Вы тут

Дэталізацыя сэнсаў


Праз тэхнікі і светаўспрыманне розных пакаленняў айчынных графікаў.


Кажам «графіка», а маем на ўвазе розныя віды гравюрных тэхнік, такія як афорт, манатыпія, ксілаграфія, гравюра на лінолеуме, а таксама літаграфію і малюнак. З году ў год у краіне адкрываюцца студэнцкія выстаўкі маладых графікаў і ў гледачоў ёсць магчымасць ацаніць узровень творцаў і зразумець патэнцыял айчыннай графікі. Сёлета канцэпцыя ў арганізацыі крыху змянілася: у выставачнай зале «Kodex» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (вул. Сурганава 14А) адкрылася выстаўка «Маладзік і поўня», дзе прадстаўлены творы выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў кафедры графікі.


Павел Татарнікаў «Біблія», 2017 г.

Выстаўка дазваляе пазнаёміцца з разнастайнасцю графічных тэхнік праз работы сучасных беларускіх мастакоў розных пакаленняў. Увайшоўшы ў выставачную прастору, глядач адразу бачыць творы вядучых беларускіх графікаў Паўла Татарнікава і Уладзіміра Вішнеўскага. Іх вытанчаныя і глыбока філасофскія графічныя работы ўцягваюць, таму глядач адпраўляецца далей вандраваць па прасторы айчыннай графікі.

— Некалькі гадоў запар мы рабілі выстаўкі нашых студэнтаў. Калі з’явілася прапанова ад кіраўніцтва арганізаваць выстаўку ў музеі сёлета, мы вырашылі адысці ад звычайнай канцэпцыі: запрасілі паўдзельнічаць і выкладчыкаў, каб можна было ўявіць, як адбываецца развіццё і захоўваецца творчая спадчына кафедры, — распавядае Юрый Хілько, загадчык кафедры графікі Беларускай акадэміі мастацтваў. — У нас працуюць выкладчыкі 1940-х, 1950-х, 1960-х, 1970-х і 1990-х гадоў нараджэння. У нашых студэнтаў ёсць магчымасць пераймаць майстэрства вядучых графікаў краіны розных пакаленняў.

Выстаўка «Маладзік і поўня» паказвае, як удала могуць суіснаваць творы мастакоў розных пакаленняў у адной прасторы, і падкрэслівае, што прадстаўнікі беларускай графікі падтрымліваюць адзін аднаго.

— Наш выкладчыцкі састаў працуе па тых устаноўках, якія перадаліся нам ад мэтраў беларускай графікі, з тых часоў, калі кафедрай кіраваў Павел Любамудраў, пад уплывам якога сфарміраваліся такія моцныя творчыя асобы, як Уладзімір Савіч, Васіль Шаранговіч, — падкрэслівае Юрый Хілько. — Менавіта гэтыя людзі заклалі падмурак кафедры. Мы вучні адзін аднаго, таму можам улічваць у працы досвед папярэднікаў, але пры гэтым кожны вынаходзіць нешта сваё. З году ў год на абароне дыпломных работ мы знаходзім шэдэўры: часам каля іх можна падоўгу стаяць, каб зразумець, напрыклад, як можна алоўкам выканаць малюнак на двухметровым аркушы...

Асаблівасць айчыннай графікі — у яе здольнасці хутка адгукацца на актуальныя падзеі. Творцы эксперыментуюць з тэхнікамі, спрабуюць здзівіць новымі вынаходніцтвамі. З’яўляюцца новыя імёны, якія з поспехам пачынаюць прафесійны шлях, і іх прозвішчы ўсе часцей гучаць у рэспубліканскіх выставачных праектах.

— Гісторыя мастацтва паказвае, што насамрэч усе стылі, прыёмы, кірункі прыдуманыя даўно. Вядома, сёння шмат што трансфармуецца, але ж аснова застаецца тая ж. Мы не абмяжоўваем у стылістычных пошуках ні аднаго студэнта і заўсёды рады, калі яны шукаюць сябе. Калі бачым адметнасць, падтрымліваем, каб чалавек развіваўся, — адзначае Юрый Хілько. — Але ёсць праблема запатрабаванасці: маладым даводзіцца самім шукаць сабе месца работы, а гэта не проста. Час для мастакоў цяпер няпросты. Але ж на тое мы і выкладчыкі, каб падказаць і падтрымаць. Многія нашы студэнты размяркоўваюцца ў мастацкія школы: дыплом дае такую магчымасць. Некаторыя прыходзяць працаваць у акадэмію, некаторыя размяркоўваюцца ў выдавецтвы. Аднак цікавасць да нашай спецыяльнасці не губляецца. Сёлета на кансультацыю прыехала пятнаццаць чалавек, якія збіраюцца паступаць, а мы прымаем усяго шэсць...

Самі ж маладыя творцы ўпэўнены, што нічога не атрымаецца без шчырасці. Кажуць, што графіка — гэта асаблівы стан душы, лад жыцця. Адзначаюць, што пастаянны пошук сябе і аб’ектыўнай ісціны змушае мастака рухаць сусветам.

Юрый Бобыраў «Святло ў акенцах», 2016 г.

— За кожным заданнем, якое я атрымліваў падчас навучання, было нейкае адкрыццё, — расказвае аспірант Беларускай акадэміі мастацтваў Фёдар Шурмялёў. — У кафедры графікі вельмі добра сфарміраваная праграма. Нас вучылі па-рознаму падыходзіць да рэалізацыі задач, вучылі ўдзяляць увагу дэталям. Графіку трэба сапраўды любіць, толькі тады работы будуць запатрабаваныя — абыякавае стаўленне недапушчальнае. Бо графіка для мастакоў — гэта не проста мастацтва, а сэнс жыцця.

На адкрыцці выстаўкі мастакі-графікі, размаўляючы адзін з адным, падкрэслівалі, што кафедра графікі перажыла розныя перыяды, але атмасфера сяброўства і абмену досведам дапамагала не згубіць такую каштоўнасць, як стаўленне да справы.

Сёння кафедра супрацоўнічае з рознымі еўрапейскімі гарадамі. Выкладчыкі і студэнты выязджаюць за мяжу, прадстаўляюць свае творы, а разам з імі — і краіну. Едуць вучыцца графіцы і да нас.

— Да нас прыязджаюць вучыцца студэнты з Польшчы. Ёсць цікавасць да нашай культуры і жаданне паказаць сваё, — расказвае Юрый Хілько. — Вядома, у нашай графіцы ёсць падабенства з той жа польскай ці літоўскай, але пры гэтым захоўваецца адметнасць — арыентаванасць на нацыянальныя здабыткі. Сёння ў свеце ёсць тэндэнцыя на спрашчэнне графікі, але ж, мне здаецца, гэта не заўсёды добра: не варта пазбаўляцца індывідуальнасці, можна ісці наперад, захоўваючы сваю базу майстэрства класічных тэхнік. Тэхнікі лінарыту, афорту, лінаграфіі патрабуюць ад мастака аддаць крышачку душы.

Выстаўка «Маладзік і поўня» паказала, што кафедра графікі Беларускай акадэміі мастацтваў — гэта добра зладжаны механізм, які трымаецца на адданай працы творцаў, на павазе адзін да аднаго.

— Калі я пагаджаўся стаць кіраўніком кафедры, у мяне ў душы жыла трывога, — успамінае Юрый Хілько. — Перажываў за тое, што, можа, не здолею быць такім жа моцным загадчыкам, як мае папярэднікі. Але ж вакол былі сябры, і я ўдзячны ўсім калегам за дапамогу, разуменне і сумесную працу. Мы заўсёды жылі вялікай сям’ёй, таму і атрымліваецца выхоўваць сапраўдных прафесіяналаў.

Вікторыя АСКЕРА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».