Вы тут

На Міншчыне з баршчэўнікам Сасноўскага будуць змагацца прафесіяналы


У Мінскай вобласці выяўлена 950 месцаў, дзе расце баршчэўнік Сасноўскага. Гэтая шкодная расліна займае больш як 364 гектары. Найбольшая яе колькасць — у Лагойскім раёне, на долю якога прыходзіцца амаль 32 % агульнай плошчы вырастання чужароднай расліны на тэрыторыі вобласці. У Мінскім, Слуцкім, Пухавіцкім, Уздзенскім, Барысаўскім, Нясвіжскім раёнах гэты паказчык меншы — ад 11,2 да 3,8 %, паведамілі ў Мінскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


У мінулым годзе мерапрыемствы па абмежаванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніка Сасноўскага ў цэнтральным рэгіёне праведзены на плошчы 363,7 гектара (гэта 99,7 % ад агульнай плошчы яго вырастання). Асноўныя прычыны, па якіх мерапрыемствы не выкананы цалкам, — нясвоечасовая работа землекарыстальнікаў па барацьбе з гэтай шкоднай раслінай, а таксама павелічэнне плошчы вырастання баршчэўніку на няўдобіцах і цяжка даступных для апрацоўкі месцах.

Сёлета Мінскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя падрыхтаваны план дзеянняў па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага — «дарожная карта» — у сталічнай вобласці. Дакумент зацверджаны першым намеснікам старшыні Мінаблвыканкама Ігарам Макарам.

У адпаведнасці з «дарожнай картай» у кожным раёне вобласці для карыстальнікаў, на землях якіх выяўлены зараснікі баршчэўніка, распрацаваны і даведзены канкрэтныя мерапрыемствы па абмежаванні яго распаўсюджвання і колькасці, а таксама аб'ёмы, метады і тэрміны выканання дадзеных работ.

У кожным раёне вызначана арганізацыя, якая выступае заказчыкам такіх мерапрыемстваў. Хімічную апрацоўку ўчасткаў будуць выконваць спецыялізаваныя арганізацыі, якія маюць адпаведны вопыт у гэтай справе. Выканаўцаў выберуць шляхам правядзення працэдуры закупкі паслуг. Зроблена гэта для таго, каб дабіцца ўстойлівых станоўчых вынікаў.

У Мінскай вобласці сёлета будуць выкарыстоўваць пераважна хімічны метад барацьбы з інвазійнай раслінай. З улікам практыкі прымянення разнастайных спосабаў барацьбы з баршчэўнікам гэты — самы эфектыўны. На выкананне ўсіх мерапрыемстваў па хімічнай апрацоўцы плошчаў рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў прадугледжана 417 465 рублёў, або 100 % ад неабходнага.

У межах рэалізацыі «дарожнай карты» тэрытарыяльныя органы Мінпрыроды будуць весці штотыднёвы кантроль за выкананнем спецыялізаванымі арганізацыямі мерапрыемстваў па барацьбе з баршчэўнікам.

За нясвоечасовае або неналежнае іх выкананне прыйдзецца заплаціць штраф у памеры да 20 базавых велічынь.Такую адказнасць прадугледжвае Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Дарожная карта» ў дапамогу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».