Юравічах?

Пасля трагедыі людзі размаўляюць з журналістамі на ўмовах ананімнасці

Грамадства

На чым Ветка трымаецца

На чым Ветка трымаецца

Формула поспеху мясцовага музея простая: шануй сваё, тым і будзеш цікавы.

Грамадства

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Зміцер Жылуновіч. Таварыш пясняр

Ён быў аўтарам Маніфеста аб абвяшчэнні Савецкай Беларусі, першым прэм'ер-міністрам рэспублікі, яго двойчы выключалі з партыі, ён мог стаць першым народным паэтам...