Вы тут

Гісторыя на далонях: артэфакты, знаходкі і расчараванні


Тыя, хто цікавяцца гісторыяй, адносна няшмат ведаюць пра вынікі археалагічных даследаванняў. Здараецца, што цэлыя падарожжы і нават жыццяпісы займаюць некалькі радкоў параграфа ў падручніку. Выправіць сітуацыю дапаможа кніга Сяргея Тарасава «Археалогія Беларусі. Час, таямніцы, скарбы, людзі: нататкі археолага» (выдавецтва «Беларусь», 2017).


Археалогіяй Сяргей Тарасаў зацікавіўся яшчэ ў дзяцінстве. Захоплены і цяпер. Для Сяргея Тарасава гісторыя — спакойная і павольная плынь. Археалогія ж хоць і падпарадкавана гісторыі, але навука жывая і рухавая, бо археолагі амаль заўсёды займаюцца цяжкай фізічнай працай у пошуках артэфактаў. І прадугледзець немагчыма: перамога ці недарэчнасць і расчараванне... Археолагі працуюць з матэрыяльным светам. Адна справа — прачытаць у кнізе пра тую ці іншую рэч. І зусім іншае — трымаць у руцэ дзіўную знаходку: кавалачак гісторыі ў некалькі стагоддзяў.

Аўтар прысвячае сваю кнігу няпісанай гісторыі — якой ён жыве: з рыдлёўкамі, аквалангамі, вёсламі і нават верталётамі. У займальнай форме Сяргей Тарасаў распавядае пра каменны і жалезны вякі, падзямеллі і лабірынты... У яго палі зроку — эксперыментальная, паветраная, падводная археалогія... Шмат цікавых фактаў і гісторый пра Мінск. Асабліва інтрыгуюць старонкі, прысвечаныя легендам пра падземныя хады. Аўтар запэўнівае: на сёння ён адзіны мінчук, які не толькі бачыў мінскі падземны ход, але і заходзіў у яго...

Грунтоўна аўтар апісвае такую з’яву, як «чорная археалогія». Сяргей Тарасаў тлумачыць: знаходка, якой бы каштоўнай ні была, калі вырвана з кантэксту, губляе больш за палову сваёй інфарматыўнасці. А гэта ж толькі частка праблемы... Аўтар нават дае класіфікацыю «чорных капальнікаў» у залежнасці ад таго, з якой мэтай людзі могуць шукаць скарб. Да першага тыпу адносяцца індывіды, якія «чорным капальніцтвам» зарабляюць грошы. Другі тып — тыя, для каго такі занятак — хобі. Ёсць і падвіды (незалежна ад пошукавай тэхнікі такія аматары дзеляцца яшчэ паводле іх асабістых інтарэсаў: Першая сусветная вайна, курганы альбо вайна з Напалеонам).

Аўтар не хавае сваіх поглядаў на шматлікія пытанні, што натхняе на шчыры дыялог з кнігай. Плённыя вандроўкі Сяргея Тарасава дазволілі аздобіць выданне цікавымі фотаздымкамі.

Без гумару не абышлося. Археолагам даводзіцца мець зносіны з рознымі людзьмі ў розных частках Беларусі. Многія з іх дасылаюць лісты па археалагічных пытаннях. Бываюць непісьменныя і агрэсіўныя, але хапае пацешных і вясёлых. У аўтара лісты заўжды выклікаюць усмешку. Сяргей Тарасаў захацеў выклікаць гэтую ўсмешку і ў чытача, бо змясціў некалькі лістоў у рубрыцы «Народная археалогія».

Цяперашняе стагоддзе называюць часам новых тэхналогій. Але ўсё вакол нас — будучая гісторыя. Сяргей Тарасаў мяркуе, што ў любым магчымым варыянце існавання сусвету патрэба ў археалогіі будзе.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.