Вы тут

Жыццё не ў раскошы, а ў чысціні


Плывуць з нябёсаў

сонечныя мроі,

суквеццямі бялее

хараство.

Жыццё маё

не плеснее ў застоі:

мне кожны дзень —

падзея, адкрыццё.

 

Прачнуліся

ранейшыя жаданні —

душа крыляць

гатова ў вышыні...

Ды ўсе мае

ўскалыхі-парыванні

маўчаць абрыўкам

спеўнае струны.

Сабраўся з думкамі, як лепш сказаць пра Алеся Масарэнку, і адразу прыгадаў яго літаратурны партрэт «Вартае ўвагі і павагі», напісаны Таццянай Шамякінай (Полымя, No 4, 2013): «Ёсць у беларускай літаратуры пісьменнікі, якіх рэдка згадваюць у рэйтынгавых “абоймах”, але творчасць якіх па-свойму арыгінальная і шмат гаворыць пра час, краіну, псіхалогію беларуса. Важна праявіць цікавасць і паспрабаваць вылучыць пэўны фокус оптыкі на рэальнасць у кнігах канкрэтнага аўтара. Алесь Масарэнка — адзін з такіх літаратараў: сціплы, не крыклівы і не амбітны. Але самабытны, а галоўнае — праўдзівы ў адкрыцці некаторых, толькі яму падуладных сфер жыцця. Прычым праўдзівасць тут маецца не ў прымітыўна-прыземленым, натуралістычным свеце, а як суаднесенасць мастацкага абагульнння з характэрнымі з’явамі самой рэчаіснасці».

Слушна сказана, узважана выверана, прынцыпова ацэнена. З увагай да сапраўднага таленту і з павагай. Дый яшчэ, як пераконваюць далейшыя развагі слыннай даследчыцы, з захапленнем: ёсць у нашай літаратуры пісьменнік, не падобны на іншых, які сваімі творамі так хораша аздобіў уласную творчую дзялянку ў сучаснай літаратуры. Калі ацэньваць іх колькасна, гэта не так і многа. У той жа час — і вельмі шмат, бо, па сутнасці, усё лепшае, напісанае А. Масарэнкам, вытрымлівае самыя строгія мастакоўскія крытэрыі.

Пісалася толькі тады, калі проста не магло не пісацца. На гэта, безумоўна, паўплывала і тое, што пісьменнік шмат дзе працаваў. Бо хацеў лепей вывучыць жыццё. Ды яшчэ ўпэўніцца, што здатны на многае. Рашучасці надавала і тое, што з маладых гадоў асабліва не разлічваў на дапамогу. А яшчэ нежаданне мірыцца з тым, што выклікае ўнутранае супраціўленне. Хоць, бадай, да ўсяго было імкненне паспрабаваць сябе, як кажуць, у новай ролі.

Перажытае, зведанае, адчутае пасля пераасэнсавання так і прасілася ў творы. На аўтабіяграфічным матэрыяле створана яго першая кніга «На бабровых тонях» (1971). Яна адразу звярнула на сябе ўвагу і чытачоў, і крытыкі. На тое было дзве прычыны, прычым узаемазвязаныя. Каторую з іх ні згадвай першай, сутнасць не мяняецца: цудоўны жыццёвы досвед і таленавітае асэнсаванне яго. Тэма была для беларускай літаратуры не толькі новая, але і нечаканая — адлоў баброў.

Адным з галоўных герояў твора стаў бацька пісьменніка. Герасім Масарэнка — чалавек цікавага лёсу. Прайшоў вайну, быў цяжка паранены. Ды не страціў любові да жыцця, працы, сумленнасці. Гэтыя якасці перадаў і сыну.

Аднак, зразумела, А. Масарэнка расказвае не толькі пра свайго бацьку і самога сябе. Аповесць «На бабровых тонях» — гэта і жыццё маляўнічага кутка Беларусі Пасожжа (нарадзіўся будучы пісьменнік ў вёсцы Ходарава Слаўгарадскага раёна). І праблемы, з якімі пастаянна сутыкаліся вяскоўцы. Тым не менш твор можна ўспрымаць і як паэзію ў прозе. Яна напоўнена прызнаннем у любові да зямлі, мілей якой на свеце няма. У аповесці гэтая лірычнасць невыпадковая. Вытокі яе — у паэтычнасці натуры А. Масарэнкі. Дарэчы, як і многія іншыя пісьменнікі, свой творчы шлях ён пачынаў з вершаў. Першыя з іх былі надрукаваны ў газеце «Магёлёўская праўда» ў 1959 годзе. Аднак да паэзіі вярнуўся ў сталым узросце.

Таццяна Шамякіна дакладна прыкмеціла адметнасць твора: «Аповесць створана ў духу “Палескіх рабінзонаў” Я. Маўра, толькі ў герояў Масарэнкі больш мяккасці, больш сапраўднай любасці да жывога [...]». Дый не толькі гэта заўважыла яна: «Ёсць у аповесці яшчэ адзін важны пласт: вобразы сялян, прадстаўнікоў народа, іх сакавітая мора. Масарэнка смела ўводзіць у тэкст дыялектныя асаблівасці гаворкі Магілёўшчыны і спецыфічную рэгіянальную лексіку».

На аўтабіяграфічным матэрыяле напісаны і раман А. Масарэнкі «Баргузінскае лета» (1982). У свой час Алесь Герасімавіч памяняў кабінет у рэдакцыі часопіса «Полымя» на палаткі ў Сібіры. У Забайкаллі два гады працаваў рабочым-геадэзістам. Асноўныя рысы галоўнага героя Аляксея Богуша нагадваюць самога пісьменніка, але ёсць у яго абмалёўцы і доля мастацкай фантазіі. Затое іншыя персанажы нагадваюць канкрэтных людзей. Тых, з кім А. Масарэнка працаваў, дзелячы няпростыя будні, а з некаторымі з і пасябраваў. Найперш сваёй рэалістычнасцю прываблівае брыгадзір Сінёў, вобраз якога раскрыты асабліва праўдзіва і шматгранна.

Напісаў А. Масарэнка і «Святое возера», раман-бурлеск, як вызначыў жанр сам аўтар. Гэта раман у вершах, хоць у ім знайшлося месца і празаічным адступленням. Пісьменнік прызнаўся, што такі «сінтэз» з’явіўся невыпадкова: «Проза, паэзія — датклівыя формы, і часам даволі прыстойна пачуваюць сябе ў адзінай канве вобразнай палітры. А ў рамане-бурлеску — і пагатоў. Бадай, персанажаў тут і занадта. Але ўсе яны — не збоку-прыпёку, выпадковых няма. Роўна так і ў жыцці. Дзе хто бачыў лішняга чалавека на гонях Бацькаўшчыны?». У творы шмат гумару, які месцамі пераходзіць у сатыру.

Творчы партрэт А. Масарэнкі будзе няпоўны, калі не згадаць яго кнігі «Журавіны пад снегам» (1976), «Сонца майго дня» (1988), «Пакуль не звялі кветкі» (1994)... Ёсць у іх аповесці, ёсць і апавяданні. Аднак нязменна прысутнічае і тое, што, пры ўсім іншым, таксама вызначае яго мастакоўскія памкненні: пісаць так, каб не сорамна было глядзець чытачу ў вочы.

Ухвальна і тое, што А. Масарэнка — з пісьменнікаў, які шмат зрабіў для падтрымкі маладых талентаў. Дбаў пра іх, працуючы кансультантам літаратурнага аб’яднання «Крыніца» пры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». Але асабліва шмат спрыяў, будучы галоўным рэдактарам часопіса маладых літаратараў «Першацвет». На старонках гэтага ўнікальнага выдання друкаваліся многія аўтары, якія рабілі першыя крокі ў творчае жыццё: і паэты, і празаікі, і крытыкі, і літаратуразнаўцы.

Нікога, хто меў задаткі таленту, не абыходзіў увагай Алесь Герасімавіч. Зразумела, далёка не ўсе з іх набылі ў літаратуры сваё імя. Але ўсе колішнія «першацветаўцы», дзякуючы А. Масарэнку, захавалі любоў да прыгожага пісьменства, да роднага слова. Дарэчы, і сам я з вялікай удзячнасцю згадваю яго ролю ў маім лёсе.

Падтрымаў ён мяне, калі, будучы студэнтам журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, праходзіў я вучэбную практыку ў «Чырвонцы». Пасля нашы шляхі надоўга разышліся. Згадаў пра мяне Алесь Герасімавіч у 1972 годзе, калі я працаваў старшым літсупрацоўнікам аддзела сельскага жыцця слуцкай аб’яднанай газеты «Шлях Ільіча». Зразумела, праца была далёкая ад літаратуры. І раптам званок з Мінска ад А. Масарэнкі, тады — адказнага сакратара часопіса «Полымя». Дапамог мне ўладкавацца ў штат штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва».

Адзін з герояў аповесці А. Масарэнкі «Сонца майго дня» ў сваім дзённіку прызнаецца: «Жыць трэба не ў раскошы, а ў чысціні. Чысціні фізічнай і духоўнай. Калі наўкола цябе бруд, калі ў жытле тваім, а значыць, і ў душы тваёй непарадак — падымай трывогу, змагайся, выпраўляй сваё становішча. Дамагайся ва ўсім чысціні, не глумі сябе, не паддавайся часовым цяжкасцям...» Гэтаксама годна, сумленна жыве і сам Алесь Герасімавіч. Дый іншым паказвае прыклад, як трэба жыць. Праз кнігі свае, праз выразную і ўсвядомленую жыццёвую пазіцыю. З упэўнасцю, што ўсё павінна быць менавіта так, а не інакш, прыйшоў ён і да свайго 80-годдзя.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

***

Душа парожняй не бывае —

у ёй жыве захоўны ген,

якi пражытае складае

ў скарбонку жыццяперамен.

 

Душа чаруе i натхняе —

у ёй зiхцiць духоўны ген,

якi ўсё добрае зважае,

а злому дакляруе тлен.

 

Душа — адвечна маладая,

царуе ў ёй любовi ген,

якi нiдзе не прападае,

i не здаецца на абмен.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.