Вы тут

Фінішаваў рэспубліканскі конкурс «Беларускі майстар — 2018»


Знаёмцеся: Іван ЯКІМЕНКА — настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна, суперфіналіст Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў «Настаўнік года — 2011», уладальнік звання «Выдатнік адукацыі», настаўнік-метадыст, член клуба «Хрустальны журавель» і Асацыяцыі настаўнікаў-метадыстаў Рэспублікі Беларусь «Імкненне», дэлегат з'ездаў настаўнікаў СНД.


Нядаўна да ўсіх сваіх шматлікіх рэгалій і званняў ён дадаў яшчэ адно — стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Беларускі майстар — 2018».

Конкурс праводзіўся ЦК Беларускага прафсюза работнікаў адукацыі і навукі сумесна з Міністэрствам адукацыі і быў нацэлены на выяўленне ініцыятыўных, энергічных і мэтанакіраваных педагогаў — лідараў прафсаюзнага руху. У фінале сустрэліся па адным прадстаўніку ад кожнага рэгіёна. Прычым і педагагічны, і прафсаюзны стаж у фіналістаў аказаўся вельмі розны. Так, напрыклад, у настаўніцы пачатковых класаў з Кіселявецкага дзіцячага сада—сярэдняй школы Святланы Гардзіюк за плячыма 32 гады педагагічнай работы і 18 гадоў прафсаюзнага стажу. А ў Крысціны Маркавец, таксама настаўніцы пачатковых класаў, якая ўзначальвае прафкам сталічнай сярэдняй школы № 56, усяго пяць гадоў педагагічнага стажу і менш за тры гады прафсаюзнай актыўнасці. Тым не менш і запалу, і напору дзяўчыне не пазычаць. «Хто сказаў, што два плюс два будзе чатыры? Два плюс два будзе пяць! Прафсаюз разбурае стэрэатыпы!» — смела заявіла яна.

Фінал конкурсу ўключаў у сябе тры этапы: візітоўку «Педагог — старшыня прафкама гучыць горда!», фрагмент прафсаюзнага міні-ўрока і публічнае выступленне на тэму «Прафкам учора, сёння, заўтра». Журы брала пад увагу творчы характар асобы канкурсанта, выразнасць, лаканічнасць і лагічнасць выкладзенай ім інфармацыі, яе актуальнасць і сацыяльную важнасць. Абсалютна ўсе фіналісты паспрабавалі разбурыць стэрэатып пра работу прафкама як выключна культурна-забаўляльнага сектара. Калектыўны дагавор, працоўныя кантракты, сістэма матэрыяльнага заахвочвання, аказанне матэрыяльнай дапамогі, парушэнні правоў і інтарэсаў педагогаў, выдзяленне пуцёвак на аздараўленне, клопат за захаваннем бяспечных умоў працы — вось далёка не поўны пералік пытанняў, якія знаходзяцца ў поле зроку прафсаюза штодня. Ці шмат знаходзіцца ахвотных узваліць на сябе такі цяжар работы?

Іван Якіменка, нягледзячы на ўсю сваю занятасць па-за школай, класнае кіраўніцтва, пастаянныя майстар-класы і ўдзел у педагагічных дэсантах, вось ужо сем гадоў узначальвае школьны прафкам. «Як я трапіў у прафесію? Мяне нарадзілі і выхавалі настаўнікі, у мяне ёсць старэйшыя брат і сястра, усе мы закончылі адзін фізіка-матэматычны факультэт Магілёўскага педінстытута. Выбіраць прафесію мне не давялося, але я знайшоў у ёй шмат новых граняў, — кажа ён сам пра сябе. — Я люблю, калі ўсё вызначана, але могуць здарыцца прыемныя нечаканасці. Ведаю, што ўсё будзе добра, нягледзячы ні на што. Лічу, што сапраўднага прафсаюзнага лідара вылучае аптымізм».

Усім удзельнікам яшчэ напярэдадні конкурсу было прапанавана вылучыць галоўнае ў іх прафсаюзнай рабоце. Будучы пераможца канстатаваў, што для яго галоўнае — вырашаць усе пытанні, што ўзнікаюць у калектыве, па справядлівасці. А іншым канкурсантам ён пажадаў «не сумаваць, шукаць, гарэць, разбегчыся і ўзлялець». У Івана Якіменкі гэта атрымалася, як мы ўжо ведаем, найлепшым чынам!

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.