Вы тут

За апошнія 5 гадоў з карты Гомельшчыны афіцыйна знік 31 населены пункт


За апошнія пяць гадоў з карты Гомельшчыны афіцыйна знік 31 населены пункт. З Чарнобылем гэта ніяк не звязана. Проста памерлі апошнія людзі, якія жылі ў маленькіх вёсачках, і іх назвы цалкам адышлі ў гісторыю. А землі, на якіх вырошчвалася бульба і спелі яблыкі, былі перададзены сельгаспрадпрыемствам ці ў дзяржаўны лясны фонд. Начальнік землеўпарадкавальнай службы Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Матарас гаворыць, што зніклыя вёсачкі размяшчаліся па ўсёй вобласці:


— На жаль, ёсць населеныя пункты, якія не маюць перспектывы. На жыллё там няма попыту, жыхароў становіцца ўсё менш і паступова ажыццяўляецца знос старых і пустуючых дамоў. З імі і з землямі, на якіх знаходзяцца гэтыя збудаванні, ідзе пастаянная работа. Мы дакладна ведаем, чаго хочам, калі пачынаем працаваць з канкрэтным домам. У першую чаргу выяўляем, ці магчыма пасля зносу выкарыстоўваць участак у сельскай гаспадарцы. Бо гэта — самы эфектыўны спосаб і гарантыя таго, што заўтра зямля не ператворыцца ў звалку ці не зарасце кустоўем. Таму, калі мы працуем па пэўных населеных пунктах, у першую чаргу звяртаем увагу на тыя трухлявыя дамы, якія прымыкаюць да сельскагаспадарчых угоддзяў.

— А што робіце з непрыдатнымі пабудовамі, калі яны акружаны жылымі і добраўпарадкаванымі дамамі?

— Участкі ў цэнтры населеных пунктаў больш праблемныя, чым на ўскраіне. Тым больш у насельніцтва рознае стаўленне да такіх зямель. Адны з задавальненнем успрымаюць пасадку на іх дрэў і стварэнне міні-паркаў, а іншыя катэгарычна супраць і гавораць: «Мы не хочам жыць у лесе». Недзе ўсталёўваюць малыя архітэктурныя формы, разбіваюць кветнікі... Але ж гэта ў большых населеных пунктах, накшталт аграгарадкоў ці райцэнтраў, дзе таксама ёсць старыя дамы. Мы не супраць, каб людзі бралі і апрацоўвалі дадатковыя ўчасткі, але ж часцей за ўсё ім дастаткова і той зямлі, што ёсць. Між тым нават толькі абкошванне такіх участкаў — гэта дадатковыя фінансавыя затраты для мясцовых улад.

— На Гомельшчыне каля 55 % тэрыторыі занята лясамі. Іх колькасць павялічваецца і за кошт зямель, якія некалі былі заселены?

— Калі для сельскай гаспадаркі землі не могуць быць выкарыстаны, значыць, мы павінны аддаць іх у дзяржаўны лясны фонд, каб там быў высаджаны лес і ў далейшым раслі лясныя культуры. Сёлета мы паставілі задачу перадаць у дзяржаўны лясны фонд усе землі, якія выявілі ў папярэднія гады. Па нашых ацэнках, гэта каля 14 тысяч га. Пераважна гэта землі з нізкай бальнасцю, якія знаходзяцца каля лесу.

— Аляксандр Васілевіч, але ж ёсць землі, якія належаць сельгаспрадпрыемствам, але таксама зарастаюць кустоўем...

— На гэта ўплываюць пэўныя прыродныя фактары. Калі, напрыклад, пару гадоў запар поле было пераўвільготненым, тэхніка на яго не магла заехаць, там усё хутка зарастае. Мы зафіксавалі на сённяшні дзень каля 5 тысяч га, якія зараслі кустоўем там, дзе гэтага не павінна быць. Займаемся тым, каб дабіцца выдалення кустоўя, каб гэтыя землі пачалі прыносіць эканамічны вынік. Летась каля 3 тысяч га мы дадалі ў сельскагаспадарчы абарот.

— Паступова вяртаюцца ў землекарыстанне і так званыя чарнобыльскія землі...

Вёска Асінаўка да ўпарадкавання...

— Пасля аварыі на ЧАЭС каля 202 тысяч га сельскагаспадарчых зямель былі выведзены з гаспадарчага абароту па прычыне забруджанасці. Цяпер карціна мяняецца. Мы імкнёмся памяншаць гэтую колькасць зямель, бо навукова даказана, што іх можна выкарыстоўваць, — падкантрольна, пры выкананні шэрагу ўмоў. У кожным раёне ёсць забруджаныя землі, пакрысе вяртаем іх у сельскагаспадарчы абарот. На выхадзе ўся прадукцыя кантралюецца і адпавядае нарматывам.

— Ці ёсць праблемныя пытанні, якія неабходна было б урэгуляваць на ўзроўні заканадаўства?

— Гэтыя праблемы ёсць, і яны вырашаюцца. Цяпер рыхтуецца праект змяненняў ва Указ Прэзідэнта № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці». Павінна быць крыху спрошчана працэдура ўцягнення ў абарот гэтых аб'ектаў. У мэтах гарантавання права на ўласнасць яна была даволі складанай, але практыка паказала, што такія меры не былі апраўданымі і зараз трэба ісці па шляху спрашчэння. Праблем, звязаных з уціскам інтарэсаў грамадзян, практычна не ўзнікае, а папер — дзясяткі.

— Вашы спецыялісты шчыльна займаюцца кантролем за землекарыстаннем?

— Так. Самая асноўная праблема: у нас пакуль не атрымліваецца выйсці на той узровень культуры землекарыстання, які забяспечыў бы поўны парадак. На жаль, землекарыстальнікам трэба пастаянна нагадваць пра тое, што ўчастак павінен быць добраўпарадкаваны. Мы штогод выдаём каля 30 тысяч прадпісанняў па фактах, звязаных з нядбайным стаўленнем да зямлі. Патрабаванне адно: добраўпарадкоўваць і эфектыўна выкарыстоўваць. Калі вы атрымалі права на зямельны ўчастак, трэба памятаць і пра абавязкі. Той кавалак зямлі, які вам дастаўся, трэба любіць.

— Якім можа быць пакаранне нядбайнага гаспадара?

— Можа быць накладзены штраф да 20 базавых велічынь. Ці ўрэшце нават можа быць адабраны зямельны ўчастак. Летась 108 зямельных участкаў былі адабраны ў тых, хто імі не займаўся як трэба. Згодна з правіламі, чалавека папярэджваюць: патрабуюць, каб ён навёў парадак. Калі не зразумеў, зноў папярэджваюць, а далей запускаецца працэдура, пры якой участак можа быць вернуты дзяржаве. А потым ён пераразмяркоўваецца — дастаецца тым, хто мае ў ім сапраўдную патрэбу. Пераважна размова ідзе пра зямельныя ўчасткі для індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва. У кожным раёне Гомельшчыны ёсць такая праблема.

— Мне заўсёды цікава, пра што людзі думаюць, калі бяруць зямельныя ўчасткі «на ўсялякі выпадак»?

...І пасля

— Сапраўды, калі раптам ёсць магчымасць атрымаць зямлю, лічаць: «А давай возьмем, няхай будзе, а потым разбяромся». Нашы людзі часта жывуць спадзяваннем, што заўтра ім зямля можа спатрэбіцца. Таму мы пастаянна тлумачым: вы толькі патраціце час і грошы на афармленне дакументаў. Калі адчуваеце, што не будзеце будаваць, — лепш не пачынайце. Ёсць тыя, хто спыняецца, а ёсць і тыя, хто ўсё роўна бярэ ўчасткі. У выніку мы бачым пустуючую зямлю, якая не прыносіць карысці.

— Аляксандр Васілевіч, а сваіх супрацоўнікаў вы неяк зацікаўліваеце быць прыкладам для іншых?

— З гэтай мэтай мы сёлета, у Год малой радзімы, абвясцілі конкурс менавіта сярод супрацоўнікаў усіх падраздзяленняў службы землеўпарадкавання Гомельскай вобласці. Яны павінны паказаць, як добраўпарадкаваны іх асабісты дом ці дача, і прадставіць фотапрэзентацыю. Мы вывучым матэрыялы, абяром самыя лепшыя і выбарачна выедзем на месца. Вельмі важна, каб максімальная колькасць нашых супрацоўнікаў, а іх у нас больш за сотню, прадэманстравалі, як наводзяць парадак на сваёй зямлі, і тым самым падалі іншым грамадзянам прыклад. У канцы мая падвядзём вынікі, і найлепшыя будуць абавязкова ўзнагароджаны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.