Вы тут

Паглыбіцца ў веданне свайго


Імклівы час адбірае ў чалавецтва многае з назапашанага. Здабыткі матэрыяльнай і духоўнай культур губляюцца і, магчыма, не адновяцца больш ніколі. Асэнсаваць спадчыну і паразважаць над пытаннем культурнай ідэнтычнасці прапануюць Аксана Катовіч і Янка Крук. У кнізе «Культура родавай памяці» («Беларусь», 2017) яны адказваюць на пытанні тых, хто звярнуўся ў сітуацыі дэфіцыту інфармацыі. Гэтыя людзі не ўпэўнены, як дзейнічаць у тых ці іншых абставінах, не ведаюць, як разумна рэагаваць на некаторыя падзеі.


Такім чынам, узнікла выданне, дзе падагульняюцца і сістэматызуюцца веды ў сферы беларускага народнага абрадавага этыкету. Незалежна ад таго, як і дзе мы зараз жывём, абрады і рытуалы — вялікі пласт як гісторыі, так і сучаснасці.

Кніга заяўлена як навукова-папулярнае выданне. Аўтары вядуць аповед хутчэй у мастацкім, чым у навуковым стылі: напрыклад, выкарыстоўваюць шмат метафар, каб маляўніча апісаць той ці іншы рытуал. Выданне патрабуе ўвагі і засяроджанасці: чытачу, непадрыхтаванаму эмацыянальна і інтэлектуальна будзе складана аб’ектыўна ацаніць і прааналізаваць аб’ём інфармацыі. Структура кнігі — апісанне дыскурсаў — невыпадковая. Па-першае, энцыклапедычныя выданні падкрэсліваюць вызначальную рысу дыскурсу як стварэнне спецыфічнага духоўнага настрою, арыентацый, што паглыблены ў сацыяльна-культурныя і сацыяльна-псіхалагічныя кантэксты. Без сумненняў, такі настрой падтрымліваецца да апошняй старонкі. Межы аднаго дыскурсу застаюцца адкрытымі для перацякання ў іншы. Кожны з іх мае сваё поле і сваё паняцце. Па-другое, кожны з дыскурсаў — дыялог аўтараў з чытачамі.

Аксана Катовіч і Янка Крук адзначаюць, што на працягу больш як трыццаці гадоў вандруюць па Беларусі з мэтай збірання, фіксацыі, архівіравання і перадачы таго, што звязана з адвечнай беларускай духоўнай традыцыяй. Магчыма, веды, якія аўтары хочуць данесці да чытачоў, некаторым пададуцца простымі і элементарнымі. Але і ў гэтым ёсць сумненні. Так, часта мы штосьці робім і не задумваемся, што гэта ёсць часткай рытуалу. Напрыклад, апісанае ў кнізе «адведванне» — частка шматлікіх рытуальна-абрадавых комплексаў ад нараджэння дзіцяці да шлюбнай ночы. А ці ведаем мы, што нельга аддаваць адзенне і цацкі сваіх дзяцей чужым людзям? Існуе меркаванне, што гэтыя рэчы захоўваюць велізарную жыццяданую энергетыку. Лепшай справай будзе аддаваць такія рэчы ў спадчыну сваякам, што паяднае часткі роду, які, дарэчы, — асноўная катэгорыя светаўспрымання аўтараў.

Дыскурс «Імя чалавека: народныя ўяўленні і хрысціянскія каноны» раскрывае традыцыйныя погляды беларусаў на выбар імя для дзіцяці. Напрыклад, лічыцца кепскай прыкметай даць дзіцяці імя аднаго з бацькоў. А вось назваць немаўля ў гонар дзядулі ці бабулі — больш правільны ўчынак. Аднак і тут выключэнні... Аказваецца, імя — структура надзвычай тонкая. Нават тое, з якой мэтай і якой інтанацыяй мы яго прамаўляем, адыгрывае вялікую ролю і ўплывае на далейшыя ўзаемаадносіны з чалавекам.

Грунтоўнасць кнігі «Культура родавай памяці» заключаецца ў разглядзе многіх сучасных з’яў, якія, здавалася б, цяжка прааналізаваць у кантэксце рытуалаў і абрадаў. Пра гэта сведчаць такія дыскурсы, як «Фотаздымак памерлага: на шляху да сакральнага месца ў генеалагічным дрэве роду», «Стаіць святліца нова зрублена», «Традыцыі ўлазін як культура асваення родавай прасторы», «Шаферамі назвацца — на ўсё жыццё раднёй застацца», «Ганаровая роля сяброў маладых у абрадавай прасторы вяселля».

Адметная частка выдання — уяўленне аўтараў пра слова. Немагчыма весці спрэчку пра тое, што было першым: дзеянне або слова. Аднак аўтары лічаць, што беларускія міфы нароўні з міфалагічнай спадчынай іншых народаў свету пераканаўча сведчаць аб тым, што багі тварылі не словам, а думкай. І гэта нашмат глыбей і мацней па выніковасці. Па меркаванні аўтараў, слова, якое б шчырае, мудрае і добрае ні было, намнога збядніла палітру нашых узаемаадносін. У якасці прыкладаў аўтары выдання ўспамінаюць, як мы віншуем адзін аднаго, часам не ў сілах знайсці патрэбных слоў, перадаць ўсю глыбіню пачуццяў. У такой сітуацыі дапамагаем сабе жэстамі рук, мімікай, позіркам... Таму Аксана Катовіч і Янка Крук схільны лічыць непадзельнымі некалькі моў нашых зносін: мову дзеяння, слоўнага гучання, жэстаў і мімікі, пахаў, вонкавай прыгажосці, адзення, застольнага этыкету, атрыбутаў і чароўных абярэгаў. Усе яны выразна адлюстраваны ў замовах і старажытных абрадах.

Аўтары сабралі некалькі соцень этнакультурных ідыём-фразеалагізмаў і паспрабавалі класіфікаваць іх па ступені патрабавальнасці ад верагоднасці да табу. Зразумела, кожная класіфікацыя аб’ектыўна не можа быць поўнай і ўсеабдымнай. Але ўжо цяпер мусіць быць скарыстана ў якасці рабочага даследчага інструмента. Адзначаецца, што варыятыўны характар схемы паводзін дапускаўся там, дзе справа датычылася сферы працоўнай дзейнасці, звязанай з жыццём сям’і. Калі ж у поле асэнсавання траплялі ўзаемаадносіны з продкамі або з багамі славянскага пантэона, характар рэгламентацый змяняўся. Гэта дасягала катэгарычнага імператыву або табу.

У кнізе разглядаюцца шматлікія аспекты нашага жыцця, у тым ліку народзіны, вяселлі і пахаванні. Аўтары запэўніваюць: усё, што яны апісваюць, было абмеркавана са слухачамі сістэмы павышэння кваліфікацыі. Занатаваны сотні пераказаў тых самых слухачоў і іншых інфарматараў падчас экспедыцый, абагульнены шматлікія звесткі, якія таксама былі пераправераны на практыцы. Аўтары запрашаюць чытачоў падумаць, абмеркаваць сітуацыю, магчыма, нават падключыць логіку разважанняў, напрацаваную продкамі за стагоддзі.

Для ўсіх, хто займаецца аднаўленнем традыцыйных абрадаў на сучасным этапе, аўтары даюць схему ўніверсальнай структуры рытуальна-абрадавага комплексу, якая змешчана на форзацы. Веданне асноўных складовых кампанентаў абраду заўсёды забяспечвала суладнае існаванне ў межах соцыуму, адкрывала канал своеасаблівай сувязі з продкамі. Яны былі перакананыя, што некалі зробленае багамі павінна пастаянна абнаўляцца і паўтарацца па прынцыпе падабенства чалавекам. Такім чынам, абрадавыя практыкі — неабходнасць, падтрымка гармоніі існавання самога свету.

Складаная для асэнсавання праблема прасторы і часу ў дачыненні да традыцый і навацый. Аўтары падкрэсліваюць, што трэба расстаўляць усё па сваіх месцах, але з улікам сучасных навацый. Аксану Катовіч і Янку Крука хвалюе не толькі мінулае — іх цікавіць цяперашні час і будучыня, дзе людзі будуць улічваць культуру і досвед продкаў, не пазбаўляцца сваіх каранёў, спадчыны і родавых сувязяў.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.