Вы тут

Як змагацца з баршчэўнікам?


Апёкі рознай ступені цяжкасці, алергічныя рэакцыі, павышаная пігментацыя скуры і высокая тэмпература... З такімі сімптомамі да ўрачоў звяртаюцца ахвяры баршчэўніку Сасноўскага, які сваё «прозвішча» атрымаў у гонар даследчыка флоры Каўказа. Менавіта адтуль расліну завезлі ў нашы шыроты ў якасці сіласнай культуры. Сёння пытанне для многіх гаспадароў: як змагацца з баршчэўнікам?


Аксана Есьман, намеснік старшыні Сеніцкага сельвыканкама Мінскага раёна:

— У нашым сельсавеце не практыкуецца, каб людзі самі выкаранялі расліну. Для знішчэння баршчэўніку мы выбіраем падрадчыка. Спецыялістам паказваем месца, дзе рассеялася шкодная расліна, і яны выкарыстоўваюць супраць яе хімічныя рэчывы. Праблема баршчэўніку, на жаль, характэрная для нашага раёна. Ёсць пэўныя цяжкасці: мы маем права прымяняць сродкі барацьбы толькі на тэрыторыі сельсавета. Але баршчэўнік расце і на палях сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, і на прыватных участках. Насенне разлятаецца, і ён зноў вырастае.

Сяргей Мерны, старшыня Кіраўскага сельвыканкама Слуцкага раёна:

— На грамадскай тэрыторыі сельсавета практычна няма праблемы з баршчэўнікам. Узнікаюць пытанні толькі ў сельскіх гаспадарках, але яны самастойна змагаюцца з раслінай. Выкараняюць яе з дапамогай хіміі. Займаюцца гэтым работнікі, якія прайшлі медыцынскі агляд і дапушчаны да работы з пестыцыдамі. Выкарыстоўваюць для гэтага апырсквальнікі. Калі заўважаем, што на пэўнай тэрыторыі з'яўляюцца парасткі баршчэўніку, адразу высякаем, каб не было распаўсюджвання. Дзе можам, заворваем участкі.

Аляксандр Сарока, начальнік раённай інспекцыі прыродных ресурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Стаўбцоўскага райвыканкама:

— Некалькі дзён таму мы падвялі вынікі конкурсу сярод падрадчыкаў і вызначылі, хто будзе займацца ліквідацыяй баршчэўніку. Сродкі для гэтага выдзелены з абласнога бюджэту. Сёлета ў нашым раёне такая работа ўскладзена на спецыялізаваную службу, раней гэта была задача непасрэдна землекарыстальнікаў. У нашым раёне баршчэўнік займае невялікую плошчу — прыкладна сем гектараў. Сюды ўключаны і прыдарожныя палосы, і лясныя гаспадаркі, і сельскагаспадарчыя палі. У параўнанні з іншымі тэрыторыямі гэта няшмат, таму што мы змагаліся з баршчэўнікам і будзем працягваць гэтую работу. Спадзяёмся, што пасля пяці гадоў выкарыстання хіміі расліна знікне.

Валерый Прохараў, доктар біялагічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі:

— Мы праводзім экспертызы па выяўленні насення баршчэўніку ў глебе. Усе арганізацыі сталіцы павінны прайсці гэтую працэдуру, каб не было распаўсюджвання шкоднага грунту. Калі сляды расліны знойдзены, мы даём рэкамендацыі па барацьбе. Яны ўключаюць комплекс агратэхнічных і хімічных мерапрыемстваў. Але трэба мець на ўвазе, што пасля апрацоўкі ўсё роўна ў глебе застаецца насенне. Неабходны маніторынг тэрыторый. Забруджаны грунт трэба перамяшчаць у больш глыбокія слаі глебы і як мінімум пяць-шэсць гадоў яго не чапаць. Скошванне праводзіцца, але яго плюс толькі ў тым, што яно не дае з'яўляцца новаму насенню. І скошванне праводзяць ад трох да пяці разоў на сезон, бо расліна зноў будзе вырастаць з кораня. Галоўнае ж прафілактычнае мерапрыемства — не даць магчымасці забруджанаму насеннем грунту трапіць на чыстыя тэрыторыі.

Марыя ДАДАЛКА

Загаловак у газеце: Пякучы парасон

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.