Вы тут

Школьнікі прымуць удзел у Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе


52-я Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі пройдзе з 23 па 28 красавіка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.


У інтэлектуальных спаборніцтвах выступяць каля 130 старшакласнікаў, якія прадстаўляюць 22 краіны: Азербайджан, Арменію, Беларусь, Балгарыю, Венгрыю, Грузію, Ізраіль, Казахстан, Кыргызстан, Літву, Малдову, Расію, Саудаўскую Аравію, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыю, Узбекістан, Украіну, Эстонію , Харватыю. Ад Беларусі ў алімпіядзе выступяць 11 навучэнцаў, сярод якіх пяць ліцэістаў БДУ.

Юным хімікам трэба прайсці два тэарэтычных туры і адзін эксперыментальны. Школьнікам будуць прапанаваныя задачы, якія тычацца асноўных раздзелаў хіміі: неарганічнай, арганічнай, аналітычнай, фізічнай, а таксама навукі аб жывым і палімерах. У трэцім туры на працягу пяці гадзін удзельнікі будуць праводзіць хімічны эксперымент па заданнях, распрацаваных выкладчыкамі МДУ імя М.В. Ламаносава. На гэтым этапе ад школьнікаў патрабуецца прадэманстраваць навыкі працы ў хімічнай лабараторыі і ўменне рабіць хімічны аналіз. Усяго за тры туры алімпіяды ўдзельнік можа набраць максімум 230 балаў.

Таксама, у рамках інтэлектуальнага спаборніцтва адбудзецца пасяджэнне круглага стала “Дыялог з навукоўцамі”. Ён арганізуецца для кіраўнікоў каманд і настаўнікаў хіміі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Мінска.

Даведка

Міжнародная Мендзялееўская алімпіяда школьнікаў па хіміі праводзіцца штогод і з'яўляецца пераемніцай Усесаюзнай хімічнай алімпіяды, працягваючы яе нумарацыю. Сваю назву яна атрымала ў гонар вялікага рускага хіміка Д.І Мендзялеева.

З 2004 года ў Мендзялееўскай алімпіядзе, акрамя школьнікаў краін СНД і Балтыі, удзельнічаюць каманды Балгарыі, Македоніі і Румыніі, з 2012 года да яе далучыліся Венгрыя, Турцыя і Сірыя. У 2016 годзе ўпершыню ў спаборніцтвах удзельнічалі таксама каманды Ізраіля, Манголіі і Нігерыі. Рабочымі мовамі алімпіяды з'яўляюцца руская і англійская.

З 1997 года і па цяперашні час аргкамітэт алімпіяды ўзначальвае дэкан хімічнага факультэта МДУ імя М.В. Ламаносава акадэмік Расійскай акадэміі навук Валерый Лунін. У склад аргкамітэта алімпіяды ўваходзяць прафесары і выкладчыкі вядучых ВНУ, а таксама настаўнікі хіміі агульнаадукацыйных школ краін-удзельніц

Арганізатарамі 52-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Белдзяржуніверсітэт і  Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М.В. Ламаносава.

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прымаў Мендзялееўскую алімпіяду двойчы: у 1999 і 2007 гадах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Культура

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» пакінуў на сэрцы рваныя раны

Мядзведзь на сцэне, Чэхаў на мове жэстаў і самая дакладная перадача стану дэпрэсіі.

Спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Настасся Чарняўская: Трэба, каб людзі ведалі: бадмінтон — рэальны спорт

Якія задачы ставяцца перад камандай у 2019 годзе і што самае важнае ў бадмінтоне?

Грамадства

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Які ўрок лепшы: перакулены або традыцыйны?

Як зрабіць, каб у вучняў загарэліся вочы?

Грамадства

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Губернатар Гродзеншчыны - пра перспектыўныя праекты рэгіёна

Горад-спадарожнік, анкалагічны цэнтр, «вёскі будучыні»...