Вы тут

Старшага ўчастковы Мазырскага РАУС зноў выбралі дэпутатам сельсавета


Старшы ўчастковы Мазырскага РАУС Яўген Сігай ужо 12 гадоў працуе на тэрыторыі Козенскага сельсавета. Тэрыторыя яго адказнасці падвоена грамадскай пасадай. Сёлета яго другі раз выбралі дэпутатам сельскага Савета, які знаходзіцца практычна адразу за мяжой Мазыра.


Дарэчы, у сельсавет уваходзіць дзевяць вёсак, на тэрыторыі якіх жыве амаль 13 тысяч жыхароў. Цяпер можаце ўявіць, што гэта адпавядае колькасці невялікага райцэнтра. Ёсць, канешне, і свае асаблівасці, гаворыць маёр міліцыі.

— Напрыклад, у вёсцы Нараўчызна цяпер вельмі бурна ідзе будоўля катэджаў. А значыць, асноўная праблема ў гэтым населеным пункце, дзе будуецца больш за 500 дамоў, — крадзяжы інструменту і будаўнічых матэрыялаў. Канешне, мы праводзім рэйдавыя мерапрыемствы сіламі Мазырскага РАУС. Зусім нядаўна злавілі злачынцу, які ўжо быў судзімы за крадзеж будаўнічага інструменту ў гэтай жа вёсцы, пасля вызваліўся і паўтарыў свой «подзвіг».

Асобных сваіх «герояў» Яўген Рыгоравіч не тое што ў твар ведае — можа біяграфіі з падрабязнасцямі пераказаць. Але ж і яго, участковага і дэпутата, таксама ведаюць усе і звяртаюцца часта непасрэдна, без заяў у міліцыю. Ды што там — прыходзяць нават дадому. Тым больш што сам ён жыве побач — у вёсцы Бабраняты.

— Часам па гаспадарцы чымсьці займаешся, а да цябе заходзяць з праблемамі людзі. Канешне, дапамагаю. Вось сёння дапамог аформіць жанчыне дакументы на лячэнне мужа ад алкагалізму. Афіцыйна гэта трэба было б зрабіць інакш: прыходзьце, пішыце заяву... А можна па-чалавечы ўсё больш хутка вырашыць.

На тэрыторыі Козенскага сельсавета многа шматпавярховых дамоў. Некаторыя з іх будаваліся з улікам будучага пражывання шматдзетных сем'яў. Ім дзяржава давала кватэры пад ільготныя крэдыты. Асноўная маса сем'яў, па словах Яўгена Сігая, — нармальныя, але ёсць і такія, хто патрабуе асаблівай увагі:

— Пры здзяйсненні правапарушэнняў у такіх сем'ях мы накіроўваем дакументы ў аддзел адукацыі на рэагаванне. Яны рэагуюць тэрмінова: каго на ўлік ставяць, каго папярэджваюць... Зусім нядаўна да мяне звярнулася маладая жанчына: маўляў, пакуль вы былі ў адпачынку, тут на мяне супрацоўнікі міліцыі два разы складалі пратакол за дробнае хуліганства — несправядліва! Плача, гаворыць, што «не такая». У яе двое дзяцей — адно ў школе, другое ў садку... Але ж праз два дні па яе адрасе — адразу тры выклікі на працягу дня. У тым ліку ад мужа. Высветлілася, зноў была ў стане алкагольнага ап'янення... Цяпер паставяць на ўлік як сацыяльна небяспечную.

А вось мазыранка Людміла паскардзілася, што з участка пад забудову дома знік старэнькі сабака Тузік, якога яна прывезла з Ляскавічаў пасля смерці сваёй маці. Жанчына штодзень яго наведвала, прыносіла паесці. Але ў снежні мінулага года дварняк знік — мяркуючы па ўсім, хтосьці проста перарэзаў ашыйнік. Жанчына беспаспяхова спрабавала знайсці сабаку сама, а потым набрала «102».

Праз некаторы час жанчыне патэлефанаваў старшы ўчастковы інспектар міліцыі Яўген Сігай. Ён пры сустрэчы максімальна грунтоўна запісаў прыкметы зніклага сабакі. Міліцыянер паспеў перагаварыць з суседзямі па ўчастку, пабываць у прытулку для безгаспадарных жывёл, наведаў дзяржаўную і прыватную ветбальніцы. Далучыў да пошуку сабакі групы ў сацыяльных сетках... У лютым яму паведамілі, што сабаку, падобнага па прыкметах, бачылі ў мікрараёне каля смеццевых кантэйнераў.

Якім жа было шчасце Людмілы, калі высветлілася, што яе Тузік жывы, хоць і крыху траўмаваны — кульгаў на адну лапу. Шчаслівая гаспадыня знайшла месца для яго будкі побач са сваім домам. А ў знак удзячнасці напісала ліст на імя начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама генерал-маёра міліцыі Уладзіміра Захарчука. У ім яна шчыра падзякавала супрацоўніку Мазырскага РАУС Яўгену Сігаю.

Яўген Рыгоравіч кажа, што пытанні ў людзей бываюць самыя розныя і некаторыя з іх не датычацца яго прафесійнай дзейнасці. Аднак дэпутацкі статус абавязвае, а чалавечыя стасункі — яшчэ больш:

— Нехта звяртаецца па юрыдычную кансультацыю. Нехта просіць: правядзіце з мужам гутарку. Звярталася жанчына з Бабранят — дапамажыце зрабіць дарогу. Я перадаў просьбу старшыні сельскага Савета, пасля чаго праехаў грэйдар — параўнялі дарогу. Цяпер разглядаецца пытанне, каб пракласці там асфальт. Быў зварот ад мужчыны, якога не задавальняла, што непасрэдна над яго кватэрай праходзіла сістэма ацяплення. Вырашылі і гэта пытанне. Калі да мяне звяртаюцца з нейкай праблемай і яна не адносіцца да маёй кампетэнцыі, — я перадаю інфармацыю ў сельсавет ці іду да старшыні мясцовай гаспадаркі. І разам вырашаем, што рабіць.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Чужая бяда — не чужая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».