Вы тут

«Высока цаню грамадзянскую пазіцыю Васіля Быкава...»


У сакавіку 2018 года азербайджанскі пісьменнік Анар (Анар Расул аглы Рзаеў) адзначыў сваё 80-годдзе. Вядомы на постсавецкай прасторы празаік, драматург, публіцыст, кінасцэнарыст, ён многія гады — пачынаючы з 1987-га — узначальвае пісьменніцкую арганізацыю Азербайджана. Аўтар 50 кніг, выдадзеных на розных мовах народаў свету. У лютым 2014 года Анар абраны старшынёю Саюза пісьменнікаў цюркамоўных дзяржаў. Наша гутарка з юбілярам, народным пісьменнікам Азербайджана — і пра яго творчасць, і пра беларуска-азербайджанскія літаратурныя стасункі.


— Вы неяк адзначалі, што творчасць павінен ацэньваць не сам пісьменнік, а хутчэй — Яго Вялікасць Час. Ці высока, наколькі вартасна ацаніў час творчасць пісьменніка Анара?

— Мне грэх скардзіцца на няўвагу да маёй працы з боку літаратурнай крытыкі і прэсы. Пра мяне шмат пісалі і пішуць, як у Азербайджане, так і ў Расіі, Турцыі. Усё гэта, як і мая праца ўвогуле, будзе ацэнена ў кантэксце Часу, і пра гэта можна будзе меркаваць толькі ў будучыні.

— Вашы кнігі перакладзены на 30 моў народаў свету. Як успрымаюцца вашы творы за мяжою?

— Магу сказаць толькі пра тыя краіны, пра якія маю звесткі. Мае кнігі мелі шырокую прэсу ў Расіі, краінах СНД, Турцыі, Венгрыі, ФРГ.

— А наколькі ўвогуле папулярная азербайджанская літаратура за межамі Азербайджана?

— З пісьменнікаў майго і наступнага пакаленняў, чые кнігі выдаюцца ў многіх замежных краінах, магу назваць Эльчына, братоў Ібрагімбекавых, Чынгіза Абдулаева, Камала Абдулу. Нашымі літаратурнымі сувязямі з шэрагам замежных краін займаецца Цэнтр па перакладзе пры Саюзе пісьменнікаў Азербайджана. Цэнтр, а таксама альманах, які пры ім выдаецца, знаёмяць чытачоў з творамі замежных пісьменнікаў і ў той жа час наладжваюць стасункі з пісьменніцкімі арганізацыямі і выдавецтвамі некаторых іншых краін з мэтай выдання кніг азербайджанскіх літаратараў. Асабліва цесныя ў гэтым плане нашы сувязі з пісьменнікамі Турцыі і Расіі. Ведаю, што і ў Беларусі пры падтрымцы Цэнтра пабачыла свет кніга вершаў Лейлы Аліевай у перакладзе на беларускую мову. А цяпер ідзе работа над перакладам анталогіі сучаснай азербайджанскай паэзіі на мову Купалы.

— Ці адчувае Саюз пісьменнікаў Азербайджана падтрымку дзяржавы ў сваёй працы?

— Несумненна. Дзяржава ўсямерна падтрымлівае Саюз пісьменнікаў Азербайджана ў справе наладжвання творчых кантактаў з замежнымі пісьменніцкімі арганізацыямі і з асобнымі пісьменнікамі ў іншых краінах. Запрашаючы мноства літаратараў на з’езды пісьменнікаў ці на юбілеі класікаў нашай нацыянальнай літаратуры, мы знаходзім фінансавую і арганізацыйную падтрымку з боку дзяржаўных органаў.

— Ці чытаеце сёння замежную літаратуру?

— Так, зразумела, чытаю. Тое, што мне даступна, — на азербайджанскай, рускай і турэцкай мовах.

— Наколькі вам відаць з Баку сучасная беларуская літаратура? Ці помніце вы, ці помніць яшчэ, на ваш погляд, азербайджанскі чытач Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Івана Шамякіна?

 — Высока цаню творчасць і грамадзянскую пазіцыю Васіля Быкава. А з Алесем Адамовічам мы разам вучыліся ў Маскве, на Вышэйшых сцэнарных курсах. Засталіся самыя цёплыя ўспаміны ад кантактавання з ім. Высока цаню яго дакументальныя кнігі.

— У савецкі час быў такі лозунг: «Дружба народаў — дружба літаратур». Ці актуальны ён цяпер? Ці можа мастацкая літаратура зблізіць народы?

— На мой погляд, толькі яна, мастацкая літаратура, як і мастацтва ўвогуле, могуць зблізіць народы, здольныя садзейнічаць таму, каб народы лепей пазналі адзін аднаго. Можа, нават гэта болей актуальна, чым у савецкія гады, калі такая «дружба народаў» афіцыйна дэкларавалася і рэгламентавалася. Сёння літаратура, як ніколі, здольная зблізіць народы. Цяпер гэты працэс можа быць болей неабходны, арганічны, натуральны і, калі хочаце, шчыры.

 — Не сакрэт, што мы жывём у век інавацый і тэхналогій. Як ставіцеся да таго, што моладзь усё меней наведвае бібліятэкі і ўсё болей звяртаецца да электроннай кнігі?

— Стаўлюся з горыччу. І адначасова ўсведамляю гэта як непазбежныя павевы нашых дзён.

— Якія, на ваш погляд, тры кнігі павінен прачытаць кожны чалавек?

— Калі паставіцца да гэтага пытання з рэлігійнага пункту гледжання, то відавочна, што гэтыя дзве самыя важныя кнігі — Біблія — са Старым і Новым і Запаветам — і Каран. Але калі аднесці пытанне да мастацкай літаратуры, то выбраць толькі тры кнігі са скарбніцы сусветнай белетрыстыкі — усё ж невырашальная задача.

— А якую кнігу вы назвалі б галоўнай для азербайджанскага народа?

— На мой, магчыма, суб’ектыўны погляд, такой кнігай з’яўляецца несмяротны эпас нашага народа «Кітабі Дзедэ Гаргуда», да якога я звяртаўся і звяртаюся ў самыя розныя часіны майго жыцця. Па матывах гэтага эпасу я напісаў аповесць і сцэнарый двухсерыйнага мастацкага фільма «Святло патухлых вогнішчаў», а таксама эсэ «Свет Дзедэ Гаргуда».

— Якая праблематыка сёння найболей актуальная, найболей папулярная ў азербайджанскіх пісьменнікаў?

— Відаць, адзінай характарыстыкі для ўсёй сучаснай літаратуры не выпрацуеш. Ёсць у сучаснай прозе творы без нейкага маральнага, духоўнага зместу, але ёсць і сапраўдныя ўзоры мастацтва Слова, у якіх маральны імператыў арганічна спалучаецца з эстэтычнымі вартасцямі. Чытачы таксама розныя: адных цікавіць голы сюжэт без усялякага маралізатарства, для другіх важнай падаецца філасофская глыбіня твора.

— Цікавіцеся крытычнымі выступленнямі ў дачыненні да вашых твораў?

— Вядома, удумлівая крытыка, калі яна нават суровая, для мяне важнейшая за ўсялякія дыфірамбы. Але не ўспрымаю злобнасць, замешаную на зайздрасці і нянавісці.

— Вы яшчэ і сцэнарыст і рэжысёр. Раскажыце пра свае самыя ўражлівыя, на ваш погляд, працы ў кінематографе?

— Наколькі яны ўражлівыя, яркія, меркаваць не мне. Па маіх сцэнарыях знята ці не пятнаццаць фільмаў, у трох з іх я выступаю і ў якасці рэжысёра-пастаноўшчыка. Фільмы «Узеір Гаджыбекаў. Акорды доўгага жыцця» і «Акно смутку» я зняў адзін, самастойна, а вось «Юбілей Дантэ» — разам са светлай памяці Гюльбеніз Азімзадэ.

— Пытанне гіпатэтычнае... Калі хтосьці з замежных пісьменнікаў прыедзе ў Азербайджан на месяцдругі ці, можа быць, на паўгода з мэтай напісаць кнігу пра Азербайджан, з чаго б вы яму параілі пачаць?

— Параіў бы гэтаму гіпатэтычнаму аўтару перш-наперш падрабязна азнаёміцца з гісторыяй нашага народа і ўнікліва падысці да самай цяжкай, самай складанай праблемы на сёння — карабахскай бяды. Усвядоміць тую трагічную рэальнасць, што 20 працэнтаў нашай этнічнай тэрыторыі акупавана суседняй дзяржавай. Здзейснена гэта было не без дапамогі трэціх сіл, у выніку мы маем мільён уцекачоў і вымушаных перасяленцаў.

Гутарыў Кастусь ЛАДУЦЬКА

Баку — Мінск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».