Вы тут

Вакол кнігі: квэсты, гульні, падарожжы


Выхоўваць юнага чытача, зацікаўленага ў літаратуры, — вось задача сучасных бібліятэк і пісьменнікаў. Час дасылае новыя выклікі: хто захоча наведаць дом кнігі толькі дзеля таго, каб прачытаць твор, які лёгка знайсці ў інтэрнэт-прасторы?


Аддзел абслугоўвання дзіцячага чытача Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна.

Актуальнасць кніжнай справы цяпер залежыць ад жадання ўстановы выходзіць па-за межы звыклых стасункаў паміж бібліятэкарам і чытачом. Дзеці маюць вялікія патрабаванні, і бібліятэкі мусяць утрымлівацца на адпаведным узроўні. Не толькі сталічныя. Інтэрактыўныя імпрэзы пашыраюцца на ўсе раёны Беларусі.

Тыдзень дзіцячай кнігі, які традыцыйна ладзіцца ў дні школьных канікул, — добрая нагода для таго, каб даведацца, якім чынам у нашай краіне працуюць з маленькім чытачом.

Уражаннямі ад тыдня дзіцячай кнігі падзяліліся бібліятэкары Беларусі.

Таццяна Швед, дырэктар Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі горада Мінска імя М. Астроўскага:

— На працягу Тыдня дзіцячай кнігі ў 18 дзіцячых бібліятэках Мінска прайшлі цыклы розных літаратурных мерапрыемстваў. Да імпрэз падышлі з крэатывам і правялі гульні, квесты, конкурсы, падарожжы: менавіта такі фармат мерапрыемстваў карыстаецца найбольшай папулярнасцю сярод школьнікаў рознага ўзросту. Напрыклад, у дзіцячай бібліятэцы No 14 для серыі імпрэз абралі дэвіз «Чытанне добрых дзіцячых кніг падобнае да прышчэпкі ад цяжкіх захворванняў душы». Там арганізавалі сустрэчу з рэдакцыяй дзіцячага часопіса «Мішутка». Супрацоўнікі малодшага абанемента падрыхтавалі для сваіх чытачоў кніжнае свята «Вясёлы дзень», прысвечанае Сяргею Міхалкову. Тыдзень дзіцячай кнігі завяршыўся фестывалем дзіцячага чытання, які прайшоў у Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы. Былі зона творчасці і фотазона з героямі мультфільмаў, кнігі з дапоўненай рэальнасцю, конкурсы для дзяцей і бацькоў.

Культурна-асветніцкая работа займае ў нас значнае месца. Як доказ — адпаведная статыстыка: штогод сістэма бібліятэк арганізоўвае каля 4 тысяч мерапрыемстваў для дзяцей, і толькі за мінулы год іх наведала 70 тысяч чалавек. Летась у нашай сістэме павялічылася не толькі колькасць беларускамоўных кніг для дашкольнікаў і школьнікаў, але і попыт на іх.

Юлія Далганава, загадчык аддзела дзіцячай літаратуры Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна:

— Тыдзень дзіцячай кнігі ў нашай бібліятэцы прысвяцілі шасцідзесяцігоддзю ордэна Усмешкі — міжнароднай узнагародзе, якую штогод прысуджаюць пісьменнікам, урачам, педагогам ды іншым вядомым людзям за тую радасць, што яны нясуць дзецям. Згадалі творчасць знакамітых кавалераў ордэна: пісьменнікаў Агніі Барто, Астрыд Ліндгрэн, Сяргея Міхалкова, Туве Янсан, а таксама акцёра і рэжысёра тэатра лялек народнага артыста СССР Сяргея Абразцова, савецкага мультыплікатара Вячаслава Кацёначкіна. Папулярным стаўся відэасалон «Стывен Спілберг прадстаўляе», дзе паказалі яго кінастужкі «Вялікі добры велікан», «Баявы конь», «Парк юрскага перыяду», «Капітан Крук» — дзецям вельмі падабаецца глядзець фільмы і мульцікі. Прайшлі адмысловыя майстар-класы па вырабе ордэна Усмешкі. Чытачы з задавальненнем аддавалі яго ўпадабаным кнігам. Сярод беларускіх аўтараў найбольшую папулярнасць маюць тыя пісьменнікі, што трапілі ў школьную праграму.

Падрыхтоўка мерапрыемстваў па замовах настаўнікаў — звычайная практыка для нашай бібліятэкі. Так, нядаўна ў межах тыдня беларускай мовы і літаратуры мы ладзілі для вучняў пятых класаў імпрэзу, прысвечаную юбіляру бягучага года Янку Маўру. Мы пастаянна рыхтуем нешта цікавае: чым больш мерапрыемстваў, тым больш прыйдзе чытачоў. Арганізуем гульні і кіназалы па літаратарах-юбілярах, экалагічныя падарожжы. Другі год існуе праект «Гісторыя сваімі рукамі»: бібліятэкары расказваюць пра гісторыю пісьменства і літаратуры, а потым вучаць дзяцей рабіць кнігі на старажытны манер.

Таццяна Сушынская, дырэктар Воранаўскай раённай бібліятэкі:

— На вясновых канікулах у нашым раёне маленькія чытачы прыходзілі на прэзентацыі кніг, бралі ўдзел у віктарынах, турнірах для кнігазнаўцаў. Цікава прайшлі «Дзень юных інтэлектуалаў» і гульня-конкурс «Азбука вуліц і дарог», «Вершаванка», «Загадкавы калейдаскоп», марафон мультфільмаў «Чытай і глядзі любімыя казкі». Адзін дзень Тыдня дзіцячай кнігі прысвяцілі беларускім казкам, як аўтарскім, так і народным. Дзеці ўвогуле любяць чытаць беларускіх творцаў, бяруць шмат казак айчынных пісьменнікаў. Гэта не пад прымусам бацькоў альбо школьнай праграмы, а па ўласнай ініцыятыве. Так, шмат чытачоў зацікавілася сустрэчай з дзіцячым пісьменнікам Валерыем Квілорыем, які падрыхтаваў для нашых наведвальнікаў прэзентацыю сваіх кніг. У межах квестугульні «Дарогамі продкаў па роднай зямлі» школьнікі разам з бібліятэкарамі гулялі па горадзе і слухалі расповеды пра родны край: дзецям вельмі падабаюцца актыўныя мерапрыемствы па-за межы бібліятэкі. Мы асвятляем і экалагічную тэматыку: водзім дзяцей у парк, лес... У межах такіх экскурсій вучым дзяцей справамі дапамагаць прыродзе, з адпаведнай экіпіроўкай ідзём прыбіраць смецце з парку.

У нашым раёне існуе 12 аб’яднанняў па інтарэсах для дзяцей. Сходы ладзяцца раз на 2 месяцы, рыхтуюцца планы мерапрыемстваў. Бібліятэкі адказна ставяцца да арганізацыі вольнага часу чытачоў: усе імпрэзы запланаваныя на некалькі месяцаў наперад, а планы фіксуюцца на інфармацыйнай дошцы, каб дзеці і іх бацькі маглі адсачыць тое, што цікава. Так, цяпер ужо вядома, што будзе ўлетку. Гэта і чытанне на вольным паветры, і прагулкі па горадзе, і выезд на возера. У нашай бібліятэкі няма летніх канікул: калі пачынаецца работа летніх школьных лагераў, дзеці бесперапынна ідуць да нас.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.