Вы тут

Формула Малдовы


Учора самалёт Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прызямліўся ў Кішынёве — сталіцы Малдовы. Большасць часу першага дня афіцыйнага візіту кіраўніка дзяржавы ў гэту краіну пайшла на перагаворы з яе Прэзідэнтам у пашыраным складзе і сам-насам. Галоўнай тэмай сталі кірункі выгаднага для абодвух бакоў эканамічнага супрацоўніцтва.


Сустрэчы папярэднічаў падарунак малдаўскаму боку ад беларускага: на бязвыплатнай аснове будуць перададзены пяць трактароў МТЗ-82 і дзве камунальныя машыны МАЗ. Адпаведны ўказ кіраўнік беларускай дзяржавы падпісаў напярэдадні. Такое рашэнне накіравана на ўмацаванне беларуска-малдаўскага супрацоўніцтва і далейшае развіццё адносін. Тэхніка прыбудзе ў Малдову ў самы бліжэйшы час.

Падчас перагавораў з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, наведваючы былыя рэспублікі Савецкага Саюза, нідзе не адчувае такой настальгіі, як у Малдове: «Праязджаючы па цэнтральнай вуліцы Кішынёва, я больш за ўсё хацеў бы прайсці па ёй пешшу, як калісьці было ў савецкія часы. Я прызнаюся шчыра (гэта не для піяру нейкага, таму што я ў Малдове): лепшай зямлі я не бачыў і не сустракаў. Тут добрыя людзі, зямля, вельмі добры клімат».

Што да эканамічнага супрацоўніцтва, то Малдова зацікаўлена пераняць вопыт Беларусі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці і сацыяльнай сферы. Пра гэта заявіў Ігар Дадон: «Для большасці грамадзян Малдовы тое, што адбываецца ў Беларусі, вельмі цікава. Не буду скрываць: яны хацелі жыць не горш, чым у Беларусі. У вас вельмі дынамічна развіваецца краіна, і нам цікава пераняць вопыт у розных сегментах: і ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці, і ў сацыяльнай сферы ў вас вельмі шмат праектаў».

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў важнасць дружалюбных адносін з Малдовай. «Мы нямала зрабілі ў былыя часы і асабліва цяпер. Вы вырабляеце тое, чаго няма ў Беларусі. Мы родныя людзі (я гэтага ніколі не забываю і не забуду), ды і вам, якія б у вас ні былі палітычныя перавагі, беларусы — не чужыя людзі. У нас няма ніякіх геапалітычных, стратэгічных інтарэсаў тут, акрамя дружалюбных. Улічваючы тое, што мы блізкія людзі, і тое, што вы вырабляеце патрэбнае нам, мы купім у вас. А мы вырабляем тое, што трэба вам», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Беларускі бок гатовы не толькі гандляваць, але і ствараць сумесныя прадпрыемствы. У супрацоўніцтве нам нічога не перашкаджае, лічыць Прэзідэнт. Пры гэтым Беларусь гатова дапамагаць Малдове і ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў.

Кіраўнік беларускай дзяржавы дадаў, што ёсць шмат размоў пра арыентацыю Малдовы на Еўрапейскі саюз ці, наадварот, на Усход. І многія краіны не ведаюць, як развіваць супрацоўніцтва з ёй. «Трэба бачыць Малдову такой, якая яна ёсць. Мы такім прынцыпам і кіруемся», — выказаў сваю думку Аляксандр Лукашэнка. Ён лічыць, што невялікія дзяржавы павінны самі арыентавацца, з кім ім супрацоўнічаць. «Я формулу Прэзідэнта Малдовы прымаю на ўра: мы павінны бачыць усё добрае і там, і там», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ігар Дадон паведаміў, што Малдова разлічвае на адкрыццё авіярэйса Мінск — Кішынёў у найбліжэйшы час. Ён адзначыў, што Беларусь уваходзіць у дзясятку камерцыйных партнёраў яго краіны. У дзвюх краін ужо існуюць сумесныя прадпрыемствы па зборцы трактароў і тралейбусаў. «Спадзяюся, што мы будзем неўзабаве  збіраць і аўтобусы», — сказаў Прэзідэнт Малдовы. Перспектыўным Ігар Дадон лічыць і ўдзел беларускіх кампаній у інфраструктурных праектах, у тым ліку ў будаўніцтве дарог, бо беларускія дарогі па якасці адны з самых лепшых у свеце.

Візіт працягваецца. Сёння адбудуцца перагаворы з прэм'ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».