Вы тут

Ці пераможны баршчэўнік Сасноўскага?


У сярэдзіне мінулага стагоддзя, калі баршчэўнік Сасноўскага завозілі ў краіну ў якасці кармавой культуры, ніхто нават не здагадваўся, што гэтая чужародная расліна, вырваўшыся на свабоду са спецыяльных плантацый, пяройдзе ў наступленне, будзе падаўляць усе іншыя культуры і ператворыцца ў самае сапраўднае экалагічнае бедства. Дзякуючы сваёй уласцівасці выдзяляць атрутны сок, баршчэўнік пагражае не толькі экасістэмам, але і здароўю людзей. Карацей кажучы, расліна, якая яшчэ гадоў 40 таму была рэдкай, стала самым небяспечным інвазійным (заносным) відам для экасістэм шэрагу краін. У пачатку ХХІ стагоддзя Беларусь таксама мусіла ўступіць у самую сапраўдную вайну з ім...


Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Нагадаем, што баршчэўнік утрымлівае вялікую групу біялагічна актыўных рэчываў (фуракумарынаў, эфірнага алею і інш.). Сок расліны з-за фуракумарынаў пад уздзеяннем святла (асабліва ўльтрафіялетавай часткі яго спектра) пры пападанні на скуру чалавека не толькі ўзмацняе яе пігментацыю, але і прыводзіць да сур'ёзных апёкаў. У фуракумарынаў ёсць здольнасць да так званай фотасенсібілізацыі, гэта значыць моцнага павышэння адчувальнасці арганізма да святла. Таму найбольш небяспечныя апёкі можна атрымаць у спякотную пару года.

Нават калі кантакт з сокам ці раслінай адбыўся ў цёмны час сутак, дык пры апраменьванні скуры натуральным святлом на наступны дзень праяўляюцца тыя ж клінічныя сімптомы. У вячэрні ці начны час, рухаючыся праз зараснік баршчэўніку, можна не заўважыць, як сок з выпадкова пашкоджанага сцябла ці лісця трапіць на скуру, аднак потым гэта ўсё адно выкліча непрыемныя сімптомы.

Варта таксама нагадаць, што калі вы апякліся баршчэўнікам, неабходна адразу звяртацца ў найбліжэйшую медустанову. Трэба памятаць, што пры кантакце, напрыклад, з крапівой апёк адчуваецца адразу. А з гэтай шкоднай раслінай усё крыху інакш: напачатку чалавек нічога не адчувае, але праз некалькі гадзін узнікае моцны боль, на целе з'яўляецца пачырваненне, а затым вялікія пухіры. Яны моцна свярбяць, а загойваюцца вельмі марудна — на працягу дзесяці дзён і больш. На скуры пасля іх могуць застацца даволі вялікія рубцы.

Цвіце баршчэўнік велізарнымі белымі «парасончыкамі», якія і прыцягваюць да яго ўвагу цікаўных, у тым ліку і дзяцей. Адбываецца гэта з чэрвеня да жніўня. Пладаносіць ён з ліпеня да верасня, а распаўсюджваецца найперш на ўзбочынах дарог, рэчышчаў, вакол закінутых фермаў і населеных пунктаў. Вельмі небяспечна дапусціць, каб расліна трапіла ў лясныя ўгоддзі. Калі гэта адбудзецца, «выцягнуць» баршчэўнік адтуль будзе немагчыма. Увогуле, ёсць некалькі стадый укаранення агрэсіўнай расліны: занос, скажам, на ўзбочыну дарогі, затым утварэнне суцэльнага зарасніку, пад якім гіне ўсё жывое, і трэцяя стадыя — пранікненне ў натуральныя комплексы. Напачатку на перыферыі, а затым паўсюль адбываецца суцэльнае выцясненне абарыгенных відаў і ўтварэнне гіганцкага зарасніку на плошчы ў дзясяткі і сотні гектараў. У залежнасці ад канкрэтных умоў папуляцыя можа прасунуцца за год на адлегласць ад некалькіх кіламетраў да некалькіх дзясяткаў кіламетраў.

Сярэдні рост папуляцыі за год складае ад 25 да 30 працэнтаў. Іншымі словамі, калі не знішчаць расліну, распаўсюджванне баршчэўніку за гэты тэрмін павялічыцца на трэць. Адна расліна за год дае больш за 10 тысяч штук насення. Калі баршчэўнікам занятая вялікая тэрыторыя, за год насення атрымліваецца больш, чым насельніцтва Беларусі. Раней спрабавалі розныя спосабы барацьбы з навалай. Гэта і ўзворванне, і кропкавае выкопванне. Быў час, калі ў Расіі для знішчэння баршчэўніку выкарыстоўвалі нават... танкі. Такое было ў сярэдзіне 2000-х гадоў пад Санкт-Пецярбургам. Здавалася, што цяжкая бранятэхніка сваімі гусеніцамі здолее «прыдушыць» агрэсара... Тады спецыялісты давалі ацэнкі: для вынішчэння аднаго гектара баршчэўніку патрэбна 600—1000 еўра. У Латвіі, напрыклад, штогод на гэтыя мэты выдаткоўвалася каля 20 мільёнаў еўра, прычым, без асаблівага поспеху. У прылеглых да Беларусі абласцях Расійскай Федэрацыі штогод — па некалькі мільярдаў рублёў. Зараз, улічваючы шматгадовую практыку прымянення розных метадаў барацьбы з гэтай раслінай, самым эфектыўным лічыцца хімічны. Хоць бываюць сітуацыі, калі яго выкарыстоўваць нельга — на ахоўных тэрыторыях, у водаахоўных зонах, на тэрыторыі населеных пунктаў.

Што датычыцца жывёлы, дык яна, у адрозненне ад чалавека, абаронена ад апёкаў баршчэўніку. Аднак калі тыя ж каровы будуць ужываць расліну ў ежу, гэта прывядзе да пагаршэння якасці малака. У яго можа з'явіцца спецыфічны горкі смак. Па некаторых ранейшых даследаваннях навукоўцаў з краін Балтыі, уключэнне ў рацыён баршчэўніку прыводзіць да бясплоднасці рагуль. А вось на Захадзе распаўсюджана іншая эфектыўная мера як альтэрнатыва вышэйназваным спосабам барацьбы з раслінай — гэта выкарыстанне баршчэўніку для кармлення коз і авечак. Статак жывёл запускаецца на агароджаны ўчастак, дзе і знішчае навалу. Дарэчы, менавіта дзякуючы дзікім козам баршчэўнік Сасноўскага не атрымлівае такога распаўсюджвання на сваёй радзіме — Каўказе. Праўда, застаецца пытанне якасці прадукцыі ад тых коз і авечак...

У нашай краіне мэтанакіраваную і планавую барацьбу з баршчэўнікам пачалі са стварэння дзяржаўнага кадастру расліннага свету, калі з'явілася магчымасць дакладна і адназначна даведацца пра сітуацыю ў кожным раёне Беларусі. Такая работа дагэтуль нідзе не праводзілася, таму яна адразу стала прыкладам пераймання для Расіі, Украіны, Балгарыі, краін Балтыі.

У рамках стварэння кадастру праводзіўся суцэльны параённы ўлік. Калі ўбачылі ўсю сур'ёзнасць праблемы (на шчасце, у Беларусі не было значных ачагоў паражэння, як у навакольных краінах), па ініцыятыве Міністэрства прыродных рэсурсаў было прынята рашэнне аб рэалізацыі нацыянальнага плана барацьбы з баршчэўнікам Сасноўскага. Такім чынам услед за Расіяй, Украінай, Польшчай і іншымі краінамі гэтая праблема была ўзнята на дзяржаўны ўзровень.

Баршчэўнік уступае ў рэпрадукцыйную стадыю на другі-чацвёрты год, але пры штогадовай падрэзцы (да цвіцення) расце на адным месцы да 8—12 гадоў. У расліны магутнае сцябло (вышынёй 1,5—2,5 метра, з дыяметрам каля кораня чатыры-шэсць сантыметраў). Дыяметр лісця можа дасягаць 40—50 сантыметраў. Насенне пакрыта шчыльнай лупінай. Пасля цвіцення і плоданашэння расліна адмірае. На ўчастках, дзе спрабуюць вывесці гэтага агрэсара, трэба праводзіць глыбокае ўзворванне. Пры гэтым мець на ўвазе, што насенне, якое праляжала ў глебе ў набрынялым стане год-два, здольнае прарастаць і потым даваць усходы.

Баршчэўнік Сасноўскага — расліна мароза- і холадаўстойлівая. Пад снегам вытрымлівае маразы да мінус 40—50 °С. Патрабавальная да вільгаці, глебы «выбірае» пладародныя: лёгка- і сярэднесугліністыя, супясчаныя. На бедных і кіслых расце вельмі дрэнна.

Сяргей РАСОЛЬКА

Загаловак у газеце: Даць адпор «агрэсару»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».