20 Жнівень, панядзелак

Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Нечаканая сустрэча

Родны брат майго дзеда Мікалай Ніканоравіч Мішчук жыў, дзякуй богу, і доўга, і плённа, у свой час — паваяваў, шмат чаго расказваў.

Значыць, студзень 1945-га. Цяжкія баі ў раёне польскага горада Лодзь. Стралковаму ўзводу трэба як найхутчэй дабрацца да перадавой. «Іншага выйсця няма, — сказаў камандзір узвода, — будзем звяртацца да мясцовых людзей, прасіць коней».

Для гэтага ў недалёкае мястэчка накіроўваюць двух байцоў, у тым ліку — радавога Мішчука, строга папярэджваюць, каб, нягледзячы на ўмовы ваеннага часу, усё было законна.
А далей — са слоў дзеда:

— У крайнія хаты я не пайшоў — не выклікалі яны даверу, — успамінаў ён. — Выбраў сялібу трохі наводшыбе, з гаспадарчымі пабудовамі. Перад хатай там яшчэ сад быў. Значыць, ёсць і сапраўдны гаспадар?.. Так што пакінуў я на варце свайго напарніка, а сам падаўся ўглыб сядзібы. Зброю трымаў напагатове, бо ці мала што... Кожны шоргат чуў. І раптам — не паспеў да ганка дайсці — голас над вухам: «Мішчук?! Халера ясна... То ты?!»

Стрэлу, як расказваў дзядуля, ён спалохаўся б менш, чым уласнага прозвішча. Адкуль яно «ўзялося»?

Ды проста гаспадаром сядзібы аказаўся аднапалчанін, з якім Мікалай Ніканоравіч служыў тэрміновую службу ў Войску Польскім яшчэ на пачатку 30-х, паколькі Заходняя Беларусь знаходзілася тады ў межах Польшчы.

Радасць ад сустрэчы была невыказнай! Але ж байцам час быў выконваць баявое заданне.

Польскі таварыш ім, вядома ж, дапамог — даў пару коней, запрэжаных у доўгі воз, а ў якасці вазніцы ды праважатага — яшчэ і сына-падлетка. Сказаў на развітанне: «Хлопец — пад тваю адказнасць, Мікола... А на зваротным шляху глядзі — хаты маёй не мінай. Ведаеш цяпер, дзе жыву... Я чакаць буду».

Аднак гэтай, чаканай, сустрэчы, на жаль, не адбылося. Праз пару тыдняў у баях за Познань кулямётчык Мікалай Ніканоравіч Мішчук быў цяжка паранены. Чатыры асколкі ад мінамётнай міны ён пранасіў у правым плячы ўсё сваё астатняе жыццё. А пражыў, дзякуй богу, 92 гады і выгадаваў з жонкай васьмярых дзяцей.

Генадзь Мішчук, в. Вотчына, Маларыцкі раён


«Дзярэць? Хай дзярэць!»

Нічога ў тым дзіўнага: адзін мужык у прымы прыйшоў. І жыў там ціха, спакойна, ва ўсім патураў сваёй жонцы. Гэта значыць, тупаў па гаспадарцы, даглядаў скаціну, вялікі сад, агарод. Можа, так і памёр бы — не ўвайшоў у гісторыю, калі б не здарыўся з ім адзін цікавы выпадак.

Аднойчы летнім надвячоркам сядзеў ён на кухні каля прачыненага акна — разам з жонкай вячэралі.

— Дзядзька, а дзядзька, там, за токам, каршун вашу курыцу дзярэць! — пачулася раптам з вуліцы.

— Ну, і што ж ты сядзіш?! — тут жа ўспыхнула жонка. — Ляці хутчэй! А то, бач, каршун курыцу дзярэць, а табе хоць бы хны...

Апошніх слоў прымака ўжо не чуў. Ён борздзенька падхапіўся з лаўкі, выскачыў на дварышча, падабраў на хаду даўгаватую палку і подбегам панёсся за ток ратаваць нясушку.

— Кыш! Кыш! Я табе пакажу! — абяцаў каршуну прымака, абмінаючы ток і ўсё глыбей заходзячы ў сад, месцамі зарослы маліннікам, аж пакуль...

Чарговы раз адхінуўшы зараслі, ён спыніўся нібы здранцвелы: за некалькі метраў, на невялікай прагалінцы, двое, мужчына і жанчына (пра іншае тады не чуваць было) займаліся... любошчамі. Па тэлевізары ды ў кіно нічога падобнага тады не паказвалі, у кніжках пра гэта прымака не чытаў, а таму начыста забыўся і пра курыцу, і пра каршуна, і пра ўсё на свеце... Яму нават голас быў — жаночы: маўляў, пастой, мужык, пачакай, будзе і табе...

У адказ на гэтыя словы прымакова сэрца ўзрушана забілася, магутная хваля крыві ўдарыла ў скроні, юр закружыў галаву. Здалося, што гэтая маладзіца вось-вось апынецца ў ягоных абдымках, вырве з абрыдлай будзённасці. Ды...

З нябёс на зямлю яго вярнула звычайнае:

— Мікола! Мікола! Ты дзе? — крычала жонка. — Ідзі дамоў!

Што яму заставалася?

Асцярожна пераступіў з нагі на нагу, захінуў маліннік і ціха паплёўся дахаты.

— Ну што, быў каршун? — сустрэўшы яго на дварэ, папыталася гаспадыня.

— Быў.

— Прагнаў?

— Не, не прагнаў.

— Як не прагнаў?! Ён што — так і дзярэць?!

— Дзярэць!

— Мне самой яго ісці праганяць?!

— Не, не трэба. Дзярэць — хай дзярэць! — махнуў рукою прымака і пайшоў даядаць вячэру.

Ігар Пракаповіч, г. Паставы


Нянька і лялькі

Мае меншыя сястрычкі з'явіліся на свет у сярэдзіне мінулага стагоддзя. Зіма ў той год выдалася рэдкая — не столькі марозная, колькі вельмі снежная. Факт, што ў лютаўскі позні вечар дабрацца да дактароў немагчыма было: толькі да Сымоніхі — бабкі-павітухі.

Яна, маленькая, згорбленая, жыла ў іншым канцы вёскі і сама тыя гурбы ніяк бы не адолела, таму бацька прынёс яе на руках. Паспеў галоўнае: прыняла павітуха адно дзіцятка, сказала, што будзе другое. І сапраўды, на свет з'явілася яшчэ адна дзяўчынка, праўда, было гэта пасля дванаццатай ночы. Таму днём нараджэння адной тата запісаў 8 лютага, а другой — 9-га. Вось такія атрымаліся сёстры-двайняты — першыя на ўсю ваколіцу.

Па вечарах мама з бабуляй Франяй купалі маленькіх, клалі іх у ложачак, які бацька сам зрабіў для сястрычак, гушкалі, спявалі калыханку, абавязкова цалавалі.

Я за ўсім назірала, усё запамінала і аднойчы, як толькі дарослыя выйшлі з пакоя, таксама захацела пацалаваць сястрычак — учапілася рукамі за край люлькі, пацягнулася да тварыка і...

Ложак — ножкамі дагары, сястрычкі, іх падушкі-коўдрачкі — усё гэта з крыкам на мяне... І «накрыла».

Во дзе жаху было! Шчасце яшчэ — што без наступстваў...

Але ж хутка прамінуў год, пайшоў другі. Маме трэба было гаспадарку глядзець. Тата дапамагаў людзям хаты будаваць. Мы з бабай Франяй заставаліся за нянек. Я ўжо навучылася супакойваць малых, забаўляць, расказваць казкі, гартаць перад імі кніжкі.

Сярод іх былі такія цікавыя...

У той дзень сястрычкі паелі кашы, папілі малачка, што стаяла ў шафцы, паглядзелі, што там яшчэ ёсць. Дасталі макарону (гэта я потым убачыла, калі кніжку закрыла), рассыпалі па падлозе фасолю. Адна з сястрычак знайшла бутэлечку. Выцягнула з рыльца газетны корак, пакаштавала, што там, перадала сястрычцы. Тая таксама прылажылася. Абедзве расчырванеліся і чамусьці адразу паснулі.

— Ну як вы? — спытала бабуля, вярнуўшыся ў хату.

— Добра, — пахвалілася я. — Дзяўчаткі спяць.

— Нешта ж рана?

А тут і мама ў хату — дожджык набег, прагнаў з гарода.

— Дзе малыя? — пытаецца ў мяне.

— Спяць, — кажу.

Мама носам павяла — і да іх.

Высветлілася, што ў бутэлечцы быў... самагон, які застаўся ад апошніх кампрэсаў.

Мама з бабуляй тут жа сталі будзіць сястрычак, паіць іх свянцонай вадзіцай, чытаць малітвы, каб яны хаця ачунялі.

...Няма ўжо на гэтым свеце ні бабулі нашай, ні бацькоў, але сёстры, калі збіраемся разам, часам просяць:

— Ну, раскажы, як ты нас няньчыла, чым паіла?

Што рабіць — расказваю. І не толькі гэта.

Лілія Скіндзер, г. Івацэвічы


Вясельны падарунак для жонкі

...Іншага чалавека хлебам не кармі — пусці на рыбу, а потым дай расказаць (ды яшчэ і паказаць), што ён злавіў, колькі штук і якіх памераў.

Рыбнагляд на гэта глядзеў інакш. Некалі, помню, застукаюць чалавека на месцы злачынства — дваццацьпятку штрафу дадуць...

(Дарэчы, іх, тыя штрафы, у райвыканкаме плацілі — кожны чацвер. Ён так і называўся — «рыбны дзень», як у сталоўках. Пад дзвярыма пэўнага кабінета і чарга такая ж збіралася. Людзі аддавалі грошы, але не сказаць, каб дужа іх шкадавалі, бо ведалі, што на Дняпро яшчэ раз сплаваюць, рыбы наловяць і штраф той «адаб'юць», што называецца, — асабліва калі ў рыбінспекцыі ёсць свой чалавек, які дапаможа за пляшку-другую «выкупіць» сеці, пакуль іх не спалілі.)

Прыкладна такой была карціна ўвогуле. А зараз — яна ж у прыватнасці.

Значыць, гадоў 35 таму ў нас хлопец адзін жаніўся — заядлы рыбак. А ў іх жа, такіх, — вайна вайной (у сэнсе вяселле вяселлем), а на рэчку згойсаць — гэта святое. І сетку паставіць таксама.

Вось жаніх (дакладней — амаль суткі як муж) і сабраўся ўжо. Яго законная жонка стала ў кампанію прасіцца. Галоўнае — ён абяцаў яе ўзяць на рыбалку, як толькі ажэняцца.

Так што адступаць чалавеку не было куды: пабеглі маладыя на раку, селі там у лодку-абшыванку, выплылі на сярэдзіну: муж стаў страўліваць сетку.

Але ж нездарма кажуць, што жанчына на караблі — дабра не чакай... На лодцы, відаць, таксама: з-пад вады, як той піліп з канапель, «вынырнуў» рыбнагляд, сказаў, нібыта ў казцы: «Імем тарабарскага каралеўства вы... затрыманы».

А далей...

Парушальнікаў «пад канвоем» праводзяць да берага — пратакол пачынаюць складаць. Як прозвішча, пытаюць, дзе жывеш? Хлопец гаворыць ім. Але ж трэба высветліць, ці праўду?

Інспектары да рыбакоў, што лавілі рыбу вудамі. Тыя ў адказ: «Мы гэтую пару не ведаем... Мы не тутэйшыя...» (А самі —
з той жа вуліцы... За адным сталом учора сядзелі!)

Бакеншчык тут як тут — падплыў на сваёй маторцы. Але ж і ён паглядзеў на парушальнікаў ды кажа: «Не, апазнаць не магу».

Непадалёк яшчэ дзядуля сядзеў — проста Дняпром любаваўся: у парадным кіцелі, з ордэнам Чырвонай Зоркі... Служывыя вырашылі, што вось гэты ўжо дакладна мясцовы і ён не збрэша!

Дзед і праўда ўважліва паглядзеў на інспектараў, потым — на парушальніка, якога ведаў як аблупленага (як і бацьку ягонага — разам лес сплаўлялі, і дзеда — той некалі пчальнік трымаў), але правяральшчыкам сказаў:

— Не, хлопчыкі, не наскі гэта рыбак. І дзеўка з ім не наская.

...Трэба сказаць, што яна, гэтая дзеўка, увесь гэты час у лодцы сядзела не раўнуючы ні жывая ні мёртвая.

У яе, дзякаваць богу, ніхто нічога не пытаўся, хоць яна і чакала. А ўжо чаго не перадумала...

Ва ўсякім разе, на рыбу ніколі больш не прасілася. Зразумела, відаць, што яе справа — хіба гатаваць...

А вось муж — той, пэўна, і сёння ловіць, хоць гэта і страшнавата, бо цяпер, як казаў Петрасян, могуць і падатак налічыць «проста так», і штрафу ўляпіць «якая розніца, за што»...

Таму, хто ў нас ловіць, чым, калі і якую рыбу, мы знаць не знаем і ведаць не ведаем: са стала бяром, якая трапляецца — смажаную, вяленую. Як-ніяк на Дняпры жывём.

Соф'я Кусянкова, в. Лучын, Рагачоўскі раён

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Выбіраем школьную форму разам з вучнямі

Штогод «Беллегпрам» выпускае да навучальнага года сотні мадэляў адзення. 

Грамадства

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Як актыўная ацэнка заахвочвае да вучобы?

Гэтым летам у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў ужо другі фестываль актыўнай ацэнкі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра жніво, Мулявіна і падатковага інспектара.