Вы тут

Астрамечава: краязнаўчы летапіс працягваецца


Бібліятэка альманаха «Астрамечаўскі рукапіс» працягвае пашырацца: пабачыў свет дваццаць першы нумар Брэсцкага раённага краязнаўчага штоквартальніка.


Артыкулы, нарысы, фальклорныя запісы, мастацкія творы па традыцыі расказваюць пра Астрамечава і ваколіцы. Публікацыі змешчаны ў традыцыйных раздзелах: «Астрамечава і астрамечаўцы», «Чароўныя спевы і паданні спадчыны», «Народныя святы і звычаі Берасцейшчыны», «Скарбніца народных талентаў», «Літаратурная сядзіба» , «Вернісаж», «Старонкі гісторыі», «Карані», «Калаўрот культурнага жыцця». Прыемна, што аўтары, укладальнікі альманаха разумна спалучаюць культурна-асветніцкую праблематыку з разглядам сацыяльных клопатаў рэгіёна. Тым самым ствараецца яго партрэт як культурнага, асветніцкага «гнязда» Берасцейшчыны.

Многія публікацыі ў чарговым выпуску «Астрамечаўскага рукапісу» ўражваюць, прымушаюць задумацца пра этнаграфічную, фальклорную памяць берасцейцаў, жыхароў краю. Як, напрыклад, і гэтая вандроўная справаздача — «Валачобныя песні Прыбужжа». Нагадаем, што валачобныя песні — гэта вяршыня беларускай мастацка-паэтычнай культуры. У іх, як у люстэрку, адбіваюцца здабыткі, вартасці найлепшых каляндарна-песенных жанраў. Пачаткі, вытокі паэзіі такога гарту, — у працоўна-магічных уяўленнях старажытнага чалавека. Публікацыю «Валачобныя песні Прыбужжа» для альманаха падрыхтавала метадыст па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве Метадычнага цэнтра Брэсцкай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Алена Паддубная. Нельга не сказаць, што рэдактару і ўкладальніку выдання члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандру Валковічу пашчасціла: вакол альманаха сабраліся апантаныя, руплівыя збіральнікі народнай памяці — студэнты і выкладчыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. Найперш — кіраўнік лабараторыі «Фалькларыстыка і краязнаўства» доктар філалагічных навук Іна Швед і яе вучні.

І ў першым за гэты год выпуску «Астрамечаўскага рукапісу» шмат увагі ўдзелена дэкаратыўна-прыкладному мастацтву берасцейцаў, выяўленчаму мастацтву ў Брэсце, Брэсцкім раёне. З краязнаўчых публікацый вылучаецца гістарычны нарыс пра школу вёскі Яцкавічы Брэсцкага раёна.

«Астрамечаўскі рукапіс» заслугоўвае самай шырокай чытацкай увагі. І не толькі ў Брэсцкім раёне, Брэсце, але і ўвогуле сярод цікаўных да беларускага краязнаўства чытачоў. Вопыт Брэсцкага раённага выканаўчага камітэта, Брэсцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сеткі варты пераймання па ўсёй краіне. Нельга не заўважыць гэтую ініцыятыву, асабліва ў Год малой радзімы.

Кастусь ЛАДУЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».