Вы тут

Віцебшчына сур'ёзна настроілася на перамогу ў змаганні з баршчэўнікам


Нядаўна мы пісалі пра тое, што на Віцебшчыне сур'ёзна настроіліся на перамогу ў мнагалетнім змаганні з раслінай, назва якой ва ўсіх на слыху.


Няўжо не пераадолеем?

На сумесным пасяджэнні прэзідыума Віцебскага аблсавета дэпутатаў і аблвыканкама старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў даў заданне больш актыўна весці барацьбу з баршчэўнікам. Патрабаванне было агучана падчас абмеркавання пытанняў навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання. Тым больш што 75 % зараснікаў баршчэўніку прыпадае менавіта на Віцебскую вобласць. Тут ён расце на плошчы ў 2,2 тысячы гектараў.

Губернатар пацікавіўся ў кіраўніка Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя: няўжо нельга ачысціць зямлю ад інвазійнай расліны? Тым больш што кожны год вядзецца яе знішчэнне. І няўжо айчынная навука не можа нейкім чынам паўплываць на вырашэнне пытання?

Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў у якасці прыкладу для пераймання назваў вопыт прадпрыемства, якое дзейнічае пры Варонаўскім сельвыканкаме Віцебскага раёна. Там ёсць і неабходныя сродкі знішчэння, і падрыхтаваныя работнікі. Гэтае прадпрыемства і іншым дапамагае ачышчаць зямлю ад баршчэўніку.

І «Зубр» супраць...

У Варонаўскім сельсавеце знішчэннем баршчэўніку займаецца дзяржаўнае прадпрыемства па аказанні паслуг «Вароны-сэрвіс». Яно было зарэгістравана ў 2015-м. З сакавіка мінулага года прадпрыемства ўзначальвае Віктар Шушкевіч. Небяспечную расліну знішчаюць і на тэрыторыі іншых сельсаветаў. Увогуле «баявыя дзеянні» супраць баршчэўніку вяліся на плошчы каля 40 гектараў трыма работнікамі. Расліну касілі і выкарыстоўвалі супраць яе яды.

У прадпрыемства ёсць усё неабходнае для такой працы. Райвыканкам перадаў трактары «МТЗ-80» і «МТЗ-82», механізаваны плуг, навясны трактарны апырсквальнік «Зубр». Ёсць і адпаведныя сродкі абароны, каб работнікі не пацярпелі ад яду.

Менавіта яд — самы эфектыўны сродак у барацьбе з раслінай. Але за адзін раз нічога не атрымаецца. Неабходна мэтанакіраваная работа на працягу некалькіх гадоў — мінімум трох-чатырох. Потым можна засейваць зямлю травамі або, напрыклад, хвойнымі. І пад сельскагаспадарчыя расліны можна будзе выкарыстоўваць. Дарэчы, якасныя ядахімікаты ўрадлівасць глебы цалкам не знішчаюць. Наогул, як сцвярджаюць спецыялісты, калі зямлю, свабодную ад баршчэўніку, не ўцягнуць у гаспадарчы абарот, вельмі высокая верагоднасць, што ён вернецца.

Масіраваны ўдар

Як падкрэсліваюць на прадпрыемстве «Вароны-сэрвіс», вельмі цяжка знішчаць расліну каля хмызняку, на няўдобіцах, у ямах і гэтак далей, дзе практычна немагчыма выкарыстоўваць тэхніку. Там праца вядзецца толькі ўручную.

Паводле слоў старшыні Варонаўскага сельскага Савета Юрыя Осіпава, каб дасягнуць поспеху, трэба нанесці баршчэўніку масіраваны ўдар, ды яшчэ і ў кароткі тэрмін.

Для знішчэння ўжо закупілі 90 літраў атруты (за 1,2 тысячы рублёў). Пачнуць працаваць у канцы красавіка, калі падымецца баршчэўнік. Па прыблізных падліках, на аплату працы выкарыстаюць 2 тысячы рублёў. Кіраўнік мясцовай улады канстатаваў, што, на жаль, бюджэтных грошай на знішчэнне баршчэўніку не хапае.

Мясцовая ўлада спадзяецца на падтрымку ў знішчэнні баршчэўніку на землях агульнага карыстання населеных пунктаў. Трэба, каб была прадугледжана сістэма адзіных падыходаў для ўсёй краіны. Яды, напрыклад, не заўсёды можна прымяняць, бо ў вёсцы жывуць людзі, утрымліваюцца жывёлы. Неабходна дастатковае фінансаванне для камбінаванага знішчэння, дадатковая рабочая сіла, абсталяванне...

Фактычна сёння сельсавет застаецца «адзін на адзін» у пытанні знішчэння баршчэўніку. Зможа зарабіць фінансавыя сродкі — праца будзе выканана якасна. А не зможа — прыйдзецца баршчэўнік касіць. Але эфект ад гэтага часовы.

Дадатковыя фінансы ў сельскім выканкаме зарабляюць дзякуючы правядзенню аўкцыёнаў па продажы зямлі. На гэтыя грошы закупаюць яды, а таксама аплачваюць працу «знішчальнікаў». Сродкі выкарыстоўваюцца для таго, каб у цэлым навесці парадак на зямлі. У прыватнасці, на могілках. Іх на тэрыторыі сельсавета 15, плюс добраўпарадкоўваюць яшчэ каля 30 — у вёсках суседніх сельсаветаў. Дарэчы, дрэвы не ўтылізуюць, а выкарыстоўваюць для ўласных патрэб: ацяплення, добраўпарадкавання...

Наогул, прадпрыемства па аказанні паслуг стараецца актыўна зарабляць. У прыватнасці, у крэдыт купілі лінію дрэваапрацоўкі. У ліку іншага вырабляюць пелеты, так званыя «еўрадровы» ў скрынках. А яшчэ не толькі ў Варонаўскім сельсавеце, але і іншых, косяць траву, зімой у Варонах чысцяць снег. Аказваюць насельніцтву транспартныя і іншыя паслугі.

У тэму

Паводле інфармацыі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у мінулым годзе праводзіліся работы па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці баршчэўніку Сасноўскага больш чым на 1755,6 гектара. І паўторна выдалялі баршчэўнік на 900 га. Да 1 ліпеня неабходна правесці работы на плошчы больш за 2125,3 га.

З бюджэту Віцебскай вобласці прадугледжана выдзяленне 310 тысяч рублёў для адпаведнай работы на тэрыторыі 12 раёнаў і горада Віцебска. Фінансаванне будзе ажыццяўляцца таксама і за кошт раённых бюджэтаў (24,6 тыс. руб.), бюджэтаў сельскіх выканаўчых камітэтаў (34,4 тыс. руб.) і ўласных сродкаў землекарыстальнікаў (235, 3 тыс. руб.).

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Адзін на адзін?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.