Вы тут

Прэзентавана кніга «А хто там ідзе?» на мовах свету»


У камернай зале Л. П. Александроўскай Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі прайшла прэзентацыя ўнікальнага выдання — кнігі аднаго верша народнага песняра Беларусі Янкі Купалы «А хто там ідзе?» на мовах свету». Сёлета яна пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».


«А хто там ідзе?» — радкі, напісаныя больш за стагоддзе таму, не страцілі сваёй актуальнасці і сёння. Ніхто лепш не сказаў пра беларусаў, чым нацыянальны геній Янкі Купалы. Верш стаў народным гімнам...

Кніга выйшла па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Укладальнікамі выдання сталі доктар філалагічных навук, прафесар БДУ, ганаровы старшыня Міжнароднага фонду Янкі Купалы Вячаслаў Рагойша і дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Алена Ляшковіч.

Удзельнікамі грунтоўнага праекта выдавецтва выступілі 100 найлепшых перакладчыкаў свету. Іх злучыла агульная ідэя: данесці да суайчыннікаў сугучнасць думак беларусаў, асаблівасць гістарычнага мінулага ўсяго народа.

А чаго ж, чаго захацелась ім,

Пагарджаным век, ім,

сляпым, глухім?

— Людзьмі звацца.

«У простых і шчырых радках б'юцца сэрцы мільёнаў беларусаў, якія імкнуцца да шчасця і волі, якія аб'ядналіся ў агромністай грамадзе, каб перад усім светам з гонарам засведчыць сваё права...», — ва ўступным слове да кнігі падкрэсліў міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей.

«Наш беларускі класік інтэрнацыянальны, пра што сведчыць і гісторыя верша. Першым на сваю мову яго пераклалі ўкраінцы, потым літоўцы, рускія, чэхі, палякі — гэта было сугучна настрою грамадства, што стала на шлях самавызначэння і сцвярджэння нацыянальнай годнасці, — зазначыў дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч. — Адметна, што сярод перакладаў на асноўныя мовы свету шмат перакладаў на мовы маленькіх народаў, якія таксама спрабуюць ва ўвесь голас заявіць пра сябе і свае пошукі лепшай долі, да чаго заклікаў беларускі класік. Гэта сугучна і сённяшняй сітуацыі, што адбываецца ў свеце: яна надзвычай складаная. Але беларуская зямля, як і заўжды, выпраменьвае ў свет не толькі цеплыню душы свайго народа, але і імкненне да міру, да ўзаемадзеяння з іншымі».

«Выхад гэтай кнігі — вялікае свята для Беларусі. Выданне дае ўнікальную магчымасць нашай культуры і літаратуры паслужыць асновай для добрых міжсуседскіх адносін паміж іншымі народамі і дзяржавамі... Упэўнены, што культурнае супрацоўніцтва будзе добрай базай для ўзаемаразумення і ўзаемадзеяння і з Еўрапейскім саюзам, і з усім светам...», — засведчыў дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, доктар філалагічных навук, прафесар Іван Саверчанка.

Удзельнікамі літаратурна-музычнай імпрэзы сталі госці са шматлікіх краін блізкага і далёкага замежжа, дыпламаты, паслы. Падчас урачыстасці знакаміты верш «А хто там ідзе?» прагучаў на многіх мовах свету.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.