Вы тут

Паўночныя матывы


З надыходам вясны чамусьці хочацца больш паўночнай свежасці — хутчэй за ўсё, да гэтага прывучыў фестываль «Паўночнае ззянне», які сёлета ўжо чацвёрты раз будзе праходзіць з 19 па 26 красавіка ў мінскім кінатэатры «Мір». У праграме — 18 стужак з 9 краін. У «Паўночным ззянні» традыцыйна ўдзельнічаюць рэжысёры з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, у мінулым годзе да спіса дадаліся Літва, Латвія і Эстонія, а сёлета да ліку краін-удзельніц — яшчэ і Фарэрскія астравы.


Кадр з фільма «Сны каля мора».

Акрамя новага ўдзельніка, «Паўночнае ззянне» можа пахваліцца і іншымі новаўвядзеннямі: на фестывалі пакажуць бонусны дакументальны фільм «Дарога» Дзмітрыя Калашнікава, спрадзюсіраваны дырэктарам фестывылю Вольгай Чайкоўскай (стужка ўжо паспела аб’ехаць 80 кінафестываляў і прайсці ў амерыканскім пракаце). Да таго ж фестываль адкрыты для новых фарматаў: сёлета такім стане Film+Talk. Застаецца нязменнай і любоў арганізатараў да індустрыяльных мерапрыемстваў, сёлета іх чакаецца каля 15 (пляцоўкі розныя — Акадэмія мастацтваў, галерэя «Арт-Беларусь», прастора EventSpace, рэстаран Ember ды нават касцёл Святога Роха!). Аўдыторыю чакаюць як традыцыйныя лекцыі пра кіно, так і пашыраныя Q&A з гасцямі форуму, музычныя канцэрты. Самая чаканая падзея — сустрэча з ганаровым госцем фестывалю, нарвежскім пісьменнікам і кінакрытыкам Эрлендам Лу (18 красавіка — у прасторы Space, 19 — у рэстаране Ember). Эрленд Лу скончыў дацкую кінаакадэмію, працуе культурным кінааглядальнікам у нарвежскім штотыднёвіку, стаў вядомым пасля выдання кнігі «Ва ўладзе жанчыны», а самая папулярная яго кніга — «Наіўна. Супер» — перакладзена больш чым на 20 моў.

Яшчэ адно цікавае мерапрыемства — лекцыя шведскага рэжысёра Каці Вік. Яна ж прадставіць на фестывалі сваю стужку «Былая жонка» (у фільме з гумарам і сур’ёзнасцю распавядаюцца тры гісторыі адносінаў, дзе сяброўка, жонка і былая жонка збяруцца разам). А падчас лекцыі Каця раскажа пра досвед працы з Рубэнам Эстлундам ды Роем Андэрсанам, якія сталі лаўрэатамі Канскага і Берлінскага фестываляў. Майстар-клас правядзе латвійскі рэжысёр Віестурс Каірыш, які працуе яшчэ як тэатральны і оперны пастаноўшчык. У Беларусі ён прадставіць кіно «Хронікі Мэлані» (гэта гістарычная драма, у якой рэжысёр паказаў 1941 год, калі Мэлані і яе сын Андрэйс едуць у цягніку ў Сібір (зразумела, не па жаданні), дзе наступныя 16 гадоў будуць змагацца за выжыванне ў сібірскай глушы) і распавядзе, як сумясціць працу рэжысёра у такіх розных сферах, як тэатральная сцэна і здымачная пляцоўка. Скончацца лекцыі выступленнем эстонскага рэжысёра Прыііта Пяясукэ, стужкі якога бралі ўзнагароды на фестывалі ў Тамперэ, а прэм’ерныя паказы адбываліся ў Карлавых Варах. У Мінск рэжысёр прывязе майстар-клас на тэму збору грошай на індзі-кіно з дапамогай краўдфандынгу.

Асаблівая асалода чакае аматараў музыкі: падчас «Паўночнана ззяння» пройдуць камерны канцэрт класічнай скандынаўскай і балтыйскай музыкі ў выкананні калектыву «Бон Ваяж» і арганны канцэрт «Вясновая песня» з нардычнай і балтыйскай музыкай ды творамі сусветнага кінематографа ў выкананні фінскай арганісткі. Што да новага фармату Film+Talk, то ў ім пройдзе паказ дацкай кінастужкі «Венера» (па сюжэце дзве жанчыны-кінематаграфісткі вырашаюць зняць кіно, заснаванае на разважаннях пра каханне ды адносіны рэальных жанчын) з дыскусіяй на тэму «фарміравання нашых жаданняў» ды месца жанчын у кінапрафесіі, у якой возьмуць удзел прадзюсар Кірстын Барфод і беларускія мастацтвазнаўцы. Яшчэ адна размова будзе прысвечаная тэме хоць і далёкай ад кінематографа, але вельмі цікавай: «Матывы скандынаўскага дызайну ў беларускай гарадской прасторы».

Цяпер пра галоўнае — кіно. Адкрыецца фестываль «Паўночнае ззянне» стужкай з Фарэрскіх астравоў «Сны каля мора», якую прадставіць сам рэжысёр. Фільм распавядае пра жыццё на ізаляваным востраве, дзе дзве дзяўчынкі знаходзяць адна ў адной сябровак ды саюзніц. Таксама гэта гісторыя барацьбы, кахання ды жадання нейкіх зрухаў у месцы, дзе ўсё падаецца застылым. Вельмі шмат стужак на фестывалі прысвечаныя жаночай тэме. Вось і дацкая стужка «Жахлівая жанчына» распавядае пра Мары, якая падаецца Расмусу каханнем усяго жыцця, а насамрэч аказваецца маніпулятарам ды дамінантам. У той жа бок рухаецца і шведская стужка «Сільвана»: Сільвана Імам — рэпер, яна штурмуе Скандынавію сваёй бескампраміснай лірыкай, становіцца голасам пакалення і з падпольнай мастачкі ператвараецца ў ікону ды атрымлівае некалькі буйных узнагарод.

Кіно з дзіўнай назвай «Рэвалюцыя конікаў» сімвалізуе традыцыйную фінскую дзіцячую забаву — там гуляюць з цацачнымі конікамі, але стужка не зусім пра гэта, а пра новы погляд на гульню дзяўчын-падлеткаў, якія заклікаюць кожнага «прыслухацца да ўнутраных цацачных конікаў». Так, сапраўды, дзяўчыны цяпер робяць рэвалюцыі, хоць часам і ўнутраныя: вось і ў стужцы «Лебедзь» наравістую 9-гадовую Сул адпраўляюць да сваякоў на лета — каб працавала ды сталела, а яна замест гэтага перажывае драму кахання. Латвійская стужка «Загадка маёй маці» прысвечаная гісторыі таленавітага матэматыка, псліхалагічна залежнага ад маці: ён быццам эмацыянальна непрыдатны да жыцця. Таму мужчына ў свае 34 гады наведвае псіхааналітыка, але невядома, ці можа той даць герою трапную параду.

Яшчэ адно літоўскае кіно «Каралеўская змена» — адна з самых таямнічых стужак фестывалю. Гэта гісторыя, якая адбываецца на Каляды ў прыватнай клініцы за горадам. Там паліцэйскі вартуе пацыента, які падазраецца ў злачынствах падчас Другой сусветнай вайны. І хоць змена вартаўніка ўжо даўно скончылася, ніхто не прыходзіць падмяніць яго. Як добры паліцэйскі, ён працягвае выконваць загад, не звяртаючы ўвагі на ўсе дзіўныя абставіны... Ёсць на «Паўночным ззянні» месца і гумару: чорная камедыя з Ісландыі «Пад дрэвам» будзе цікавая тым, хто знаёмы з незразумелымі спрэчкамі паміж суседзямі (завязанымі на цені ад дрэва), з барацьбой з ветранымі млынамі, якая ператвараецца ў сапраўдную вайну, але разам з тым у гэтай гісторыі ёсць месца і для сямейных перыпетый. Вельмі незвычайнае кіно ў праграме — літоўская стужка «Старажытны лес». Па-першае, яна будзе дэманстравацца без субцітраў (але глядач усё зразумее, бо мова жывёл не патрабуе перакладу), па-другое, кіно нетыповае — распавядае пра жывёл праз гукі лесу, па-трэцяе, аўдыторыі не даецца ніякіх тлумачэнняў, а толькі магчымасць паглядзець на свет з іншага пункту гледжання.

Што такое «Макументары»? Па-першае, гэта кінематаграфічны жанр, фэйкавае дакументальнае кіно, па-другое — назва стужкі пра акцёра і коміка, які стварае пастановачныя гісторыі для медыя ў рэжыме анлайн (зразумела, што ўсе прымаюць працу акцёра за рэальныя падзеі, хутка ён становіцца папулярны, але ці ўсё пойдзе па плане?). Стужка, дарэчы, заснаваная на рэальных падзеях. Біяграфічная драма «Том з Фінляндыі» распавядае гісторыю жыцця і творчасці мастака Тоўка Валіа Лааксанэна, які быў адным з самых уплывовых дзеячаў ХХ стагоддзя, бо зрабіў сабе імя на малюнках гомаэратычных выяў маскулінных мужчын.

Эстонскі «Канец ланцужка» пакажа гісторыю сэрвісу хуткага харчавання каля запраўкі. Вядома ж, у такіх месцах шмат таямніц, таму ў кіно глядач пазнаёміцца з гісторыямі розных людзей ды складзе карціну чалавечых партрэтаў праз погляд афіцыянткі. Дакументальная стужка «Савецкія хіпі» таксама пакажа партрэты людзей і верне ў час, калі рух хіпі захапіў тысячы маладых людзей на Захадзе, але ў той жа момант паўплываў і на жыццё іншага боку Жалезнай Заслоны, дзе аматары мастацтва стварылі ўласную сістэму людзей свету. Нарвежскі дакументальны фільм «Ззянне Паўночнага дыска» — гэта 20-гадовая культавая гісторыя групы падлеткаў, якія стварылі ўласную музычную сцэну, радыёстанцыю, серыю вечарын ды шэраг папулярных мелодый, тым самым змяніўшы сваю краіну.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.