Вы тут

Медыйныя асобы дапамогуць сабраць сродкі на рамонт дзіцячай бальніцы


Дыпламаты, артысты, спартсмены і тэлевізійнікі дапамогуць сабраць сродкі на рэканструкцыю Бабруйскай дзіцячай бальніцы.


Вялікі дабрачынны марафон «Па поклічы сэрца ўсёй грамадой» адбудзецца на наступным тыдні ў Бабруйску. Ініцыятарам акцыі выступіў вядомы спявак Руслан Аляхно, які прыгадаў, што ў маленстве таксама праходзіў лячэнне ў гэтым дзіцячым шпіталі, і вырашыў у Год малой радзімы дапамагчы роднаму гораду.

Значную частку сродкаў, неабходных для рэканструкцыі дзіцячай бальніцы, пачынаючы з верасня мінулага года, ужо ўдалося сабраць дзякуючы самым нераўнадушным гараджанам, бізнесменам і арганізацыям. Але гэтых грошай недастаткова — паводле каштарыса, на капітальны рамонт і тэхнічнае ўдасканаленне другой чаргі Бабруйскай дзіцячай бальніцы патрэбна 8 мільёнаў 156 тысяч рублёў. Таму ў межах дабрачыннага марафону на стадыёне імя Пракапенкі адбудзецца футбольны матч паміж камандай замежных дыпламатаў і зборнай Бабруйска — супраць каманды гарадской адміністрацыі і мясцовых спартсменаў на поле выйдуць прадстаўнікі пасольстваў Расіі, Казахстана, Таджыкістана, Турцыі, Чэхіі, Літвы і Польшчы. Уваход на стадыён будзе бясплатны, але падчас гульні пройдзе збор сродкаў.

А ўвечары ў «Бабруйск-Арэне» запланаваны зборны канцэрт з удзелам вядомых беларускіх і расійскіх артыстаў: Руслана Аляхно, Дзмітрыя Калдуна, Ірыны Дарафеевай, Аляксандра Саладухі, Дзіяны Гурцкой, Эдуарда Шульжэўскага, Дзяніса Клявера, Анастасіі Ціхановіч, Анатоля Ярмоленкі і іншых. Усе грошы, выручаныя ад продажу білетаў, будуць пераведзеныя на мэтавы рахунак дзіцячай бальніцы.

Да марафону далучыўся тэлеканал «Беларусь 2», які 18 красавіка правядзе шэраг прамых уключэнняў з Бабруйска і інтэрв'ю з вядомымі палітыкамі, спартсменамі, дзеячамі культуры і навукі, а таксама пакажа тэлеверсію канцэрта і падрабязна раскажа, як абсалютна кожны ахвотны беларус можа зрабіць свой унёсак у дабрачынны праект.

Вікторыя ЗАХАРАВА

Загаловак у газеце: Па поклічы сэрца

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.