Вы тут

Што прапануе фэст экскурсаводаў — 2018


У гэтыя дні ў межах “Фэста экскурсаводаў” беларусы і госці нашай краіны змогуць наведаць каля 200 экскурсій. Спасцігаць сакрэты, звязаныя з гісторыяй і культурай, можна не толькі пешшу, але і на роварах, з выкарыстаннем сучасных гаджэтаў і нават… з завязанымі вачыма.


Фота: festguides.by

У гэтым годзе “Фэст экскурсаводаў” выйшаў і за межы нашай рэспублікі – турыстаў будуць чакаць у сямі  краінах. Прычым нават у Мадрыдзе і Празе яны змогуць паслухаць экскурсіі на беларускай мове. Беларускай спадчыне прысвечаны экскурсіі ў Варшаве, Празе,  Беластоку, Даўгаўпілсе.

Кансультант аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызму Рэспублікі Беларусь Марына Масташова ўпэўнена, што падчас фэсту людзі змогуць адчуць “смак экскурсійнага турызму”, звярнуць увагу на тыя каштоўнасці, якія раней не заўважалі, больш даведаюцца пра малую радзіму. Так, у вёске Судзілы Клімавіцкага раёна падрыхтавалі для гасцей багатую праграму, у якой будзе нават майстар-клас па вырабе паясоў і валёнак. Турыстаў, якім распавядуць пра малавядомыя старонкі гісторыі, звязаныя з кантрабандыстамі і шпіянажам, будуць чакаць на чыгуначнай станцыі Стоўбцы. А ў вёсцы Плябань Маладзечанскага раёна пройдзе гісторыка-літаратурная гульня “Канфедэратка – 2018, прымеркаваная да Дня памяці паўстанцаў 1863 года, пахаваных на мясцовых могілках.

Арганізатары  “Фэста экскурсаводаў” (а ён ладзіцца ўжо ў дзевяты раз) пастаянна шукаюць цікавыя падыходы і тэмы, і некаторыя  з інавацыйных экскурсій апрабоўваюцца менавіта на фэсце. Акрамя класічных праграм, сустрэч у музеях у праграме фэсту -- квэсты, падарожжы з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Так, на экскурсію “Мінск. Дапоўненая рэальнасць” трэба  захапіць з сабой айфон, каб убачыць некалькі страчаных будынкаў дзякуючы праекту Chronosphere. Удзельнікі іншай экскурсіі-квэсту, прысвечанай архітэктуры Мінска, павінны самі знайсці каштоўныя аб’екты і сфатаграфаваць. У Брэсце ў навушніках будуць слухаць аўдыёзапісы, звязаныя з гісторыяй яўрэяў. Пройдзе нават інтэлектуальная гульня,  у час якой трэба  знайсці адказы на пытанні, звязаныя з гісторыяй нашай краіны, яе помнікамі, загадкамі беларускіх гарадоў і мястэчак. Арганізатары фэсту не забыліся і пра дзяцей, запрашаюць  на цікавыя сустэчы таксама людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Зразумела, больш за ўсё пазнавальных сустрэч пройдзе ў сталіцы, але і іншыя гарады падрыхтавалі шмат цікавага. Так, Віцебск прапануе больш за 20 экскурсій, Ліда – 9, Гомель – 8.

Праграму  фэста-2018 можна знайсці на сайце festguides.by. Каб патрапіць на некаторыя з экскурсій (асабліва гэта тычыцца сталіцы), трэба загадзя зарэгістравацца.

Штогод “Фэст экскурсаводаў” робіцца намаганнямі энтузіястаў. “Наша задача абудзіць нерв цікавасці да гісторыі, да культуры, да мовы, да помнікаў”, -- лічыць каардынатар “Фэста экскурсаводаў” Павел Каралёў. Сярод людзей, якія праводзяць бясплатныя экскурсіі, і прафесіяналы, і  неатэставаныя экскурсаводы.

На жаль, да гэтага часу “Фэст экскурсаводаў” не мае  спонсару. Але арганізатары такога маштабнага праекта спадзяюцца, што знойдуцца людзі, гатовыя падтрымаць іх ініцыятыву, тым больш, што, напрыклад, бізнесменам будзе дзе размясціць сваю рэкламу – штогод наведвальнікам экскурсій раздаюць тэматычныя паштоўкі ці каляндарыкі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.