Вы тут

Доўгага шляху табе, караваншчык!


З Хасанам Тхазёплавым мы знаёмыя некалькі гадоў, праўда, толькі праз ліставанне. Кожнаму пісьменніку хочацца знайсці аднадумцаў па творчасці, пашыраць аўдыторыю чытачоў.


Многае мяняецца на нашай зямлі. Толькі кнігі, якія захоўваюць мудрасць стагоддзяў, забыццю не падуладны. Яны — нібы злучальныя звёны ў ланцужку пакаленняў. Гэтыя думкі гучаць у Беларусі часта — падчас міжнародных круглых сталоў з удзелам гасцей блізкага ды далёкага замежжа.

Ведаю, што Хасан Тхазёплаў на запрашэнне нашага Міністэрства інфармацыі ўзяць удзел у свяце Дня беларускага пісьменства адгукнуўся, будучы ў Нальчыку, дзе выдае шырокавядомы часопіс «Літаратурная Кабардзіна-Балкарыя». У беларусаў, кабардзінцаў і балкарцаў шмат агульнага ў гістарычным мінулым: войны не раз абпальвалі нашы землі. Таму і да міру маем прагу як да святой крыніцы, і намеры нашы чыстыя ды светлыя, як вада ў хуткай горнай рацэ. Праз кнігі і публікацыі ў часопісе Хасан Тхазёплаў набліжае беларусаў да Каўказа, да яго ўнікальнай культуры. А нам, наадварот, хочацца пазнаёміць каўказцаў са сваёй спадчынай. Публікацыі ў прэстыжным літаратурным выданні Каўказа лічу адной са сваіх лепшых творчых удач.

...Прамяністая ўсмешка Хасана Тхазёплава асвятліла патанаючы ў вячэрнім паўзмроку мінскі вакзал. Госць з Каўказа прывёз сувенір, які быў вельмі патрэбны па сцэнарыі свята-конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Меркавалася, што адзін з удзельнікаў творчага спаборніцтва будзе чытаць верш Чынгіза Айтматава «Ліст настаўніку», таму Хасану Міседавічу было прапанавана прывесці беларускаму школьніку маленькі падарунак. Але не будзь тое Хасан — ён накіраваўся ў дарогу з птушкай амаль у свой рост. Але аказалася, што на вакзале ў Маскве арол мог і не дачакацца свайго гаспадара. Хасан, маючы неадкладныя справы ў Саюзе пісьменнікаў Расіі, на некалькі гадзін пакінуў арла аднаму знаёмаму. Калі вярнуўся, вакол птушкі ўжо ішоў бойкі гандаль. Адным словам, нялёгка яму давялося «парыць з арлом». Але ў гэтым і ёсць Хасан Тхазёплаў — чалавек вялікага палёту, які, па меркаванні многіх творцаў, увасабляе ўвесь Вялікі Каўказ.

Хасан Тхазёплаў, мяркуючы па яго творчасці, нёс на сабе цяжар першапраходцы — Караваншчыка, таго, хто заўсёды ідзе паперадзе — «Я вяду караван бедуінскай сцежынай». Ён разумее, які нялёгкі гэты шлях: «Дзе сляды на пясках замятае завеяй». Шмат патрабуецца сіл, каб адужаць дарогу: «Шлях усходні цяжкі, і вярблюды стаміліся». Толькі моцны духам можа пераадолець усе перашкоды на шляху да высакароднай мэты — у гэтым упэўнены не толькі паэт, але і ўсе, хто рушыць следам за Караваншчыкам: «Але ідзём мы да жыватворнай веры святой!». З глыбокай мудрасцю паэзіі Хасана Тхазёплава беларускі чытач пазнаёміўся з вялікай цікавасцю. Яго вершы друкаваліся ў газеце «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Нёман».

Цёплыя словы ад беларускіх калег гучалі і ў адрас часопіса «Літаратурная Кабардзіна-Балкарыя», калі выданне адзначала свой 25-гадовы юбілей. Усе ведаюць пра вялікую падвіжніцкую дзейнасць яго галоўнага рэдактара па ўмацаванні пазіцый літаратараў на Каўказе. Вакол часопіса аб’яднаны лепшыя пісьменніцкія сілы, аказваецца падтрымка маладым аўтарам. Слова пісьменніка гучыць у краіне высокіх гор гучна і аўтарытэтна.

З вялікай радасцю ў Мінску была ўспрынята навіна, што прыйшла на пачатку гэтага года з Масквы: выдатны паэт з Нальчыка — у ліку лаўрэатаў Вялікай літаратурнай прэміі Расіі. Так высока ацэнена яго кніга «Шлях караваншчыка». Да таго ж сёлета вялікаму сябру беларускіх літаратараў спаўняецца 75 гадоў.

Алена СТЭЛЬМАХ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.