Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


Звычайна на падсуманне жыццёвага досведу натхняе позняя восень. Чалавек назірае, як няўхільна імкнецца да завяршэння кругабег года, і міжвольна пачынае разважаць пра свой зямны плён. Як, зрэшты, і ў літаратуры восень — традыцыйная метафара сталасці.


Аднак бывае і наадварот: азірацца назад ды збіраць у гарманічны суладны букет стракатасць пройдзеных шляхоў натхняе вясна. «Вясна, вясна! Не для мяне ты!» — услед за класікам сцвярджаюць сталыя творцы. А моладзь у гэты ж самы час натхняецца першымі сапраўднымі промнямі сонца, цешыцца пяшчотай цёплага ветру і адкрывае свае думкі і памкненні насустрач светлай будучыні. Вось і ў літаратуры вясна — традыцыйная метафара маладосці і росквіту.

Менавіта такімі кантрастамі адпаведнасці / неадпаведнасці зместу метафары звыкламу ўспрыманню і вызначаюцца сакавіцкія часопісы.

Знічкі светлых згадак

Віктар Шніп пачынае з мінуўшчыны: яго новыя балады прысвечаныя Магдалене Радзівіл, Марку Шагалу, значна бліжэйшым Янку Нёманскаму, Алесю Дудару і Міколу Аўрамчыку, побач з прозвішчам якога яшчэ зусім нядаўна не ставіўся працяжнік пасля даты нараджэння.

Працягвае тэму пераемнасці літаратурных пакаленняў Уладзімір Мазго ў цыкле апавяданняў «Знічкі вечнасці». Чытач атрымае магчымасць зазірнуць у закуліссе літаратурнага працэсу: трапіць на пасяджэнне легендаранга філфакаўскага аб’яднання «Узлёт», пакаштаваць суп, згатаваны Рыгорам Барадуліным, атрымаць своечасовую параду ад Васіля Быкава і Ларысы Геніюш, з’ездзіць у творчую камандзіроўку разам з Марыяй Захарэвіч, спяваць песні разам з Якавам Навуменкам... І, як бы гэта ні было апраўдана тэмай, мы заўважым тут не скрушнанастальгічныя ноткі, а сцішанае адчуванне шчасця далучанасці да багацця светлых згадак.

Іншыя інтанацыі ў асэнсаванні спадчыны папярэдніх пакаленняў гучаць у апавяданнях Ганада Чарказяна (пераклад на беларускую мову Кастуся Змачынскага). «Інакш мы не можам» — так дэкларацыйна-катэгарычна гучыць назва, якой знітаваныя шэсць апавяданняў. Маральныя нормы, якія падаваліся бясспрэчнымі і якія ўсё-ткі трацяць каштоўнасць у паўсядзённасці новых пакаленняў, «рэчавая ліхарадка» і лічбавыя тэхналогіі, што цалкам змяняюць лад мыслення і паводзін, — тэматычныя абсягі прапанаваных твораў.

Сцяжынамі памяці — ці то завулкамі еўрапейскіх гарадоў, ці то шырокімі вуліцамі беларускай сталіцы — крочаць паэтычныя радкі Людмілы Кебіч і Валянціны Паліканінай (пераклад з рускай Міколы Шабовіча). «Шлях да святла, да Бога, сонца», смех прыгожай дзяўчыны, творы мастацтва, першыя вясновыя промні і нязгасная надзея на ўратаванне душы — тое, чым прапаноўвае сустракаць вясновыя святы палымянская паэзія.

Музыка мінскіх вуліц

Усё часцей сюжэты твораў маладых аўтараў з гарадскіх будынкаў і брукаваных ходнікаў цягне на ідылічна-абстрагаванае зацішша лугоў, палёў, узлескаў... Вось і ўдзельнікі літаратурнага праекта «10 + 10», мэта якога — выданне зборніка апавяданняў пра Мінск (творы 10 вядомых пісьменнікаў і 10 пачаткоўцаў), заўзята насяляюць сталіцу міфічнымі істотамі і віртуальнымі паркамі з няіснымі маляўнічымі рачулкамі. Аліна Длатоўская знаёміць нас са сціплым сталічным Лесуном і лошыцкімі Лоймамі, што атручваюць жанчын, каб заняць іх месца ва ўтульным сямейным свеце, Ксенія Сырамалот ладзіць сваёй гераіні спатканне з прывідам мастака Міхася Філіповіча, а Марыя Шэбанец прызначае гарадскіх катоў спецагентамі, закліканымі выкрыць падступную змову супраць чалавецтва... Адкрытым застаецца пытанне, ці можна ўспрымаць гэтыя творы ўсур’ёз.

Творы Маргарыты Казакевіч, хаця тэматычна і блізкія згаданым вышэй, безумоўна, вылучаюцца больш глыбокім асэнсаваннем псіхалогіі чалавека. Калі ва ўдзельнікаў праекта «10 + 10» — увасобленыя юначыя фантазіі, то тут маем справу з паглыбленнем у свет чалавечых страхаў, з асэнсаваннем невырашальнай праблемы адзіноты, калі чалавек, як герой апавядання «Унутры», апынаецца ўнутры ўласнага страху, і вызваліць яго адтуль не можа ніхто.

Аўтары паэтычных нізак не шукалі натхнення ў сталічных скверах, але выключна — у самоце душы. Ганна Шакель яшчэ толькі прыслухоўваецца да сваіх мастацкіх мелодый. А вось вершы Дашы Бялькевіч гучаць не толькі пранізлівым рэхам болю, але і суладдзем рытму і слова. Мы ўбачым лірычную гераіню рознай: задумлівай, безразважнай, засмучанай. Мы пачуем шмат прызнанняў на мяжы небяспечнай спавядальнай шчырасці і сарказму... Радкі гучаць упэўнена, нягледзячы на тое, што мір з самім сабой, сваім унутраным светам, стан для паэта недасягальны. Аднак праз паэтычнае асэнсаванне ўнутранага раздраю дасягнуць творчага майстэрства цалкам магчыма.

Такі шлях паэта, які заўсёды «надземны», і калі Даша Бялькевіч піша, што вершы паэтаў — гэта аскепкі іх душ, ад якіх «проста так не абтрэсціся», то гаворка вядзецца, бясспрэчна, пра моцных паэтаў, бо многія аскепкі разлятаюцца па людскім моры, бясследна знікаючы ў забыцці.

Вылучаецца сярод астатніх верш «Па-рады-актыўнаму фону», у якім паэтка ад асабістага ўздымаецца да агульнанацыянальнага, найперш — праз мову («Мова не ўваходзіць у моду. / Мова даўно на шчыце. / І па шчацэ цячэ»). Сапраўды, сёння часта гавораць, што мова цяпер у модзе. Дык чаму ж такія скрушныя высновы? Зразумець гэта можа толькі той, хто ўсведамляе, наколькі вялікая бездань (і выправіць ужо нічога нельга) паміж сапраўднай, жывой беларускай мовай (якую мы ўжо ніколі не вывучым) і той яе формай, якая функцыянуе ў сучасным грамадстве.

Таццяна Сівец у нізцы вершаў «#краймора» выказвае, бадай, усё тое, што думалася нам у чаканні такой запозненай сёлета вясны. Галоўнай тэмай застаецца каханне (чаканне кахання, страта кахання, боль кахання), аднак у многіх радках гучыць і асэнсаванне паэтычнага паклікання. У жартаўлівай форме («Я з чаго заўгодна магу зрабіць і трагедыю, і сярэдніх памераў вершык...»), і пранізліва-скрушнай («Не знойдзеш ніяк апірышча? / Дык няхай гэта будзе боль твой!»). Аднак якія б розныя ні былі тэмы, агульным для ўсіх вершаў застаецца дыялагічнасць гучання: гераіня ўвесь час звяртаецца да некага (каханага, снегу, альтэр эга, паэзіі, радзімы, мора)... Па сутнасці, усе вершы Таццяны Сівец, сабраныя ў сакавіцкай нізцы, — чаканне адказу. Таму ў чытача ёсць выбар: чакаць адказу разам з паэткай альбо паспрабаваць знайсці яго самому.

А вось хто зусім не падумаў пра свайго чытача, дык гэта Дзмітрый Рубін. І калі «Кроплі ртуці» (назва нізкі вершаў) могуць разысціся ў вялікім моры асацыяцый і не быць такімі атрутнымі, то з аповесцю «Нараджэнне на вуліцы Морг» усё значна больш складана. На вуліцы Морг літаратура нарадзілася мёртвай, сцвярджае аўтар. Галоўны герой трапляе ў складаны віртуальны свет, дзе ўсе, хто прызначаны выконваць важную сюжэтную ролю, распавядаюць свае гісторыі. Магчыма, той, хто трапіць з аўтарам на адну літаратурна-светапоглядную хвалю, здолее ва ўсіх то празмерна натуралістычнамізантропскіх, то празмерна адцягнена-абстрактных апісаннях разгледзець аўтарскую задуму. Аднак задача гэтая будзе няпростая. Аповесць прасякнута эпізадычнымі сацыяльнымі спасылкамі на беларускую рэчаіснасць, актуальнымі разважаннямі пра стан сучаснай літаратуры, безнадзейнае змаганне асобы са светам стэрэатыпаў і агрэсіі. Аднак агульнае па-тэатральнаму феерычнае дзейства пакідае ўражанне, што гэта размова аўтара з самім сабой, і чытач яму ў прынцыпе не патрэбны.

Шматзначная недасказанасць

Тэма асэнсавання мінулага працягваецца і ў «Нёмане». У аповесці Юрыя Казлова «Белая літара» шмат усяго: і спецыфіка постсавецкай рэчаіснасці, і развагі пра няўцешныя працэсы ў развіцці літаратурнай рускай мовы, і правінцыя ва ўсёй сваёй красе, і нязбытныя пісьменніцкія мары, і жыццёвыя расчараванні сталага чалавека... Але перш за ўсё — расчараванне ў літаратурнай працы: «...літаратуры не дадзена перавярнуць свет. Ёй дадзена вырадзіцца. Шлях яе — ад глагола, што выпальвае сэрцы людзей, да комікса, што будзе забавай для атлусцелага абывацеля-спажыўца». Калі чытач, гартаючы літаратурна-мастацкія часопісы, пачуваецца натхнёным, самы час спусціцца на зямлю.

А вось Уладзімір Рабіновіч паспрабаваў «распавесці пра ўсё жыццё» ў падборцы мініяцюр з аднайменнай назвай. Трагічныя гісторыі, у якіх апісваюцца няпростыя лёсы яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны, створаныя з жыццёвай мудрасцю (якая ўрэшце перамагае бяду), нечым нагадваюць лепшыя ўзоры беларускай прозы 1920-х гадоў. Гэтыя мініяцюры лёгка ўяўляюцца ў якасці цыкла каротка-метражных фільмаў, аб’яднаных аднымі галоўнымі героямі. Аднак чытач, як вядома, заўсёды багацейшы за гледача: паміж радкоў застаецца многа непрамоўленага, што ўзмацняецца і пэўнай шматзначнай недасказанасцю.

З новым апавяданнем «Апошні сябар», якое знаёміць чытача з буднямі рэдактарскай працы, выступае гэтым разам Алег Ждан-Пушкін. Як бы ні хавалася аблічча аўтара пад маскай безаблічнага Рэдактара, чытач выдатна разумее, што дзеліцца аўтар найперш асабістым досведам. Апавяданне будзе цікава чытаць усім, хто звязаны з літаратурнай працай. Рэдактары ад душы пасмяюцца з дасціпна апісаных сустрэч і тэлефонных размоў з пісьменнікамі, а пісьменнікам спатрэбіцца добрае адчуванне гумару, каб не пакрыўдзіцца. Аднак самае парадаксальнае ў тым, што рэдактар, па вялікім рахунку, сапраўды апошні сябра пісьменніка. Магчыма, першы і адзіны неабыякавы чытач той, хто скажа праўду і дасць прафесійную параду. Вядома, спецыфічныя стасункі ў літаратурным асяроддзі — рэч не новая. Творчыя людзі вельмі ўражлівыя і датклівыя, калі справа датычыцца абмеркавання іх твораў. Надзвычай актуальным бачыцца гэтае апавяданне менавіта цяпер яшчэ і таму, што адсутнасць рэдактарскай працы з тэкстамі сёння прыводзіць да крытычнага зніжэння якасці мастацкіх кніг і часопісных публікацый. Калі аўтар перакананы ў сваёй геніяльнасці і не знойдзецца адважнага чалавека, хто б сказаў праўду, у свет выйдзе слабая бездапаможная кніга, што, у сваю чаргу, сапсуе рэпутацыю пісьменніка-пачаткоўца яшчэ да таго, як сфарміруецца яго талент. Хто б прыслухаўся да Рэдактара?

«Рэха жураўліных галасоў» пачуем мы ў вершах Генадзя Пашкова (пераклад з беларускай Міколы Шабовіча). Пісьменнік, які зусім нядаўна адзначыў 70-годдзе, азіраецца на пройдзеныя сцежкі, уваскрашаючы ў памяці забытае і незабыўнае.

Живопись осеннего пожара.

Графика заснеженных лесов,

— так дакладна перадае адценні розных пейзажаў Генадзь Пашкоў. Радзіма ў прыўкрасных пейзажах, знаёмых з маленства, птушыныя спевы, блізкія людзі — заўсёды ў канцы ўсіх дарог і ў пачатку ўсіх роздумаў паэта.

Пошукам свайго паэтычнага голасу ў літаратурным шматгалоссі вызначаецца нізка вершаў Аляксандра Рыжова. Па-вясноваму гарэзліва гучаць вершы Ганны Яцкіў, Настассі Кузьмічовай, Настассі Смілінай, Вікторыі Курбека. Каханне як увасабленне сутнасці зямнога існавання, магія пяшчотных слоў у радках паэтак дазволяць хаця б на кароткі час адчуць не хуткаплыннасць жыцця, а прыгажосць кожнай яго хвіліны, хай сабе і няўлоўнай.

 Жана КАПУСТА 

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.