23 Верасень, нядзеля

Вы тут

«РRАвакацыя» на... добры настрой


Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых работ, якія паступілі на наш конкурс юных і маладых няштатных аўтараў. Творчае спаборніцтва набірае абароты! «Проб пяра» становіцца ўсё больш, канкурэнцыя сярод патэнцыйных пераможцаў расце! Хто яшчэ гатовы прыняць выклік? Далучайцеся, пакуль ёсць час, не адцягвайце з адпраўленнем сваіх работ. Зрэшты, нагадаем заўсёднае: прайграўшых у нашым конкурсе не бывае. Творчы досвед, парада прафесійных журналістаў, публікацыя на старонках рэспубліканскага выдання па-сапраўднаму вартай «пробы пяра» — гэта, пагадзіцеся, таксама не мала для пачаткоўцаў.

Нагадваем, па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто сёлета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўлення матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» будзе працягваць друкаваць і надалей, пасля вызначэння пераможцаў. Вынікі плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі.

Некалькі гадоў таму маладзечанскі школьнік Марк Войтка ўжо даваў інтэрв'ю для «Чырвонкі. Чырвонай змены». Тады ў яго былі амбіцыйныя мэты і планы, многія з якіх удалося ажыццявіць. Цяпер Марк і яго сябар Арцём Саладуха з'яўляюцца ўдзельнікамі групы «РRАвакацыя». Дзякуючы таленту юнакоў і іх прадзюсара кампазітара Анатоля Чэпікава, за тры гады калектыў набыў свой «твар» і стаў даволі вядомы на беларускай эстрадзе. Выступленне гурта — заўсёды свята для гледачоў. Публіка ахвотна падпявае любімым артыстам і нават прытанцоўвае ў такт музыцы.

— Сваімі песнямі мы правакуем людзей на добры настрой і «гарачыя» танцы. Менавіта так можна растлумачыць назву нашай групы, — расказвае Марк Войтка. — Акрамя таго, «РRО» ўказвае на прафесіяналізм нашай каманды, а слова «вакацыі» ў перакладзе з беларускай мовы азначае «канікулы».

Першы год Арцём і Марк старанна працавалі над рэпертуарам, запісваючы ў студыі песні. Кампазіцыя, з якой пачынаў гурт, называлася «Ласкай». Менавіта з ёй хлопцы дэбютавалі ў конкурсе «Песня года Беларусі».

Зараз у іх рэпертуары каля трыццаці песень на трох мовах. Адну з іх — «Ты будзеш першым» — называюць сапраўдным гімнам усіх спартыўных мерапрыемстваў краіны. А з кампазіцыяй на грэчаскай мове група прымае ўдзел у «Фестывалі нацыянальных культур».

— Мы яшчэ да канца не змаглі вызначыцца, у якім стылі хацелі б працаваць. Музычныя трэнды змяняюцца кожную хвіліну. У цэлым наш кірунак можна смела называць поп-музыкай, — гаворыць Марк.

Акрамя запамінальнага рэпертуару, юнакі здзіўляюць гледачоў сваімі яркімі касцюмамі. Іх стварэннем займаюцца прафесійныя стылісты. Аднак генерыраваць ідэі ім дапамагае ўдзельнік групы Арцём Саладуха, які, акрамя музыкі, цікавіцца яшчэ і модай. Самы першы канцэртны касцюм у выглядзе панцыраў — цалкам яго задумка, якую дапамагла ўвасобіць дызайнер Наталля Ляхавец. Дарэчы, ідэю годна ацаніла і прафесійнае журы — дзякуючы гэтым касцюмам хлопцы сталі ўладальнікамі Нацыянальнай музычнай прэміі «Ліра» ў намінацыі «Стыль года».

Летась гурт прымаў удзел у фінале адборачнага тура на «Еўрабачанне-2017». Тады карыстальнікі сацыяльных сетак назвалі «РRАвакацыю» з яе песняю «Fееl Mу Hеаrt» адным з фаварытаў адбору, але журы, на жаль, іх не падтрымала і зрабіла іншы выбар.

— Цікавы вопыт, добры інфармацыйны штуршок. Уклалі шмат працы, ішлі не проста так — ішлі перамагаць, — дзеляцца ўражаннямі юнакі.

Цяпер салісты паспяхова сумяшчаюць работу з вучобай (хлопцы з'яўляюцца студэнтамі чацвёртага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), запісваюць новыя песні, здымаюць на іх кліпы, якія транслююцца на тэлеканалах і актыўна разыходзяцца ў інтэрнэце. Група прызнаная лепшым беларускім поп-гуртом 2016 года па версіі тэлеканала «RU TV Беларусь».

— Музыка ў нашым жыцці — гэта ўсё. Музыка — гэта і праца, і жыццё. Яна з намі ўсюды: на адпачынку, дома. Мы і музыка — нераздзельныя, — гавораць юнакі.

Сёння група — жаданы госць на мерапрыемствах рознага ўзроўню — ад школьнага або студэнцкага выпускнога да сур'ёзнага карпаратыўнага мерапрыемства або ўрачыстага канцэрта.


Пра аўтара

Па шчырасці, удзельнікаў-хлопчыкаў у нашым творчым конкурсе за пяць гадоў было няшмат. Апошнія разы — увогуле ніводнага. Таму прыемна, што сёлета паспрабаваць свае сілы ў ім вырашыў 14-гадовы Глеб.

Па словах самога аўтара, у яго шмат розных захапленняў: вакал, танцы, журналістыка. Акрамя таго, хлопец захапляецца вырабам... тартоў.

— Вы, мабыць, падумалі, што калі ў мяне столькі хобі, я не паспяваю вучыцца? Вядома ж, паспяваю, бо вучоба — гэта веды, якія спатрэбяцца ў далейшым. Сярэдні бал у мяне — 8,6, — кажа Глеб. — Любімыя прадметы — мова і літаратура.

Глеб РУДЗЬКО, вучань 9 класа сярэдняй школы № 14 г. Маладзечна

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

75 год таму пачалося вызваленне Беларусі

23 верасня 1943 года, савецкімі войскамі быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў першы населены пункт Беларусі — раённы цэнтр Камарын.

Грамадства

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Каму і чым дапаможа ТЦСАН

Ад дапамогі дома пажылым і да стварэння крызісных пакояў для ахвяр хатняга гвалту.

Грамадства

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Маштабныя вучэнні прайшлі ў краіне

Актыўная фаза камандна-штабнога вучэння Узброеных Сіл прайшла ў Беларусі ў верасні.