Вы тут

У свет танца з «Навігатарам»


Сёння мы працягваем публікацыю найлепшых работ, якія паступілі на наш конкурс юных і маладых няштатных аўтараў. Творчае спаборніцтва набірае абароты! «Проб пяра» становіцца ўсё больш, канкурэнцыя сярод патэнцыйных пераможцаў расце! Хто яшчэ гатовы прыняць выклік? Далучайцеся, пакуль ёсць час, не адцягвайце з адпраўленнем сваіх работ. Зрэшты, нагадаем заўсёднае: прайграўшых у нашым конкурсе не бывае. Творчы досвед, парада прафесійных журналістаў, публікацыя на старонках рэспубліканскага выдання па-сапраўднаму вартай «пробы пяра» — гэта, пагадзіцеся, таксама не мала для пачаткоўцаў.

Нагадваем, па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць памятныя прызы. Тым з іх, хто сёлета збіраецца паступаць на факультэт журналістыкі, рэдакцыя дасць яшчэ і рэкамендацыі. Конкурс будзе доўжыцца да 1 мая (дата адпраўлення матэрыялаў). Найлепшыя творчыя работы (у залежнасці ад колькасці, якая паступіць) «Чырвонка. Чырвоная змена» будзе працягваць друкаваць і надалей, пасля вызначэння пераможцаў. Вынікі плануецца падвесці да пачатку ўступнай кампаніі.

Пінская школа-студыя сучаснага танца «Навігатар» на сённяшні момант з'яўляецца не толькі адной з вядучых у нашай краіне, але яшчэ і адной з самых тытулаваных. Сакрэт поспеху раскрыў яе кіраўнік — Ігар Прахаровіч.

У канцы 1990-х гадоў усіх захліснула хваля брэйк-данса. На дыскатэках, у школах, на вуліцах хлопцы і дзяўчаты танцавалі ў гэтым новым для сябе напрамку. Брэйк быў вельмі модны. Моладзь стварала каманды, прыдумвала ім назвы, арганізоўвала батлы — спаборніцтвы паміж танцорамі.

Як і любому хлапчуку, Ігару хацелася асвоіць некалькі элементаў, тым больш яму вельмі падабалася музыка, пад якую танцавалі. У той момант малады чалавек быў сур'ёзна захоплены спортам, асабліва лёгкай атлетыкай. Ён з'яўляецца чэмпіёнам Пінска, а таксама прызёрам розных абласных спаборніцтваў. Зараз Ігар прызнаецца: «Калі б мне хтосьці тады сказаў, што праз пятнаццаць гадоў я буду кіраваць адной з вядучых студый танца, я б доўга смяяўся».

Нягледзячы на адсутнасць педагогаў, Ігар з сябрамі самі асвоілі брэйк. А пазней разам з Кірылам Сухабокавым сталі выкладаць у «Навігатары», у які спачатку прыйшлі як простыя танцоры.

У 2007 годзе асновы вулічных танцаў у студыі асвойвалі ўсяго трыццаць хлопчыкаў і дзяўчатак. Першы поспех да іх прыйшоў ужо ў 2009 годзе на міжнародным фестывалі краін СНД і Балтыі. Тады выхаванцы «Навігатара» перамаглі адразу ў дзвюх намінацыях.

У верасні 2010 года на базе студыі была арганізавана школа танца «Навігатар» і школа брэйк-данса з такой жа назвай. Акрамя брэйка, там танцуюць хіп-хоп і эстрадны танец. Дарэчы, на цяперашні момант у танцавальнай школе займаюцца дзеці розных узростаў: ад пяці да васямнаццаці гадоў, усяго сто семдзесят чалавек. У Пінску амаль кожнае дзіця, якое цікавіцца танцамі, марыць займацца ў знакамітым «Навігатары».

Перамогі для выхаванцаў студыі — заканамернасць, бо танцы для гэтых хлопцаў і дзяўчат не проста хобі, а сур'ёзны занятак, якому яны аддаюцца без астатку. Сёння кожны танцор мае магчымасць удзельнічаць у конкурсах, наведваць разнастайныя майстар-класы. Дзеці прыходзяць у «Навігатар» і знаходзяць сабе сяброў, з ранніх гадоў вучацца ставіць мэты, упарта ісці да іх і дасягаць.

У скарбонцы танцавальнай школы сотні перамог. Выхаванцы студыі заўсёды з годнасцю прадстаўляюць нашу краіну і родны горад на міжнародным узроўні. Яны ўжо паспяхова выступілі ў Расіі, Украіне, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Славакіі. Пяцьдзясят восем разоў паднімаліся на найвышэйшую ступень п'едэстала і больш за сорак разоў станавіліся прызёрамі розных чэмпіянатаў і фэстаў. А ў 2015 годзе «Навігатар» увайшоў у топ-16 найлепшых камандаў свету разам з самымі «танцавальнымі» нацыямі: бразільцамі і мексіканцамі.

Як ні круці, а поспехі дзяцей — гэта яшчэ і заслуга настаўнікаў — маладых, таленавітых і адказных. У студыі тры трэнеры: Ігар Прахаровіч, Кірыл Сухабокаў і адзін навічок, былы выхаванец «Навігатара» Ілья Сачкоўскі.

Ігар Прахаровіч у 2017 годзе стаў лаўрэатам гарадской прэміі за ўклад у развіццё маладзёжнай палітыкі, а таксама ўвайшоў у склад судзейскай калегіі грамадскага аб'яднання «Беларуская ліга танца» і ў склад Савета праўлення Беларускай федэрацыі брэйк-данса, уганараваны падзякай Міністэрства адукацыі за ўклад у развіццё маладзёжнай культуры.

Другі трэнер Кірыл Сухабокаў уключаны ў склад судзейскай калегіі Рэспубліканскага маладзёжна-грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя брэйк-данса». Настаўнікі танцавальнай школы ў красавіку плануюць правесці рэспубліканскі фестываль сучаснага танца «Movіng up» у Пінску.

У сакавіку гэтага года «Навігатар» адзначыў першы юбілей — дзесяць гадоў. У Пінскім гарадскім Доме культуры быў арганізаваны вялікі святочны канцэрт. Падтрымаць любімую студыю прыйшло столькі людзей, што ў зале не было месца нават у праходах. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, што «Навігатар» задаў правільны напрамак.


Пра аўтара

Дар'і 17 гадоў, журналістыкай яна займаецца ўжо трэці год. Зараз піша матэрыялы ў асноўным для гарадской газеты.

— Рыхтуюся да паступлення ў Інстытут журналістыкі БДУ, вывучаю гісторыю Беларусі, рускую, беларускую, англійскую мовы, — дзеліцца планамі дзяўчына. — Праца карэспандэнтам захапляе мяне сваёй рознабаковасцю, актыўнасцю і заўсёды — непрадказальнасцю. Уражвае тое, наколькі розныя і таленавітыя бываюць людзі!

У конкурсе «Я — малады. І мне не ўсё роўна!» Дар'я ўжо ўдзельнічала двойчы, у 2016 годзе стала адным з яго пераможцаў.

Дар'я БАХІР, вучаніца 11 класа СШ № 15 г. Пінска

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.