Вы тут

Часопісу «Маладосць» споўнілася 65 год


У часопіса «Маладосць», год нараджэння якога — 1953-і, багаты досвед. Красавік у той час даў парастак новага літаратурна-мастацкага выдання для моладзі. Але парастак вельмі хутка стаў багатай літаратурнай нівай Беларусі: тут працавалі Пімен Панчанка і Янка Брыль, Анатоль Грачанікаў і Мікола Аўрамчык, Янка Сіпакоў і Васіль Зуёнак, Генрых Далідовіч і Раіса Баравікова... Можна пералічыць імёны — і стане зразумела, наколькі багатая айчынная літаратура. Імкненне да яе адчуваецца ўжо ў маладосці — як некалі, так і ў наш час, пра гэта сведчыць галоўны рэдактар выдання Святлана Воцінава.


— Існаванне часопіса ў розныя часы суправаджала пытанне: маладосць — гэта ўзрост ці стан душы? Кожны рэдактар даваў свой адказ. Ці вызначылі вы за гады сваёй працы, што тут для вас першаснае?

— Яшчэ не так даўно я адказала б, ды і адказвала, што маладосць для мяне найперш стан душы, і, беручы для яскравасці супрацьлегласці, гаварыла для прыкладу, што ў дваццаць гадоў можна мець старасвецкія погляды і меркаванні, а ў восемдзесят — звышсучасныя. І першае, і другое сустракаецца ў жыцці даволі нярэдка, гэта праўда, але... Чамусьці нічога не набліжала мяне да натуральнай, як цяпер бачу, думкі, што ўзрост і стан душы не з'яўляюцца адно ад аднаго незалежнымі, што насамрэч яны ўзаемаабумоўленыя і прыведзеныя прыклады — далёка не варыянты нормы, а часам нават настолькі ад нормы аддалены, што выглядаюць пачварна і смешна.

Магчыма, да гэтага бачання мяне прывяла якраз праца ў «Маладосці», калі даводзілася назіраць, наколькі ўсё ж марная прага немаладых пісьменнікаў трапляць у маладзёжныя трэнды: быццам і са слэнгам знаёмыя, і да праблем праз уласных дзяцей або ўнукаў далучаныя, а твор гучыць не іначай як спроба заігрывання, даволі наіўна і штучна, і выклікае ў маладога чытача хіба што ўсмешку, і добра калі паблажлівую.

Што зроблена не ў свой час, тое зроблена дарэмна — вельмі слушна некім сказана. Канешне, здорава мець маладую душу, і ў большасці яна сапраўды маладой застаецца, але стан душы — гэта не яе ўзрост, а тое, што фарміруецца досведам. Гэты досвед, ці моц і аб'ём перажытага, якраз і не дазваляюць сталаму чалавеку паводзіць сябе як падлетку. І прымушаюць задумвацца над сістэмай каардынат. Я, прынамсі, задумваюся, ці добра ў маім узросце, маючы ўжо ўнучку, працягваць кіраваць маладзёжным выданнем? Мяркую, час заняцца нечым іншым.

— Ці ёсць (былі) традыцыі «Маладосці»? Якія з іх сталі шаноўнай гісторыяй, а якія падтрымліваюцца і зараз?

— Любы часопіс, калі ён існуе хоць бы некалькі гадоў, набывае пэўныя традыцыі. Найперш гэта традыцыі калектыву, рэдакцыі. Далей, з цягам часу, часопіс набывае традыцыі іншага кшталту: у іміджы, стылі, фармаце, стасунках з чытачом, — калі да справы падыходзіць прафесійна, гэта ўсё не можа не выпрацавацца. Іншая справа, калі існаванне часопіса доўжыцца дзесяцігоддзі, ды яшчэ калі яны, як у «Маладосці», прыпадаюць на розныя гістарычныя часы і нават розныя краіны — спачатку Савецкі Саюз, а потым Рэспубліка Беларусь.

Тады пра некаторыя традыцыі сапраўды даводзіцца гаварыць «былі». І гэта нармальна, гэта абумоўлена самой зменай часу. Ну, і пазіцыяй выдаўцоў, безумоўна. Гісторыя ведае прыклады, калі грамадска-палітычныя выданні для рэспектабельных сямействаў ператвараліся ў легкадумны дзявочы глянец, а легкадумны глянец даходзіў у развіцці да ўзроўню інтэлектуальнага выдання. Традыцыю праслаўляць самыя светлыя ідэі самым што ні ёсць шчырым чынам сёння мы разглядаем як пафаснасць, фармалізм, фарысейства, таму і не дзіўна, што «Маладосць» сённяшняя і «Маладосць» былых дзесяцігоддзяў — быццам цалкам розныя выданні.

З іншага боку, традыцыя існаваць як літаратурна-мастацкі часопіс для моладзі падтрымліваецца і зараз, мо нават і ўзмацняецца — паглядзець хоць бы на гады нараджэння аўтараў і наяўнасць студэнцкіх рубрык. Некаторыя традыцыі застаюцца, але трансфармуюцца. Прынамсі, традыцыя стылю. Калі раней трэба было ў яго ўпісвацца, як у нейкі канон, і толькі гэта гарантавала поспех і публікацыю, то цяпер, каб надрукавацца і мець нейкі поспех, лепш у каноны не ўпісвацца, а ў добрым сэнсе штукарыць. Нязменнымі павінны заставацца традыцыі якасці і прэстыжнасці — тое, што робіць выданне брэндам. Мяркуючы па тым, што моладзі хочацца друкавацца ў «Маладосці», гэтыя традыцыі захаваны.

— З пачатку года чытач ведае, што ў часопіса асаблівы час. Якія, можа быць, адмысловыя публікацыі ці мерапрыемствы вы запланавалі для таго, каб яго адзначыць — годна і творча?

— Большасць мерапрыемстваў — гэта нашы традыцыйныя сустрэчы з аўдыторыямі маладых, адрозненне толькі ў тым, што яны прысвячаюцца юбілею і іх будзе праведзена значна больш, чым у звычайныя, неюбілейныя гады. Ужо на найбліжэйшыя тыдні нас запрасілі ў розныя ўніверсітэты, сталічныя і рэгіянальныя, і мы толькі чакаем выхаду юбілейнага нумара, каб з ім рушыць у Мазыр, Гродна, Пінск, Гомель — расказваць пра гісторыю часопіса і прадстаўляць сучасную творчасць. Яшчэ адно мерапрыемства «з нагоды» — круглы стол на выстаўцы «СМІ ў Беларусі», назвалі яго так, як «маладосцевец» Міхась Стральцоў назваў сваё эсэ: «Сёння: учора і заўтра».

Наша сёння сапраўды ўбірае ў сябе тое, што было ўчора, і тое, што будзе заўтра. Пра гэта за круглым сталом і пагаворым — з былымі супрацоўнікамі, якія назаўсёды застаюцца рэдактарамі «Маладосці».

Гэта пра мерапрыемствы. Цяпер пра публікацыі. Яшчэ з пачатку года распачалі рубрыку «Адваротны бок старонкі», для якой чакаем ад аўтараў, маладых і старэйшых, эсэ пра тое, як ім пішацца, якія ў іх выпрацаваны механізмы работы над тэкстамі. Аўтары адгукаюцца, эсэ кожны нумар друкуем. Красавіцкі выпуск як юбілейны выглядае цалкам нестандартна: гэта поўнае паглыбленне ў мінулыя дзесяцігоддзі. Робім чытачам такі падарунак — даём магчымасць пагартаць «Маладосць» 1950-х, 1960-х, 1970-х... так амаль што да нашых дзён. Яшчэ адзін юбілейны ход — размяшчэнне на старонках вокладкі фотасесіі з тымі, хто мае да часопіса пэўнае дачыненне: членаў рэдкалегіі і сяброў выдання, якія падтрымліваюць сваім удзелам цікавасць да творчых сустрэч з намі, — найперш гэта паэты і музыкі, і фотасесіі з імі — цудоўная форма падзякі за супрацоўніцтва. Увогуле, у дзень нараджэння правільней не атрымліваць падарункі, а вышукваць дадатковыя магчымасці зрабіць нешта добрае. Вось мы і стараемся...

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.